Шчыра паважаны і дарагі мне заўсёды Аляксей Міхайлавіч!
Мне крыху ўжо замерзла душа ад гэтых, ужо вясняных марозаў. Ды яшчэ я пабіла моцна калена (расцяжэнне звязак). Не, не на склізкай вуліцы, а спяшаючыся ў хаце. Нейкая іронія, у выніку якой сяджу з забінтаваным каленам і ледзь не плачу са злосці. Спагадаю вельмі, што няма ў Вас зацішша ўласнага кабінету, так Вам патрэбнага для працы і роздуму.
Але, гледзячы з іншага боку, дык я з радасцю памяняла б свае “кабінеты”, дзе бывае так адзінока, горка і сумна, хоць на парачку ўнукаў ці праўнукаў, якія б выкрутасамі і шчэбетам сваім вярнулі б мяне да жыцця…
Не ведаю, як Вам дзякаваць за такую высокую ацэнку і, галоўнае, за разуменне мяне ў маіх вершах. Я з дзяцінства прасякнутая нашай беларускай народнай культурай. Гэта і нашая сям’я, і сяляне, і нейкая святасць у адносінах да працы ў полі ды ў міжлюдскіх адносінах. Пазнаўчы іншыя культуры, я болей ацаніла якраз сваю. Адарваная ад яе, я сумавала. Але я была прадуктам гэтай культуры, і чэхі, напрыклад, паважалі, любілі мяне як сваю, і даючы сваё грамадзянсва нам, ужо пасля вайны, сказалі: “Гэта гонар для нас –даць Вам грамадзянства”.
Ёсць цяпер розныя ўплывы на гэтую культуру, але я адшукваю, люблю тую – шліфаваную нялёгкім жыццём, вякамі, чыстую, вельмі чалавечую. Я была зусім малым дзецям, калі адвозілі нас у бежанства. На вакзале было многа людзей, і мне асабліва запамятавалася маладая, добрая цётка. З оспалаху, калі іх выганялі, яна амаль нічога не ўзяла з хаты, але выгарнула грушы, якія ў печ кінула сушыць. Нічога больш не маючы, яна ўсіх гэтымі грушамі частавала з такой ласкай, крыху з жалем. Я не зразумела гэтага, я, мусіць, адчула, як гэта велічна. Шмат такога я прыкмеціла ў малым сяле. Было там і паганае, але часамі было такое далікатна-добрае, бескарыснае ці бясконца смелае і альтруістычнае.
Можа, падобныя пачуцці выклікала тады і мая дабрыня маладая, калі ўсміхаліся да мяне не толькі людзі, але і дрэвы, і поле… Крупінкі толькі з гэтай культуры я змагла перадаць у сваіх вершах. Жаль – сяння часамі не пазнаю сваіх беларусаў… А часамі зноў іх адчуваю, хоць злуюся на іх! Злуюся таму, што мне зусім даволі таго, што маю, але цалую іх у душы за тое, што яны такія вось менавіта, як тая культура спрадвечная…
Хачу, аднак, Вас запэўніць, што ўсё неабходнае маю. Каб Вы пра гэта не думалі. Ведаеце што? Знайшла ў склепе “Віньяк” з 1970 г., які Вы загадалі мне захаваць да 70-ці маіх гадоў! Я захавала! Нічога нам не застаецца, як летам выпіць яго супольна!
Мая падапечная Люда ўжо ўся ў плямках. Яе прыгожага тварыку не пазнаць. Цяпер – у дэкрэце. Яе муж Саша лічыць дні, калі яго звольняць дамоў з арміі. Учора прыйшла, каб я яе навучыла пячы торт, рабіць крэм і т.п., бо надта хоча быць добрай гаспадыняй. Торт удаўся! Ледзь не выцалавала мне дзірачкі ў твары. Маці яе мужа ў больніцы. Усё туды бегае, корміць тую маладую маці. Бацькі з яе не сцешацца!
У мяне тут некалькі іх, такіх падапечных. Адна 20 лютага радзіла дзяўчынку 800 гр. Доўга ў іх не было дзяцей… Дзіця жыве. Пакрысе прыбывае. Яна дзіка любіць яго. Да мяне бягуць то яе муж, то калгаснікі-бацькі з бутэлькаю! Крычу на іх, але апраўдваюцца, што на Новы год, разам з 13-ю зарплатаю, абое дасталі на рукі 750 руб.! Замаўкаю. Без дазволу мудрага др. Караля з Баранавіч, ад яго імя, абяцаю ім яшчэ адно дзіцятка, калі ўсё будзе добра. Ён дапамог і ў гэтым выпадку. Усе перажываем за дзяўчынку, трымаем закаханую маму на духу, а яна корміць сваё шчасцяйка з піпеткі і верыць, што выгадуе маленькую.
Вельмі абураная другою маладою мамаю (не беларускаю), якая таксама нарадзіла дзяўчынку, але не хацела ёй даць грудкі, бо пасля, чаго добрага, джынсы на яе не налезуць… Вось і забываюся крыху пра свой боль.
На абед сяння зварыла крупнічак з мясам. Рана мая кума прынесла мне такую “шубу” (селядзец, буракі, морква, маянэз). Мусяла я гэтую смакату пры ёй есці. Я мужна ўсё гэта з’ела! Хваліла нават… Гэта дзеля добрага выхавання. Другая кума прыйшла ўчора з дзеткамі. Малая, якой усяго 1 г. 5 мес., гаварыла вершы. Сапраўды. Унікум! Кажуць, што пайшла па хрышчонай… Яны мне прынеслі сала, вантрабянкі і неймаверна вялікую каўбасу, бо закалолі… І так прыходзяць амаль усе. Баюся, што ніякім чынам не змагу нават на старасць дабіцца нейкай болей адпаведнай фігуры…
Горай бывае ноччу. Тады – цяжкія думы, успаміны і сполахі. Раніцаю зноў пачынаю жыць. Прахварэўшы зіму, я крыху аслабла, моцна пастарэла. Ніколі не забудуся Вашага мілага візіту і ахвоты дапамагчы мне ў гаспадарццы. Да такога ніхто не дадумаўся.
Читать дальше