Як маецеся Вы? Як са здароўем п. Чэся? Магу сабе ўявіць, колькі ў Вас клопатаў, як Вы запрацаваныя, бо гэта ж і праца, і дом, і сямейка. Пісала на свята Марыя. Вельмі радая з кватэры. Цяпер ім лягчэй. У нас сёлета няма зімы. За ўсю зіму пару разоў толькі бачылі снег. Дождж – часцей. Нешта незразумелае, да чаго мы не прывыклі. Людзям хочацца хоць крыху марозіку і снегу, бо слякаць надаела.
Трэці год не бачу ўнукаў і сына. Моцна непакоюся, ды і век ужо такі, што патрэбная штодня дапамога. Стараюся нейк трываць. Жыву адзінока, але без бедна. Усяго мне хапае, акрамя здароўя. Людзі мяне наведваюць, але пры мне нікога няма. У нас была некалі вялікая сям’я і род, а цяпер я адна. Войны забіраюць людзей і разганяюць іх па свеце, раздзяляючы сем’і.
Мне прапануюць выдаць яшчэ адну кніжку. Паспрабую, але на старасць гасне і натхненне. Нейкі матар’ял ужо маю. Учора быў вялікі і разумны ліст ад мілай Зоскі Верас ды здымак з яе 90-годдзя. Падзіўляю гэтую незвычайную жанчыну.
Нейк давялося мне быць у Менску. Так мне прыпала да сэрца наша сталіца! Там толькі я і ажыла. Як жывецца Ядзі і Гі? Ці Вы яшчэ не бабуся? Рада за Карнэльку. Гонар за такіх дзяцей. Як вучыцца Віктар?
Дык буду тут старацца тыя кніжкі выслаць. Крыху папраўлюся толькі. Ёсць надзея, што сёлета могуць пусціць унукаў да нас. Дай Бог!
Калі што патрэбна Марыі, дык я сказала, каб звярталася да мяне. Можа, Ваша мама прыедзе да мяне летам. Я і летась яе запрашала.
Пішэце мне. Цалую Вас усіх і абдымаю. Жадаю здаровечка.
Ваша Ларыса Геніюш .
Другі том юбілейнага двухтомніка Ларысы Геніюш складаецца з двух раздзелаў – “Проза” і “З эпісталярнай спадчыны (1943—1983)”. У празаічны раздзел увайшлі аўтабіяграфічны нарыс “Сто ранаў у сэрца”, які ў кніжных выданнях не друкаваўся, і дакументальная аповесць “Споведзь”. У эпісталярным раздзеле друкуюцца 160 лістоў паэткі да знаёмых і сяброў, большая частка з іх – упершыню. Гэта чацвёртая значная публікацыя яе надзвычай ёмістага эпісталярыю, з часткай якога чытач ужо мог пазнаёміцца ў наступных выданнях: Геніюш Л. Выбраныя творы (“Беларускі кнігазбор”, 2000), Геніюш Л. Каб вы ведалі: з эпісталярнай спадчыны 1945—1983 гг. (“Лімарыюс”, 2005), “Асоба і час: біяграфічны альманах. Выпуск 3. Ларыса Геніюш” (“Лімарыюс”, 2010).
Публікацыя прыватных лістоў заўсёды спалучаная з пэўным сумневам: што ў людскіх адносінах можна выносіць на суд чытача, а што – не. Тым большае гэты сумнеў, калі лісты належаць нейкай выбітнай асобе, чыё прыватнае жыццё паступова ператвараецца ў жыццяпіс і аб’ект для адмысловых даследаванняў. Падобныя сумневы давялося перажыць і ўкладальніку гэтага тома, які стараўся да купюравання лістоў звяртацца як мага радзей. У выпадках, калі суб’ектыўныя ацэнкі Л. Геніюш маглі некага пакрыўдзіць ці абразіць, лісты ў друк не ішлі і адпраўляліся на далейшае захоўванне.
Укладальнік выказвае асаблівую падзяку сп. Дануце Бічэль, сп. Алесю Белакозу і сп. Аляксею Пяткевічу за перададзеную імі для публікацыі вялікую колькасць лістоў. Вось што адказала Д. Бічэль укладальніку ў лісце ад 18 сакавіка 2010 г. адносна друкавання лістоў, у якіх закраналіся сямейныя адносіны Геніюшаў: “Прыватныя лісты – гэта самыя праўдзівыя сведкі часу, бо яны пасылаюцца непасрэдна ад сэрца да сэрца… З лістоў Ларысы Геніюш можна даведацца вельмі шмат таго, чаго нельга прачытаць у кнігах, у літаратурных і гістарычных даследаваннях, ва ўспамінах. Гэтыя лісты каштоўныя дэталямі, якія звычайна губляюцца ў памяці, каштоўныя эмоцыямі паэткі... Што да адносінаў Ларысы Геніюш з нявесткай Валянцінай, то яны развіваліся ў традыцыях нашага этнасу – класічна. Ларыса Антонаўна любіла сына нерастрачанай любоўю, іх жа разлучылі, калі сын быў малым хлопцам. У сваёй прыгожай нявестцы яна шукала і знаходзіла шмат недахопаў – на эмацыйным, побытавым узроўні. Але, разам з тым, яны абедзве – і свякроў, і нявестка – цешыліся з рэдкіх сустрэчаў, абдароўвалі адна адну падарункамі і павагай, мелі агульную любоў – Юрку, Валіных і Юркавых сыноў – Міхася і Алеся. Віна нявесткі перад свекрывёй была толькі ў тым, што Валя прымала свякроў па-хатняму, як свякроў, а не як вялікую паэтку і пакутніцу. Гэта неяк павінны зразумець і чытачы, і Валянціна, і нашчадкі… Калі ж у прыватных нашых размовах мы закранулі некага з пісьменнікаў, дык няхай цешацца, што на іх звярнула ўвагу вялікая паэтка! Паэтка і грамадская дзеячка, якая для ўсёй свядомай інтэлігенцыі была духоўным лідэрам, духоўнай маці, да якой прыязджалі і прыходзілі ўсе сапраўдныя, каб набрацца сілы і натхнення. Гэта было элітнае яднанне на ўзроўні, невідочным для ўсіх астатніх людзей… Чытанне лістоў – гэта акт любові, які вучыць нас любіць яшчэ мацней”.
Читать дальше