Тэксты ў двухтомніку друкуюцца ў адпаведнасці з сучасным правапісам і арфаграфіяй, з захаваннем стылёвых і лексічных асаблівасцяў мовы Л. Геніюш. У лістах паэтка нярэдка падавала толькі ініцыялы замест імёнаў і прозвішчаў, прыкладам: Рыгор Б., сябра З.П. Дзе магчыма, мы іх расшыфроўваем у квадратных дужках [ ]. Шматкроп’ем у гэткіх жа дужках […] пазначаюцца зробленыя з этычных меркаваньняў купюры. Меркаваныя даты не датаваных паэткай лістоў прастаўленыя таксама ў квадратных дужках.
Выдавецтва і ўкладальнік удзячныя за спрыянне пры падрыхтоўцы эпісталярнага раздзела дырэктару БДАМЛіМ сп. Ганне Запартыка, загадчыку аддзела рэдкіг кніг і рукапісаў ЦНБ НАН Беларусі сп. Аляксандру Стэфановічу, супрацоўніцы Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры сп. Вользе Гулевай, дырэктару Гарадзенскага музея Максіма Багдановіча сп. Алене Гайко, а таксама сп. Валянціне Трыгубовіч, сп. Вользе Іпатавай, сп. Францішцы Сокалавай, сп. Янку Запрудніку, сп. Аляксею Каўку, сп. Віталю Скалабану, сп. Сяргею Шапрану, сп. Міхасю Чарняўскаму, сп. Вячку Целешу.
Проза
Сто ранаў у сэрца (с. ). Упершыню – газ. “Голас Радзімы”, 1996, 12 снежня. Публікацыя Я. Кісялёвай. Тэкст быў напісаны Л. Геніюш па просьбе Я. Казекі для кнігі пісьменніцкіх аўтабіяграфій “Вытокі песні” (1973). Ён неаднаразова правіўся і ўзгадняўся з паэткай, але ўрэшце не трапіў у зборнік.
Споведзь (с. ). Упершыню – час. «Маладосць», 1990, №1–6. Публікацыя М. Чарняўскага. Па сведчанні публікатара, твор не меў агульнай назвы, ідэя назваць яго «Споведдзю» належала Я. Сіпакову — тагачаснаму супрацоўніку «Маладосці». Рукапіс быў перададзены аўтаркай М. Чарняўскаму ўлетку 1982 г. у Зэльве. Паводле «Споведзi» на кiнастудыi «Беларусьфiльм» рэжысёрам В. Дудзiным быў зняты мастацкi фiльм «Птушкi без гнёздаў» (1996). Ролю Л. Генiюш выканала артыстка Таццяна Кавалеўская.
Лісты
1. Кастусю Езавітаву (с. ). Друкуецца ўпершыню паводле аўтографа, які зберагаецца ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (ф. 458, воп. 1, спр. 85). Выяўлены Аляксеем Каўкам. Езавітаў Кастусь (1893–1946) – беларускі палітычны і грамадскі дзеяч, сакратар ваенных спраў у першым Урадзе БНР (1918), генерал-маёр (1920). Узначальваў галоўную ваенную ўправу Беларускай Цэнтральнай Рады (1944). У 1945 г. арыштаваны савецкімі спецслужбамі ў Нямеччыне. Памёр пасля катаванняў у менскай турме. Падарожжа, з якога я прывязла… – у траўні 1943 г. Л. Геніюш прыязджала з Прагі ў Беларусь. Weisruttenisches Archiv beim Archiv des Ministeriums des innere, Prag IV Lorettogasse 6 (ням). – Беларускі архіў у складзе Міністэрскага архіва, Прага 4, Ларэтанскі завулак, 6. Вашы пісьмы з архіва дзядзя недзе схаваў …– маецца на ўвазе Захарка Васіль (1877—1943) – палітычны дзеяч, з 1928 да 1943 г. намеснік старшыні, старшыня Рады БНР. Пасля прыезду ў Прагу ў 1937 г. Геніюшы некаторы час жылі ў яго кватэры. Ермачэнка Іван (1894—1970) – дзеяч беларускага палітычнага руху і эміграцыі. З 1940 г. – старшыня Беларускага камітэту самапомачы ў Празе. У 1941 г. пераехаў у Менск, узначаліў Беларускую народную самапомач, быў дарадчыкам генэральнага камісара Беларусі В. Кубэ. З 1948 г. – у ЗША, дзе працаваў лекарам.
2. Лорэнсу Стайнгарду (с.). Друкуецца паводле выд.: Bystrov V. Unosy Československých občanů do Sovetskeho Svazu v letech 1945-1955. – Praga, 2003. Пераклад з чэшскай мовы Ф. Сокалавай. Лорэнс Стайнгард – амбасадар ЗША у Чэхаславакіі ў першыя паваенныя гады.
3. Васілю Быкаву (с. ). Друкуецца ўпершыню паводле аўтографа з сямейнага архіва Васіля Быкава – сына пісьменніка. Івана прабіла куля…– маецца на ўвазе Іван Цярэшка, герой аповесці В. Быкава “Альпійская балада”. Карпюк Іна (1929—2009) – педагог, жонка А. Карпюка; настаўнічала ў гарадзенскай СШ №12, выкладала на кафедры педагогікі Гарадзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я. Купалы. Руневіч-Брыль не родны мне…– гаворка ідзе пра Алеся Руневіча, героя рамана Я. Брыля “Птушкі і гнёзды”. Швейк – герой рамана чэшскага пісьменніка Яраслава Гашака “Прыгоды бравага салдата Швейка падчас Другой сусветнай вайны”. Мужу “Птушкі і гнёзды” падабаюцца…– Геніюш Янка (1902–1979) — медык па адукацыі, выпускнік Карлавага універсітэта ў Празе. Сябра пражскага аддзела Беларускай народнай самапомачы. У 1948 г. разам з жонкай быў незаконна пазбаўлены чэшскага грамадзянства, вывезены ў СССР і асуджаны Вярхоўным Судом Беларусі на 25 гадоў няволі. Быў датэрмінова вызвалены (але не рэабілітаваны) і жыў разам з жонкай у бацькавай хаце ў Зэльве, на вул. Савецкай, 7. Світа Эдуард – лекар, працаваў у Зэльвенскай больніцы. Ах, “жонцы Агаце” пашкодзіла косці…– маецца на ўвазе жонка паэта Юльяна Сергіевіча, які жыў у вёсцы Ленкаўшчына Маладзечанскага раёна. Паўстоўскі Канстанцін Георгіевіч (1892—1968) – расійскі пісьменнік. Кланяйцеся ад мяне Надзеждзе Андрэеўне…– гаворка ідзе пра Быкаву Надзею (сапр. Кулагіна ; 1923—1982) – першую жонку В. Быкава. Карпюк Аляксей (1920–1992) — пісьменнік і грамадскі дзеяч, у 1978–1992 гг. узначальваў Гарадзенскае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Читать дальше