А час ішоў. Я не магу забыцца аб чэшскай мабілізацыі. Усе мы ў нашым доме супольна слухалі, як гаварыў Гітлер. Ён крычаў, злаваўся, быццам крыкам хацеў паралізаваць запалоханыя народы. Нарэшце ноччу аб’явілі аб мабілізацыі. Людзі смяяліся, кідаліся сабе ў абдымкі! Яны не плакалі, не баяліся, яны былі шчаслівыя, што могуць, маюць шчасце йсці бараніць сваю волю, сваю Радзіму. «Тэдь вімэ, на чэм йсмэ!» (ведаем, што рабіць!) — крычаў мне сусед наш з несказаным шчасцем. Мы не думалі, што вораг дасць чэхам спакойна мабілізавацца. Суседзі паадзявалі маскі, а ў нас была толькі адна, і мы з мужам пачалі тут сварыцца: ён пхаў яе мне, а я яму назад, і нарэшце мы адкінулі яе зусім. Назаўтра муж папытаўся ў мяне, што, на маю думку, яму рабіць? На маю й на яго думку трэба было вось цяпер адудзячыцца харошаму народу за асвету й за гасціннасць, і муж пайшоў і запісаўся дабравольцам. Але вайны не было, а чаму, я гэтага нават не ведаю... Як я цяпер думаю, дык Прага не ў сілах была стрымаць нямецкую ўсю напорыстую навалу, але навала гэтая была ў сілах пакінуць ад тысячагадовага горада мокрае месца... Спакойна сабе паехалі дамоў Даладзье [51] Даладзье Эдуард (1884–1970) — французскі палітычны і дзяржаўны дзеяч.
, Чэмберлен [52] Чэмберлен Нэвіл (1869–1940) — англійскі палітычны і дзяржаўны дзеяч, прэм’ер-міністр Англіі (1937–1940).
і інш., якія на так коратка адвярнулі ад сябе небяспеку. Прэзідэнт Эдуард Бэнэш пакідаў сваю Бацькаўшчыну. Усе, плачучы, слухалі ягоную апошнюю прамову. Ён прашчаўся са сваім народам, змушаны пакінуць яго. Мне так захацелася ў гэты час падзякаваць яму за ўсё, што чэхі зрабілі для нас, што я, каб муж не ведаў, напісала яму на Град падзяку ад нас, усіх беларусаў у Празе, і шчырае спагаданне з прычыны такой гістарычнай сумнай, трагічнай падзеі. Мужу пасля толькі паказала падзяку з Граду, якая, як адказ на мой ліст, надышла з Граду. Мы доўга яе перахоўвалі вайною.
У Чэхаславакіі ўтварыўся новы ўрад на чале з трагічнай асобаю Гахі [53] Гаха Эміль (1872–1945) — чэшскі палітычны дзеяч. Пасля Мюнхенскай змовы (1938) i эмiграцыi Э. Бэнэша быў выбраны прэзiдэнтам Чэхаславацкай Рэспублiкi (без Судэцкiх земляў). Падпiсаў з А. Гiтлерам дамову аб акупацыi фашыстамi Чэхii (1939) i ачольваў чэшскую цывiльную ўладу ў Пратэктараце Чэхiя i Маравiя. Арыштаваны ў 1945 г., памёр у турэмным шпiталi.
. Пасля 15 сакавіка 39-га года ў бурны, ветраны, заснежаны дзень увайшлі ў Прагу немцы. У гэтыя дні я на вуліцу не выходзіла. Мала хто плакаў цяпер, людзі кінуліся ў крамы й пачалі купляць усё — ад мыла й сала пачынаючы. У Кашпараку жыла сям’я нямецкіх камуністаў. Гэта быў рабочы й нейкі дзеяч Ота Кляўдэр, Ані, ягоная жонка, і іх дачка. Ані мне многа радзіла, памагала. Ота вадзіў Юру на спацыр, калі я мыла бялізну, і часта нам прыносіў маскоўскія газеты. Ён мне сказаў, што вайну вырашыць савецкая зброя, і гэта пасля аказалася праўдай. У іх я пазнаёмілася з многімі людзьмі. Адныя з іх — румынскія яўрэі — уцякалі з Прагі й пакінулі нам сваю кватэру. Гэта быў невялічкі пакойчык, і цераз карыдор куханька. Недарагая кватэра й для нас акурат. Яўрэі былі вельмі маладыя, і жонка была надзвычайна прыгожая. Гэта быў чацвёрты паверх, найвышэй у гэтым доме. Ніжэй пад намі жыла пані Косач-Шыманоўская, сястра Лесі Украінкі [54] Леся Украінка (сапр. Ларыса Косач-Квітка; 1871—1913) — украінская паэтка.
, і яшчэ ніжэй — сям’я Малжулаў, дзе былі дзве дачкі-студэнткі. З малодшай Лідаю мы пасябравалі.
Цяпер усё пераважна залежала ад немцаў, і праца. Беспрацоўных цяпер не было. Немцы ваявалі, а чэхі йшлі на іх месца. Арміі свае чэхі не давалі, але працоўную сілу — так. Але муж па-ранейшаму працаваў у доктара Градзіла, якога ўжо прагналі з Граду, але ён быў такі нервовы й такі няшчасны, што не мог працаваць. А можа, і не хацеў... Усе дні напралёт ён праводзіў ля радыё, слухаў заходнія дэмакрацыі.
Пасля былі апошнія лісты ад нашых бацькоў, і пачыналася вайна з Польшчай.
Да нас аднойчы завітаў незнаёмы чалавек, які назваў сябе Тыран. Дасканала гутарыў па-беларуску й прыехаў быццам з Латвіі. Меў усе выданыя тады кніжкі Максіма Танка. Мы выпрасілі ў яго толькі Танкаву фатаграфію з першай старонкі. Ён цікавіўся, што мы думаім, што збіраемся рабіць і г.д. Дзівіўся мужавай пасіўнасці, запалоханасці, але выразна нічога не гаварыў. Ён начаваў у нас у сенях, бо было цесна — было гэта яшчэ ў Кашпараку. Назаўтра, калі муж пайшоў на працу, ён папрасіў у мяне нажа, скінуў чаравік і пачаў майстраваць абцас. Калі яго разварушыў, дык у абцасе паказалася дзюрка, а ў ёй паперка на 500 зл. — яшчэ Польшча тады існавала. Ён глядзеў, як я буду рэагаваць на гэта, але я толькі папыталася: пашто яму гэта? «Хачу студыяваць у Празе», — кажа. «Ну й ну, — думаю, — гэта чалавек нядобры, і пашто ён пры мне даставаў тыя грошы, во дзіва?» Чалавек усім кватарантам паказаўся падазроным, і яны пачалі шаптацца й пытацца ў мяне: хто гэта? Я ім сказала, што нейкі будучы студэнт. Чалавек прасіў, каб я яго крыху пакінула аднаго ў хаце, пасля ён пайшоў. Муж быў на рабоце. Вечарам, яшчэ муж не вярнуўся, я клала Юрачку спаць, як раптам прыйшоў да нас малады чалавек і працягнуў мне легітымацыю, на якую я нават не глянула — так спалохалася, што падкасіліся ногі. Ён супакоіў мяне, распытаўся пра нашага начнога госця й пайшоў. Я абняла толькі Юрку й ледзь дачакалася мужа.
Читать дальше