Што да маёй бабусі Марфы, дык яны былі лесуны, г. зн. аховай дзяржаўнага лесу. Па скасаванні паншчыны ім дала дзяржава па 40 дзесяцін зямлі. Бралі ўдзел ў паўстанні. З нашых сваякоў там Чамяры і Шараметы. А скуль бабуся родам – не ведаю. Яна не з Крынак. З Крынак (Польшча) мой дзед Павел. Адрабляў яшчэ некалькі дзён прыгону. Быў вельмі разумны і чэсны, але зусім без асветы. Распісацца ўмеў, але каравенька.
Жаль, што “выпатрашылі” Твой апошні ліст. Ліст мастака я лепш перадам Табе ў рукі, хоць крыху баюся Твайго прыезду да нас. Ты жыві, Ты яшчэ маладая, а я? Мне ўсё роўна! Страху ніякага! Баліць толькі нізасць людзей, але чаго і чакаць ад тых, што не здольныя на чалавечнасць? А заданне сянняшняга пакалення – гэта “быць людзьмі, не толькі імі звацца”!
Кунега, кунежыць – гэта як “нега” па-расейску! Брыла – гэта кусок нечага, напрыклад, брыла лёду, брыла мёду. Такі няспраўны, нягладкі, натуральны, але большы кусок.
Буду, пэўна, зноў звяртацца да Машэрава, бо калі пачнуць сапраўды нас хаваць, дык будзе запозна. Муж гэтай настаўніцы Дабрыян працуе ў міліцыі. Зваць яго, здаецца, Сянкевіч. Толькі ён робіць уражанне саліднага і талковага працаўніка міліцыі. Ён падобнага, здаецца, не падтрымоўваў бы, хоць хто іх ведае…
Яшчэ адна прыкрасць – дэфінітыўна выключылі з медінстытута сына др. Караля. Кароль – наш сябра, і таму шкада мне гэтых хворых бацькоў…
Ад дзяцей лістоў няма. Юрка часам моцна злуецца і лаецца. Во тады ліст ідзе вельмі хутка! Пару дзён! А можа, што і сталася, можа, напаілі, адурылі хлопца, як ужо разбурвалі яго дзіцячую чыстую натуру ўжо з дзяцінства. Штучна.
Сапраўды – добра піша Вярцінскі: душу чалавечую “ахоўваць дзяржавай”. Бо ж дзяржава – гэта не “набрыдзь”! Што будзе ў свеце, калі не ленінскія і іншыя ідэі, а пачнуць правіць вось падобныя “магільшчыкі” нашых душаў? Адным словам, яшчэ раз дзякуй Табе за маю кніжку, і даруй, што пачынаецца такая цяжкая расплата за яе… Няхай Бог Табе памагае.
Напішы мне, Данусенька, ці ўсё ў цябе добра. Дрыжу за Вас усіх! Цалую Цябе.
Ларыса Геніюш.
Я тут жыву – не жыву. Калі б нешта мне зрабілі, дык выклікай Юрку. Дзе-што аддасце музею ў Менску. Л.
Дануце Бічэль
Зэльва, 11 студзеня 1980 г.
Данусенька, мілая!
Я табе напісала 9 студзеня, спадзяюся, што ліста майго Ты атрымала. Мне ўсё здаецца, што Ты перажываеш за маю кніжку. Сколькі Табе было клопатаў, работы з ею… Вельмі Цябе прашу – не бяры да сэрца. Даю Табе слова, што мяне гэта не кранае. Я не ведаю – чаму. Нейкая пераацэнка вартасцяў у мяне… Каму яна патрэбная і хто будзе яе чытаць?
8 лютага будзе год, як я тут канаю душою. Рукі кусала з болю, са страху начамі, і акрамя Цябе і Аляксея Міхайлавіча, які прыехаў, каб дапамагчы мне ў цяжкіх варунках быту, ніхто нават не папытаўся, як мне, ніхто не прыехаў, не паглядзеў, не пагаварыў з зэльвенскім начальствам, каб мне тут лягчэй было крыху… Хто будзе чытаць маю любоў да зямлі маіх продкаў?
Цяпер я, крыху акрэпшы з усіх хваробаў, нікога не жадаю бачыць! Матэрыяльна я вытрымаю. Век мой позні, і многа мне не трэба.
Што да Казько, дык ён дасканала піша, вельмі таленавіта. Рэаліст. Толькі я не магу варушыць матэрыяльнай ці духовай адчайнасці, нейкага маральнага ці фізічнага калецтва. Гэта ўжо паталогія. Акрамя бездані гэтага болю мы мелі і маім нейкую светласць. Мы былі здольныя на пратэст, на духовую перамогу і таму існуем яшчэ! Пашто паказваць людзям роспач і раны, пашто вярэдзіць ім душы, калі трэба хоць крыху сыпнуць праменняў і надзеі, і ўпэўненасці ў сабе. Трэба страсянуць і паказаць сапраўдныя вартасці, каб паставіць на ногі тых, хто захістаўся! Выпусціць карпа, каб жыў, і забіць сваё, хай можа, і нямое дзіця, патаптаць каханне сапраўды велікадушнай жанчыны... Гэта – хворая літаратура! Не час калупацца ў паталогіі, калі трэба ўздымаць багатае, шматбаковае паняцце чалавека-беларуса, якога шліфавалі вякі, і за якога не ўстыдно перад культурамі, хоць быў ён у лапцях. Дзякуючы розным панам… Патрэбныя нам жыццесцвярджальныя прыклады, сноп святла нам патрэбны, каб “паказаць такі ім свет, у якім не страшна жыць”... Я і дастаеўшчыну лічу крыху хворай. Даруй.
А я была на могілках. Было сонейка. Правялі мы с.п. сваю суседку. Наплакалася ля сваёй магілкі. 3 лютага (нядзелька) збіраемся памянуць с.п. Яначку, бо робіцца гэта заўсёды крыху раней. Жаль – не прывезлі яшчэ агароджы. Мне прыкра, што нават з Гудзевіч ніхто за цэлы год не наведаўся ў маю хату… Бог з імі. Пашто ж я тады маю думаць пра ўсіх? Яны ведалі, у якіх варунках я тут знаходжуся, і літасці не было ні ў кога!
Читать дальше