— Не, не, не! I не гавары, мой хлопец. Я тады чуць са страху не памерла...
Раніцай каля Зязюлькавай хаты, пакуль брыгадзірка адправіць людзей на работу, усяго можна наслухацца. Асабліва ад Міхейкавага Назара. Пасля кантузіі ў яго рукі калоцяцца, а язык усё роўна легка падвешаны. I галава ў Назара светлая. Не галава, кажуць людзі, а сельсавет. Нездарма ж яго дражняць Міністрам.
Міхейкаў Міністр усё ведае і ўсё па-свойму можа растлумачыць. Гэта таму, што ён завёў моду перачытваць газеты перад тым, як пусціць іх на цыгаркі. Нават леташнія і то вачамі прабяжыць.
Вядома, што на сапраўднага міністра ён наўрад ці падобны і сваей вопраткай, і абліччам. Ходзіць Назар у салдацкай гімнасцёрцы, ужо залатанай на плячах і пад пахамі. I ў такіх жа штанах. А абутку летам і зусім не прызнае, як і мы грэшныя — не міністры. Няма чаго дарэмна боты біць, калі і так цёпла. Бот парвеш — зашываць трэба, а нагу парэжаш — сама зажыве.
Твар у нашага Міністра худы, пабіты крыху воспай, бровы — два ці тры залатыя валаскі, якія не адразу і заўважыш, затое вочы вялікія, глыбокія і разумныя. I што яшчэ, дык гэта сапраўды міністэрскі лоб. Кажуць, быццам на Назараву галаву ў салдатах шапкі не маглі падабраць. А стары Зязюлька аднойчы жартам сказаў, што калі б Міністравай шапкай мералі збожжа на працадні, дык ніхто б гора це знаў.
I вось толькі Міністр сядзе на прызбу, так і мужыкі адразу да яго падсядаюць. Цыгарку дапамогуць скруціць, а тытуню няма — акуркам надзеляць. Бабы, асабліва тыя, у якіх мужы на вайне, таксама бліжэй падыходзяць, каб пачуць, ці хутка скончыцца ліхалецце. Ну а нам з Санькам каля Міністра быццам мёдам намазана. Не толькі вушамі, а і ратамі ловім кожнае слова.
Звычайна размовы пачынаюцца з пытання старога Зязюлькі:
— Ну як там, Назар, не ўзялі яшчэ нашы Магілёў?
Спытае і рукой глухое вуха надточыць. Зязюльку Магілёў карціць больш за ўсе гарады. Да вайны яго дачка выйшла туды замуж, і там ёсць цяпер у Зязюлькі ўнукі. Непакоіцца стары, як яны пад немцам, бедныя, вось і задае амаль кожную раніцу адно і тое ж пытанне.
Міністр, седзячы на прызбе, водзіць пугаўём па пяску, малюе фронт. Ён называе розныя гарады, якія яшчэ ў немцаў: Віцебск, Оршу, Рагачоў, Жлобін, Магілёў. Пугаўё трасецца, і фронт у Міністра выходзіць, як піла.
— А дзе ж мы? — пытаюць у Міністра.— Сяло наша дзе?
Той тыцкае дубцом у пясок, і ўсе бачаць, што ад нас да фронту не так ужо і далека. Калі б я ці Санька наступіў нагой на Міністрава маляванне, то пятка была б у Рагачове, а пальцы — у нашым сяле. А дзядзькі кажуць, што пешкі трэба ісці два дні...
— Ох, і блізка ж,— палохаюцца жанчыны.— Хоць бы ўжо нашы паперлі іх.
Канечне, папруць. У гэтым Міністр так перакананы, што можа даць галаву на адсячэнне. Цяпер сіла на нашым баку, цяпер у іх кішка тонкая. Дружок Гітлера, італьянскі правіцель Мусаліні, змусалініўся, месца ў сваёй Італіі не знойдзе. Даскачацца і Гітлер.
Сядзіць Назар на прызбе, акружаны брыгадай, трасе перад носам акуркам, пакуль ім у рот не пацэліць, і разумна гэтак разважае. I чаму ж яму не разважаць, калі ўсё на свеце ён ведае? I пра землетрасенне, і пра тое, што ёсць такая краіна, дзе салдаты ходзяць не ў штанах, а ў спадніцах 2 2 Маюцца на ўвазе шатландскія стралкі.
. Усе рагочуць, не вераць, а ён даказвае, што ёсць. Ад яго мы з Санькам даведаліся, што ў Японіі горы называюць ямамі. Скажам, па-беларуску было б Фудзігара, а па-іхняму — Фудзіяма. Якіх толькі дзівосаў на свеце не бывае.
Калі з Міністравых размоў мы добра ведаем, што робіцца на франтах і наогул ва ўсім свеце, то пра ўнутранае становішча часта чуем ад Нінкі, ды і самі не сляпыя. Жыта сёлета будзе вельмі добрае, калі не паляжа ці град не паб'е. Праўда, на высокіх месцах рэдкаватае, а ў лагчынах травяністае. А ячмень свірэпка заглушыла — усё поле жоўтае.
Палавіна бульбы застанецца неакучанай. Рук у калгасе не хапае. I цягла таксама.
У другой брыгадзе, у той, што на Хутары, конь здох, а ў нашай на мінулым тыдні кабыла Слепка ажарабілася.
На сенакосе ўсім касцам будуць дарма даваць абед. Нінка казала, што сам Дзяк абяцаў — старшыня калгаса. Калі так, то і мы з Санькам пойдзем касіць.
Да старой школы навазілі калод. Кажуць, салдаты цэлы «студабекер» прыгналі, аж зямля гнулася. Цяпер там стаяць высокія козлы і чужасельскія пільшчыкі распускаюць калоды на дошкі. Адзін стаіць зверху на бервяне, а другі знізу — пад бервяном. I як яму толькі пілавінне вочы не запарушыць? Старшыня сельсавета, наш сусед дзядзька Скок, хваліўся, што ў яго пойдзе кроў з носа, але школу да восені прывядзе ў парадак.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу