Цікава, што мы зусім добра разумеліся са студэнтамі і наагул з моладдзю. Адзін з іх нават не даспаў і ў 8 г. быў ужо на аўтобуснай, каб яшчэ раз пабачыцца. Казаў: “Прасіў дзяўчат, каб збудзілі”… Зусім цёпла мы пагутарылі і з дзяўчынай Караткевіча. Яна ад іх ужо паехала, але прыслала мне пачку дэтэктывак, і, відно, што ёй, беднай, нявесела... Што ў іх атрымаецца, не ведаю.
У ліпні прыедуць дзеці і ўнукі, я ўжо загадзёў з гэтага цешуся, асабліва з Міхасіка! Гэта ж такі мой друг! А які далікатны, добры. Разумны Алесічак! Думаю, што і муж паправіцца, як іх убачыць.
Ад П. Ластаўкі лістоў мы не мелі. Як там яго здароўе? Не ведаю, але не вельмі люблю людзей, якія не маглі нават ажаніцца па-людску са сваёй дзяўчынай і стварыць беларускую сям’ю! Я ведаю, што Вы мяне разумееце і ў гэтым пытанні, і ў тым, што не час нам прапіваць свае творчыя сілы і тапіць у гарэлцы таленты!
Вельмі і вельмі падабалася мне ў М[аксіма] [Танка]. Вельмі люблю патрыярхальныя, добрыя сем’і. Што да Дубоўкі і яму падобных, дык я іх не разумею. Часамі мне здаецца, што залежыць ім толькі на іх уласных персонах, ну і на рублях… Я ў Менску была – як дзікі ястраб сярод нейкай рэжымнай, пладаноснай фермы! Я пасмела мець уласныя мыслі, свае погляды і, галоўна, іх выказваць! М[аксім] [Танк] у апошнім сваім лісце піша: “Беражыце сваю свабоду, як Вы яе бераглі ўсё жыццё. Я разумею сяброўскія адносіны, але – незалежнасць ад каго б там ні было. Вы, дзякуй Богу, маеце глыбокі і трэзвы розум, калі за некалькі дзён змаглі разабрацца самастойна ў людзях”. Я яму дзякую за гэтыя словы! І мне лягчэй.
Дык папраўляйцеся, даражэнькія, бо ж Вы мусіце яшчэ да мяне прыехаць, а ўсе мы разам – у Гродна! Цалую Вас сардэчна.
Ваша Ларыса Геніюш .
Зосьцы Верас
Зэльва, 1 сакавіка 1968 г.
Даражэнькія!
Лісты Вашыя я атрымала – адзін і другі. Дзякую! Не пісала, бо было мне не да пісання. Адно – ангіна, а другое – прыезд на давясёлкі Юркі Голуба, Анатоля Вялюгіна з жонкаю ды Рыгора Семашкевіча (казаў, што выслаў Вам маю кніжку). Муж не ездзіў на сяло, а мне прыйшлося. Было поўна прыгодаў, смеху ды розных турбот. Даўно не была ў сяле на такой урачыстасці. Дзяўчаты – як лэдзі апранутыя, зачэсаныя – як парыжанкі! Хлопцы надта хораша сябе трымалі, стрымана, скромна. Глушылі гарэлку бязбожна, толькі што яна іх не брала! Дзяўчаткі пілі віно. Стол быў вельмі багаты, і нашыя менчане крыху такі падпілі!
Вялюгін забраў з сабою мае новыя вершы, якія, дарэчы, хваліў. Госці і ў нас адну ноч начавалі, і мы з Рыгорам Семашкевічам і з Юркай Голубам праклапаціліся амаль усю ноч. Вельмі сімпатычная дама – жонка Вялюгіна, прыстойная і мілая жанчына.
Ад сяброўкі Юлі Бібіла ліста яшчэ не было. Нікому цяпер не пішу! Калі б бачылі Клімовіча, дык скажэце яму, што справа Забэйды на добрай дарозе і, здаецца, вырашыцца пазітыўна. Луцкевіч Л. прасіў, як я была ў Вільні, маю кніжку. Меў яе выслаць яму і Шышэям Прашковіч. Не выслаў, прыслаў іх мне, але калі яны забыліся аб гэтым – дык і добра! Можа, калі прыедуць дык возмуць, калі не аддам іх на вёску.
У Белакоза – амаль трагічна, нервы і ў яго могуць не вытрымаць! Вашых часопісаў покуль што ў Гудзевічы не аддам. У мяне ў хаце – не меншы музей!
Заўчора быў ліст з Масквы ад Максіма Танка і яго жонкі. Піша аб тым, як сняцца яму кожную ноч бацькі, як яго цягне да іх… Супастаўляю дату – Божа, то ж яго бацька тады паміраў… Так жаль мне Танка.
З мужам крыху лепей, паявіўся апетыт! Летам будзем чакаць дзяцей і ўнукаў, ужо падалі на вызаў! Атрымалі цудоўную здымачку Алесіка, малодшага ўнучка. Не можам на яго наглядзецца!
Агортвае мяне нейкі песімізм, ізноў стала пагана з сэрцам, і, як усім нам, лагернікам з Комі, баляць ногі, каленяў не сагнуць…
М[аксім] [Танк] глядзіць, каб нейк наладзіць жыццё М. Забэйды, запэўніць яму пенсію і г.д. Сябры бяруцца. Знача – будзе ўсё добра!
Чаму не пішаце, як Вашае здароўе? Я думаю, што Вас мучыў грып. Надта цяпер многа людзей у нас бывае, не хапае мне часу. Цалую Вас.
Ваша Ларыса Геніюш.
Алесю Белакозу
Зэльва, 4 сакавіка 1968 г.
Дарагія!
Не пісала Вам, бо ўсё альбо хварэю, альбо нехта да нас прыязджае. У мяне грып, пагана з нагамі і з сэрцам. Непакоюся за Вас і Вашыя справы.
У М[аксіма] [Танка] памёр бацька, і ён зноў паехаў яшчэ на месяц у Маскву, дзе першыя сакратары СП рэспублік дзяжураць па месяцу. А чаму М. Т. два месяцы – то не ведаю. Ледзь паспеў на пахаванне бацькі, вельмі шкадуе, што не пачуў ягоных апошніх слоў.
Читать дальше