Я яму парадзіла звярнуцца ў нашае ЦК. Колькі хто туды ні звяртаўся, дык заўсёды быў, прынамсі, уважна выслуханы, і адпаведна яму альбо парадзілі, альбо дапамаглі. Я не думаю, каб беларускае ЦК і на гэты раз паставілася супраць беларускай мовы, гэта было б нелагічна. Хачу, каб і Вы са свайго боку гэта яму парадзілі, бо ён даволі ўпарты. Як чалавеку жыць, як яму працаваць у такой грызні – ведаю найлепш па сабе, таму прашу Вас каб як найхутчэй выясніць усю гэтую справу і даць чалавеку нармальна жыць, як кажуць, без інфарктаў і працаваць нармальна без страху ад беспадстаўнае напасці.
А можа, Вы абгаварылі б гэтую справу з кампетэнтнымі рэдактарамі “Звязды”? Добра было б, каб усё гэта расследаваць, але дакладна. Можа, і ў Сашы якія памылкі як у настаўніка, але яго так цэняць і вучні, і людзі, што не думаю, каб была ў чым яго віна. Проста ўсюды гіне ўсё беларускае, засталіся адзінкі, шануючыя мову бацькоў, няўжо і іх будуць выкарчоўваць? Як сумна, як жудасна! Да чаго дажылі мы, чаго дачакаліся? Няўжо і цяпер, калі ўсе людзі – быццам роўныя, ёсць яшчэ, яшчэ водзяцца “мужыцкія” і “панскія” мовы? Як давесці гэтым “курыным мазгам”, што гэта ёсць мова народу, разумееце, мова жывога, працоўнага, старога, слаўнага народу, свой голас, свой твар, свой агонь, свая ж маці!
Міколачка, ну што Вы на гэта? Няўжо Вы не прыдумаеце, як памагчы Сашы ды яго харошым дзеткам? А галоўнае – мове нашай, Радзіме нашай, так пакутнай заўсёды, так нішчанай, дзе так нядаўна быў камень на камені і магіла на магіле пасля вайны… Ну, думайце, прашу, думайце…
У нас усё па-ранейшаму. Доўга не піша Юра. Такі страх аб яго здароўі, аб хлопчыках, аб іх будучыні. Калі б зналі, якое гэта было здольнае, харошае дзіця, але ўсё светлае, усё харошае нішчыць тупая цемень і раўняе з сабой. Не магу аб гэтым, не магу… Амаль усіх “дабрадзеяў” памаленьку выжываю з хаты. Выдумваю, палохаю іх, чым магу. Стала спакайней крыху, ёсць хвіліна пачытаць, падумаць.
“Круглянскі мост” – гэта падзея! Даць такія прататыпы нашых дзён, паказаць з карэнняў сучасныя персанажы мог толькі Васіль [Быкаў]. Піша, што Брыль ці Шамякін напісалі б гэта ў іншым аспекце, яго ж гэтая тэма цікавіла найболей у аспекце маральна-этычным. Якраз сяння ўжо найвышшы час на такія аспекты! Паняцце перадавога чалавека сяння залежыць якраз абсалютна ад яго маральна-этычных вартасцяў. Ад гэтага залежыць і мір, і далейшае сужыццё народаў у наш лёгказнішчальны атамны век. Як Вы думаеце?
Разумныя, прадуманыя законы, прытым законы роўныя для ўсіх – вось што можа быць ратункам сяння і для нас, і для людскасці. Без прыгнятання, без насілля, без эксплуатацыі людзей, адзінак і народаў. Іначай пагінем усе, як рудыя мышы, калі пачнем даказваць зброяй, хто сільнейшы, хто лепшы ці каму належыць першынства. Усё гэта дурасці ў параўнанні з існаваннем людзей і зямлі. Думаю аб гэтым, бо адчуваю будучае жыццё маіх унукаў. Баюся за заўтрашні дзень зямлі…
Вітайце сяброў, пішэце мне, бывайце!
Ваша Ларыса Геніюш .
Зосьцы Верас
Зэльва, 29 сакавіка 1969 г.
Даражэнькія!
Ужо трэці дзень, як муж у Гродне, у камандзіроўцы. Адпачываю, чытаю. Таму вось і пішу Вам адразу, бо непакоілася, чаму доўга ад Вас не было ліста. А ў Вас ужо вясна – сееце памідоры. Я не сею, бо ў нас няма сонца ў кватэры, і яны – як нітачкі. Ды, прызнацца, я – гультай. Памідоры гэтыя ведаю, у іх мала зярнятаў, і яны мясістыя, смачныя, позна даспяваюць, баяцца туманаў. Я такое насенне паслала некалі да Чэхаў, і яны назвалі – беларускія памідоры.
У мяне цяпер мала зямлі (на шчасце, а то ногі баляць), і я купляю ў калгасе крыху скараспеек, крыху іншых, і хапае нам. Што да маёй “багатай гасціны”, то я згодная з п. Галінай. Не люблю мучыцца, ды і есці не люблю. У Празе мы часта падавалі прыгожыя канапкі, а да іх каву. А тут паспрабуйце мужавым сваякам, якія любяць выпіць і як след закусіць, нешта падобнае запрапанаваць! Пырхнуць смехам! Вось і прыстасоўваюся да абставінаў, успамінаючы бацькаў дом.
Саша Белакоз ужо крычаў на мяне за клопаты, але ж мужу трэба і санітаркам нешта занесці, і сёстрам (яны ж яго віншавалі!), ды яшчэ пару дзён клікаць пакрысе ўсіх, хто не змог прыйсці ў пару. У нас так: альбо ўцякай з хаты, альбо ўжо каб сталы былі з закускай! Дурасць гэта, а можа, і не. Успамінаю вайну, галодных людзей, і вось накрываем стол – усім, што ад сэрца, і цешымся, што людзі пад’елі, ды яшчэ завернем ім нешта з сабой. Ад таго часу ў мяне слабасць карміць людзей, яны багатшыя сто раз за нас, але гэта няважна.
Читать дальше