З М. Забэйдам, здаецца, усё будзе добра. У Прагу па сваіх справах едзе Р. Р. Шырма, будзе і ў Забэйды. Як Вашыя справы? Я на Вас крычала, але ж Л. А. Войцікавай пісала, што гэта такая Ваша доля, нібы ведала! Вось папытайцеся ў яе.
Муж забраў з Гродна апошнія 14 маіх кніг! Я вельмі злавалася. Некалькі яшчэ ёсць у Ваўкавыску. Пісаў Марціноўскі з Гродна, з больніцы. Пагана з ім. Прасіў пісаць яму на Дзярэчын. Летам збіраецца да нас Юра з сям’ёй.
Быў у Зэльве А. Вялюгін з жонкаю. Разумны ён і добры чалавек, але ж надта п’е. Хоць у нас удома не піў, казаў, што не можа. Чыталі вершы, якія і забраў з сабою. Доўга, разумна і міла гутарыў з намі. Бяда толькі, што абавязкі гаспадыні не далі мне магчымасці болей з імі паразмаўляць. Жонка яшчэ маладая і прыгожая, вельмі хораша з ім абыходзілася.
Вельмі радыя з маіх поспехаў літаратурных Аляксандр Аляксандравіч і ягоны цесць! Другая кніжка не запланаваная, гэта памылка. Запланавалі дзіцячую – на 1969 г. Яны гавораць адно, а робяць другое. Не прыслалі мне пакуль ганарару, але гэта няважна! Гэта цікавіць болей Івана Пятровіча.
Хочацца Вас пабачыць, але з гэтым пакуль што трудна. Крыху працую над дробнымі рэчамі. Хачу паехаць на вёску, добра паслухаць мову, мне гэта патрэбна, як соль.
Віншую Вас усіх з 8 Сакавіка! Як маюцца Вашыя дамы? Як хлапчаняты? Ці добра даходзяць лісты? Пісаў Мікола [Прашковіч], што калі паявяцца кніжкі, ён іх Вам прышле. Бывайце здаровыя! Вершы перапішу, як крыху паздаравею.
Цалуем Вас усіх – Геніюшы .
Аляксею Пяткевічу
Зэльва, 21 сакавіка 1968 г.
Дарагія і паважаныя!
Толькі цяпер пішу Вам і дзякую за Вашага харошага ліста. Вельмі ўзварушылі мяне Вашыя словы і высокая ацэнка маіх вершаў. Спадзяюся, што Вы ўжо дома, і ліст мой застане Вас у Гродне. Я крыху хварэю, ляжу. Вясняны грып ломіць мне косці. Ён такі нялюдскі, без тэмпературы.
Вельмі добрыя водгукі прыходзяць на мой зборнік. Нават беларускія мастакі дзякуюць за “багацце”, з якога яны чэрпаюць… Я шчаслівая гэтым, хоць я сама не задаволеная са сваіх вершаў, але жыццё амаль прайшло, і старасць не дасць ужо таго, што звычайна выкоўвае са слоў і пачуццяў узлётная маладосць.
Што да сустрэчы са студэнтамі Вашага інстытута, то не абяцаю Вам гэтага. Ім, маладым, не будзе цікава бачыць старога чалавека, змучанага жыццём і змаганнем. Няхай лепш самі чытаюць вершы і думаюць, што ў мяне яшчэ столькі сілаў, што невад яшчэ закіну і выцягну яго на родны бераг з новымі лінамі і шчупакамі, а, можа, і з той залатой рыбкай, што ўсё не напісана мною, усё ў марах…
Нас, паэтаў, трэба пакідаць, як ваўкоў, у сваіх гушчарах, дзе мы і палюем начамі на вершы. Гутарыць з намі не заўсягды цікава. Цяжка спалучыць вымоўнасць лёгкую і чулае пяро.
У нас – па-старому. Быў нядаўна А. Карпюк, як заўсягды, ветлівы. Пагутарылі крыху. Але ён пра нікога не расказвае. Нейкі дыпламатычна скрыты, ці ўжо такая натура… Так што пра Вас усіх я так нічога і не даведалася. Сашы [Белакозу] трэба паперапісваць нешта і паслаць у школьны архіў, усё не збяруся, а апошнія дні – у ложку. Збіралася да іх пад’ехаць, але ўжо хіба на весну, на дзедаву магілку.
Як маецца наша Дануся? Хоць Вы, даражэнькія, іх не забывайце! Гэта харошыя людзі, якім, аднак, час ад часу яшчэ трэба напомніць, якія яны харошыя… Чужы чалавек там патрэбны, бо яны часам чадзеюць ад уласнага шчасця і не заўважаюць яго. Ці былі ў [Олі Іпатавай]? Як там яе сынок? Як там Ніна Говгель – мая сястронка? Перадавайце ёй ад мяне прывітанне. Збіраюся адведаць Данусю і Олю, тады, напэўна, мы і Вас паклічам на сустрэчу паэтэс.
Яшчэ раз шчыра дзякую Вам за сяброўскія цёплыя словы аб кніжцы, у якой найболей мне падабаецца яе цудоўнае афармленне.
Ваша Ларыса Геніюш .
Аляксею Пяткевічу
Зэльва, 4 красавіка 1968 г.
Дарагія і паважаныя!
Дзякую Вам за лісты. Няхай будзе мне прабачаны мой спознены адказ. Жыццё маё не заўсягды лёгкае, а здароўе – тым больш. Многа пісаць сяння Вам не буду. Толькі прашу прабачэння, што не змагла і не змагу пакуль што да Вас прыехаць. Яшчэ хварэю – гэта адна справа. Другая – выступаць у Гродне, дзе так сурова, варожа, не па-людску адносяцца да беларускай мовы і да нас, мне боязна... Боязна таго болю тых правакацыяў, з якімі сутыкаюся амаль на кожным кроку свайго тут існавання…
Я адважная, нават замнога, але я хварэю тады, калі на зямлі нашай нас уніжаюць… Лісты, якія пішуць мне школьныя дзеці, і тыя да мяне не даходзяць… Нашу старую хатку абкладваюць штораз вышэйшымі падаткамі, і наагул, я баюся ад’ехаць з хаты.
Читать дальше