Малодшыя жанчыны-вязні хадзілі мыць бялізну, і вадзілі іх на іншую працу ў горад, а старушкі й не суджаныя яшчэ, як я, дзерлі пер’е за даўгім дзеравяным сталом у пустым і амаль ледзьяным пакоі. Вясна ў вязніцу пранікала паволі. Тоўстыя муры баранілі ёй доступу да нашых камераў, і мы ўсе вельмі мерзлі. Ложак быў цвёрды, рабрысты, і посцілка, якую мне далі акрывацца, халоднай і жорсткай. Манастыр гэты меў два паверхі, на якіх былі нашыя брацця-мужчыны, і вечарамі стуль раздаваўся часам неймаверны роў надзірацеляў, з якіх асаблівым зверствам да людзей вызначаўся нейкі Зоўбэк. Вызначаўся ён і спецыяльнай нянавісцю да маёй асобы. Кляштар меў вялікія хады ў падзямелле, па якіх, казалі жанчыны, ходзяць начамі цені павешаных немак і немцаў, і таму так равуць надзірацелі й енчаць зняволеныя жанчыны, якіх за нейкі праступак, а то й без, валакуць туды ў карцар. Ночы былі даўгія, без сну. Лёс Юры й яго дзіцячы тварык неадступна ўсю ноч пры мне. А хлопчык вырас і спаважнеў. Ніколі не плакаў падчас гутаркі з намі. Усе, начальства й зняволеныя, ведалі яго й захапляліся хлопцам. Бывала, пытаецца: «Ці ты пішаш, мама?» Кажу: «Не». — «Дык што ты, мама, нельга зарываць біблійных талентаў у зямлю!» Альбо паглядае на гадзіннічак і расказвае, што мае сустрэчу з нейкай дамай, з якой трэба яму абгаварыць справы, якія датычаць нас. А вечарам павінен зрэвізітаваць польскага віцэ-консула, які быў у яго й паабяцаў яму апеку над ім і нашаю справай. І так адыходзіў, адзін у чужым горадзе й народзе.
Калі нас прывезлі ў Пісэк, дык следавацель адразу на другі дзень прачытаў нам акт абвінавачвання, на падставе якога саветы зажадалі ад Чэхаславакіі нашай выдачы. Тут я з жудасцю даведалася, што мы з мужам «ваенныя злачынцы», паводле той «красамоўнай» савецкай паперкі, амаль адказныя за ўсе падзеі вайны й яе пачатак! Гэта было нешта так несуразнае, што нельга было не засмяяцца. Цэлы час выступаючы супраць гітлерызму ўсімі сродкамі, усёй сілай свайго пяра, я спакойна глядзела на гэту хлусню, бо што ж на мяне ні чаўплі б — напісанае мною ў суровыя гады заставалася як дакумент майго дзеяння. Пасля толькі я зразумела, што падобныя метады яны стасуюць пераважна да ідэёвых людзей; да тых, хто памагаў немцам нішчыць беларусаў, яны адносіліся куды лагадней! Давяралі ім, ставілі іх у лагерох дзяржымордамі над намі, даносчыкамі. Гэта была публіка адпаведная ім па духу й метадах здзекавання над людзьмі. Абвінавачванні былі настолькі беспадстаўнымі, што мне захацелася проста абсмяяць іх, і я напісала заяву ў вобласць, выясняючы, што ўсё гэта хлусня, і калі, як заявілі чэхі, мы не мелі ніякай віны па чэшскіх законах, а самыя былі чэшскімі грамадзянамі, дык як жа й пашто выдаваць нас чужой дзяржаве? З вобласці мне адказалі, што яны не кампетэнтныя рашаць гэтую справу, падалі поўны тэкст савецкай тэлеграмы ці тэлефанаграмы аб нашай выдачы й парадзілі адклікацца ў вышэйшую інстанцыю, здаецца, у найвышэйшы суд, што я, не чакаючы, і зрабіла.
Бедны мой муж сох без перадачаў і без папяросаў, і надзоры здзекаваліся над ім, а я тым часам выясняла ў меры магчымасці справу нашага лёсу. І адказ прыйшоў. Гучаў ён больш-менш так: знача, калі мы з’яўляемся грамадзянамі ЧСР, а паводле чэшскіх законаў няма ў нас віны, нас трэба звольніць і заплаціць нам адшкадаванне за бяспраўнае зняволенне. Я гэта прачытала — вачам не веру, як усё талкова. Пераслала паперку мужу. Надзоры пачалі віншаваць нас з надыходзячай свабодай, але... Але саветы, прагныя найбольшай колькасці ахвяр, нейкім чынам змусілі чэхаў патаптаць свае законы й выдаць нас. Недзе нават камуністы чэшскія не згадзіліся бяспраўна адабраць нам грамадзянства і вось даручылі гэта маленькім Прахаціцам [173] Прахаціцы — старажытны горад на паўднёвым захадзе Чэхіі.
. Як жа было сумна расчароўвацца...
Жаль мне было сына, але жаль і мужа. На мае просьбы ўцячы на Захад ён цвердзіў адно, што ён сацыяліст і г.д., а калі ўжо не знаходзіў аргументаў, дык проста заяўляў, што амерыканцы ядуць адныя кансервы, а ён іх не любіць. Часта пасля ён сабе ўспамінаў тыя амерыканскія кансервы, калі ў Пісэку лупіў чорную бульбу ды аблізваў цвярдога селядца, якога некалі бачыць не мог. Расказваў, як аднойчы давалі яму праз кармушку селядцы для камеры, а ён ніколі іх не трымаў у руках, і яны яму вываліліся на падлогу.
Калі прыязджаў Юра й мы крыху з сабою размаўлялі, дык я ўсё пыталася, як ён есць, а ён у мяне пытаўся, як я сплю? Не прывычная я ў жыцці да выгодаў, але адно — не магу на цвёрдым спаць. Пасцель мая мусяе быць мяккая, чыстая, найлепш на сетцы, а столькі гадоў давялося мучыцца на нарах! Падушка са стружак і ніякага прасцірадла гадамі... Аб сыну я забывалася толькі тады, калі засынала, і то клапатліва й асцярожна нехта і ў сне ўводзіў мяне ў кола яго зацікаўленняў і адзіноцтва. Я адчувала амаль усю бездапаможнасць яго ў жыцці перад змяінай, найпадлейшай хітрасцю й тактыкай ворага. Можна было толькі верыць у Вышэйшую сілу й спадзявацца на Божую дапамогу. Мы былі як у пашчы льва, і я лічу цудам, што клыкі ворага не заціснуліся на нашым горле.
Читать дальше