Беларусы, за малымі выняткамі, жылі вельмі бедна. Загадкава багата жыў толькі адзін Іван Абрамавіч Ермачэнка. Быў гэта лекар, які меў багатыя апартаменты ў цэнтры Прагі і інзэраты [67] Інзэрат (польск. inserat ) — абвестка.
аб сваім кабінеце даслоўна ва ўсіх чэшскіх газетах. Гэта быў вельмі добра апрануты сярэдняга росту нехуды чалавек, які вечна ўсміхаўся, але зусім не выклікаў да сябе даверу. Жанаты ён быў з нейкай рускай з Румыніі, якая таксама скончыла медыцыну (зубніха) на беларускую стыпендыю, мелі яны дзве дачкі. Акрамя яго ніхто ні слова не гаварыў па-беларуску. Багаты гэты чалавек не меў ніякае літасці над беднымі сваімі суайчыннікамі, ён наагул, як казалі, сепараваўся ад іх, але вось цяпер пачаў браць удзел у беларускім жыцці, цікавіцца падзеямі й высоўвацца наперад. Я яго нечаму неўзлюбіла, і ён ніколі не здабыў маёй сімпатыі й майго даверу. Яго ўсе баяліся, але я, пасля таго здарэння ўдома, калі пачулася вельмі сільнай, не баялася нікога, а супраць яго пачала выступаць. Як можна выступаць ад імя народу, не маючы адкрытай душы для ўсіх нашых бедаў і інтарэсаў? Я, вясковая дзяўчына, ніяк не магла гэтага сцяміць... Інтарэсы майго народу — мая святасць, я крывёй магла заплаціць за яго лепшае заўтра, але я хачу, каб усе тут мелі чыстыя сэрцы й рукі! Я прыехала адтуль, дзе народу вельмі цяжка, і ў імя яго дабра я буду толькі працаваць і жыць. Другіх меркаванняў не ведаю, і ні з кім мне пакуль што не па дарозе. Моцна да ўсіх прыглядаюся, практыкі ў гэтым у мяне ніякай няма, але шлях свой я ведаю. Я, напрыклад, вельмі веру дзядзьку Васілю, пані Крэчэўскай, Тамашчыку, нават Русаку, ну а з Ермачэнкам — я супраць! Напрыклад, мой муж у вельмі цяжкую хвіліну, калі быў сапраўды без домны й галодны, прасіў пазычыць крыху грошай. Ён не пазычыў, але на 200 карон заручыўся за яго ў банку й вельмі баяўся, каб яны яму не прапалі. Сябру Калошы ён даў працу чорнарабочага ў сябе на віле ля Прагі й плаціў чалавеку грашы. А вось пані Крэчэўскай ці дзядзьку Васілю — старым, вартым і вельмі бедным людзям, такі багач нават не падумаў, каб дапамагчы. Зусім спакойна наглядаў іх убогасць жыцця. Былі й другія з вышэйшаю асветаю нашыя сябры, і яны сапраўды галадалі... Усё гэта ўзважыўшы, я прыйшла да пераконання, што гэта не патрыёт, і тады чаму хоча правіць у гэтай маленькай сям’і, калі за сям’ю яе не лічыць? Што за кабала й хто яго паслаў на нашую голаў і пашто? Калі яны даведаліся аб маёй тэлеграме прэзідэнту Бэнэшу, дык дзядзька разумна гэта прамаўчаў, а Ермачэнка горка зацеміў, што гэта неразумна, бо трэба йсці супраць Граду, не з Градам. Але ён не пашкодзіў мне тады, не выдаў.
Пасля ўпадку Польшчы, якой мы былі грамадзянамі, мы згубілі сваё грамадзянства зусім. Па-нямецку гэта было «штатэнлез» — знача, без грамадзянства. Гэта было не так непрыемна, як небяспечна. Кожны чужынец быў узяты пад строгі кантроль, хто змог, дык уцякалі, а куды было падзецца нам? Нявесела... Немцы са сваёй ведамай дакладнасцю загадалі ўсім арганізавацца ў свае, імі дазволеныя арганізацыі, і тады мелі іх перагляд. Беларусам дазволілі Камітэт самапомачы [68] Камітэт самапомачы… – на канферэнцыі беларускіх эмігранцкіх суполак у Данцыгу (1939) было створана Беларускае бюро даверу пры міністэрстве ўнутраных справаў Нямеччыны, пры ім — Беларускі Камітэт самапомачы. У Празе дзейнічала ягоная філія.
, беларускі, безумоўна. Арганізаваць яго было трэба самым. Нас было мала, не было ні памяшкання, ні сродкаў на гэта, было тугавата. Сабраліся ў кафэ ўсе разам. Выбралі кандыдатаў на старшыню, але мы з дзядзькам Васілём свае кандыдатуры адразу знялі, засталіся двое: Русак і Ермачэнка. Апошні палохае нас, дае пазнаць, што ён усясільны й без яго нічога нельга рабіць. Выбралі яго адным голасам болей. Людзі яго не любілі, крыху баяліся, дзядзька маўчаў. Сакратаром выбралі Бакача, мяне скарбнікам, і выкруціцца мне было нельга, дый няма пашто. Ермачэнка ўступіў пад Камітэт адзін з пакояў сваіх апартаментаў, у Камітэт наплывалі людзі. Русак аднойчы прывёў Вольфсана, гэта быў яўрэй. Вельмі хацелася яго выратаваць. Узялі нарэшце яго, сына й дачку. Гэтых дваіх мы ніколі не бачылі, але яны, як і мы, мелі легітымацыі Камітэту й так выжылі. Акрамя невялічкіх членскіх узносаў яны іншых выдаткаў не мелі. Узяць іх было небяспечна, але здрадніка сярод нас не знайшлося. Ніякай палітыкі у Камітэце мы не праводзілі, дый не маглі праводзіць. Толькі дурань можа цвердзіць, што немцы маглі дазволіць некаму нейкую палітыку. Усё зводзілася да цесных, акрэсленых рамак Самапомачы. Камітэт ніякай дзейнасці не праводзіў, а невялікую суму членскіх узносаў я проста аддавала пад распіску Бакачу, бо сапраўды ён не меў з чаго жыць.
Читать дальше