Пастараюся нешта пісаць, калі знайду, на што аперціся сваімі думкамі. Сумую яшчэ. Усё адчуваю святасць гнязда, а гэта не тое, што захапляла б юных у час кібернетыкі. Можа, яшчэ прыдумаю нейкі сінтэз з гэтых паняццяў. Ёсць справы дня і справы вечныя. Вабяць душу маю толькі апошнія.
Пра ежу таму Вам напісала, што есці – гэта цяпер для мяне самая цяжкая справа… Ратуе мяне тое, што з цеста, і тое, што салодкае. Акрамя запасаў у склепе, якія Вы бачылі, стаіць яшчэ мяшок мукі і мяшок цукру. Клапаціцца Вам пра мяне зусім няма патрэбы! Толькі ласкава пішэце мне часамі, а то – “не хлебам адзіным…”
Пісалі сын, Валя, нават – Міхась з Алесем. Я ім таксама пішу. Вельмі мілы і цікавы быў ліст ад сябра Забеля (Зыгмунта Абрамовіча). Піша: “Беларускі паляк ці польскі беларус – хто ж яго ведае! Даўно не піша мне Люда віленская” (гэта Людвіка Антонаўна). Спадзяецца прыехаць яшчэ на Беларусь, заехаць абавязкова ў Зэльву.
Даруйце, што нуджу Вас апісаннем сваіх будняў. Святамі бывае ў мяне людна, хоць круг маіх сяброў тут вельмі агранічаны, бо іначай мне нельга.
Вітайце ад мяне сваю мілую сямейку. Цалуйце ўнука (Ніна пісала, што цудоўны хлопчык!). Дзякуй Вам яшчэ раз за ўсё, за ўсё. Будзе вольная хвіліна часу – напішэце.
Заўсёды з павагаю да Вас – Ларыса Геніюш.
Дануце Бічэль
26 сакавіка 1980 г.
Добры дзень, ваўчанё маё злоснае, пакрыўджанае, дарагое!
Жыццё – гэта вайна. Ёсць у ім і раненыя, і ахвяры, з чым неабходна нам мірыцца. Падыходзіць да ўсіх зяваў жыцця належыць разумна. Не шукай у ім логікі. Будзь пераможцам, нягледзячы на балючыя страты! Усе мы бяссільныя перад яго ціскам, але ўстаяць належыць! Каюся сяння, што амаль праплакала вочы, яшчэ болей даканала сэрца, не могучы змірыцца з лёсам. Гэта не патрэбна. Прытым, Ты не адна. Вельмі Ты патрэбная не толькі дзецям. Умей быць мужнай, калі гэта трэба. Не раскісай! Не сварыся са мною! Не скідай усіх цяжкасцяў на адну Віку!
Света адвезла Максімку да мілага дзеда-лесніка і мае цяпер болей часу. Яна – лекар! З лекарам лекары заўсёды і ўсюды гавораць іначай! Абавязак – усімі сродкамі дапамагаць. Другі святы чалавечы абавязак – змірыцца з непазбежнасцю! Ад паэтаў патрабуецца мужнасць!
Што да пераезду ў Гродна, дык гэта немагчыма! Жыць засталося мала. Нешта ёсць у гэтай Геніюшаўскай хаце, што дапамагае. На ёй спыніўся пажар вайною, калі згарэла ўся Зэльва. Тут тэпаў старэнькі, босы Яначкін тата. Пахаджала яго важная мама з паноў Палубінскіх, якую ўкраў у бацькоў некалі прыгожы, малады Пётр Станіслававіч Геніуш. Бацькі яе выракліся, але лёс мяняецца, і старая Палубінская, бабця Яначкі, памерла спакойна пры гэтым зяцю.
Бацька Яначкін як толькі мяне ўбачыў, сказаў сыну: “Вось такую дзяўчыну толькі ўзяў бы!” Два разы ад яго чула: “Благаслаўляю той дзень, каі ты пераступіла парог нашай хаты!” Гэта абавязвае. Ведаю, гэта непрактычна, але практыцызм не ў маёй натуры. Гэтая асірацелая, абакрадзеная нелюдзямі хата (на іх, уміраючы, тата яе пакінуў) прыняла нас і абагрэла. Тут некалі ў асенні позні час радзіўся Юрка. Тады не было раддомаў. Я тут цяпер гаспадыня. А што начамі баюся, дык буду баяцца і ў Горадні. Не пастанавіла яшчэ, як зрабіць, але думаю так, як табе пішу.
Учора адведала мяне пляменніца Зарэцкага. Доўга сядзела ў мяне. Гутарылі, успаміналі, як некалі з Марыяй Іванаўнай, жонкай Зарэцкага, я была на Поўначы. У яе быў ці другі, ці трэці муж. Расказвала, як некалі заляцаўся да яе Янка Купала. Моцна і не без узаемнасці быў закаханы ў яе А. Дудар (са слоў пляменніцы)… Аднойчы недзе на курорце яна пазнаёмілася з нейкім “героем” і ў 72 гады выйшла ізноў замуж. Ужо развялася! Вось такога не разумею. Не этычна нейк. Вечарам учора пілі гарэлку (я – шампанскае). Гэта быў дзень нараджэння, 21 гадок, сваяка – мілага Віці. Купіла я яму гальштук.
Нядаўна прасілі мяне на вяселле. Пакуль што запрашала маці маладога. Яны абое прыйдуць запрашаць пазней. Ёй 22 гады, яму – 18! Закаханы страшна! 12 красавіка тое вяселле, а за тыдзень – у армію. Гэтак мог бы “жаніццца” і наш Валерык. Проста “ліпнуць” тут да мяне ўсе закаханыя пары, будучыя мамы. Учора смяяліся, што летам на маім панадворку будуць адныя возікі ля кветак… На вяселле я не пайду.
Адно шчанятка ўжо дзеці забралі, яно раскошнае. Зараз будзе па ўсіх. Моцна думаю пра Цябе. Ва ўсіх паэтаў танкаструнная псіхіка. Глядзі, трымайся, ваўчаня дарагое! Сэрцам адчуваю, як недзе з бяссілля плачаш. Што ж, і выплакацца часамі трэба, калі гэта аблегчыць боль. А там – што ўжо Бог дасць. Самарытанскую апеку над старымі (як жудасна…) дзеячамі перадай надзейным!
Читать дальше