1 ...8 9 10 12 13 14 ...20 І нарэшце чацьверты: “Ці можа чытач уратаваць Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры ад Сэнт-Экса?”
То бок лётчык ён быў адважны, ніхто не спрачаецца. Але літаратар пасрэдны.
Беларуская паэтка Эдзі Агняцьвет ратаваць Антуана дэ Сэнт-Экзюпэры ад беларускага савецкага чытача ня стала. У 1969 яна пераклала “Маленькага прынца” на нашу маленькую мову, а Ніна Мацяш зрабіла тое самае ў 1989. Французы, здаецца, яшчэ і сёньня не здагадваюцца пра гэтую падзею. Яны ня надта любяць маленькія мовы: зь іх бялявымі суфіксамі, іх капрызьлівымі граматыкамі, іхнымі нікому не вядомымі пісьменьнікамі і прыгожымі адраджэньнямі…
Мяркуючы па ўсім, Антуан дэ Сэнт-Экзюпэры бываў у нашай краіне. Праездам. У 1935 годзе ён як журналіст “Paris-Soir” выправіўся на два тыдні ў Маскву. Палётаў там на знакамітым савецкім самалёце-камікадзэ “Максім Горкі”, еў ікру, гаварыў зь людзьмі – сьледчымі НКВД і іх будучымі ахвярамі, бачыў заводы, школы, Булгакава з келіхам каньяку. Едучы цягніком у Маскву зь іншымі францускімі журналістамі, ён ня мог абмінуць Беларусь і яе сталіцу, заходнюю браму імпэрыі. “Gare de l’Est”-Бэрлін-Варшава-Негарэлае-Менск – і далей на ўсход: так у тыя часы дабіраліся да камуністычнага Рыму францускія прагрэсіўныя рэпарцёры і іншыя госьці нашага піянэрлягеру.
СССР пісьменьніка ўразіў. Але сутнасьць сталінскага рэжыму ён, дарма што француз, зразумеў адразу. І напісаў пяць артыкулаў, дзе аддавалася належнае моцным духам “расейцам” і маштабу іх мараў – але зусім ня іхным фальшывым і злачынным правадырам. Таму на дваццаць гадоў Сэнт-Экзюпэры перастаў існаваць для савецкага чытача. Яго наноў адкрылі – і дазволілі – толькі ў пачатку шасьцідзясятых, калі Нора Галь выдала свой расейскі пераклад “Маленькага П.”. Хрушчова і Брэжнева прынцы ўжо не бянтэжылі. Вось тады і пачаўся культ асобы зьніклага бязь вестак лётчыка.
У тым ліку ў БССР – самай русыфікаванай рэспубліцы. Тут добра разумелі, што спачатку Сэнт-Экзюпэры мусіць выйсьці па-расейску – гэта было неафіцыйным дазволам на публікацыі на іншых мовах СССР. То бок спачатку на вялікай мове – ня меншай за францускую. Памер мае значэньне. Як там было:
“Удавы глытаюць сваю ахвяру цалкам, не жуюць. Пасьля гэтага яны ўжо ня могуць варухнуцца і цэлых паўгода сьпяць, пакуль не перавараць ежу».
А маленькім істотам трэба цярпліва чакаць, пакуль іх перавараць. Мо і добра, у іх ёсьць крыху часу на казкі. Калі ты маленькі, паўгода – гэта вялікі тэрмін.
7. Джойс. Вакзалы. Настаўнікі
Здаецца, беларускія чытачы дагэтуль упэўненыя, што пісьменьнік павінен быць перадусім добрым. У значэньні: “дабрадушным” і “чалавечным”. Быць добрым, але да сваіх – чужыя нас цікавяць пастолькі, паколькі яны могуць даць грошы на Нашу Сьвятую Справу. Няма? Тады, на благі канец, яны мусяць прызнацца ў любові да нашай зямелькі, да нашай мілагучнай мовы і непарушных народных традыцый. Мы бярэм ня толькі валютай, але і такімі прызнаньнямі, іх таксама можна “абналічыць”. Што, ня могуць і гэтага? Тады дасьвіданьня. Арэвуар. Арэвуар – гэта такі іншаземец, які зьезьдзіў у Менск і нічога ня даў на Справу. Або іншаземка. З такімі нецікавымі людзьмі ніхто ня хоча працягваць знаёмства. Хочаш быць чужым і сквапным – заставайся ў сваіх Парыжах, а да нас ня суйся. Мы занятыя людзі, мы працуем над дабрынёй.
Што да мяне, дык чужое мяне заўжды цікавіла ня менш, а можа, і больш за сваё. На мяне ніколі не ўплывала беларуская літаратурная традыцыя – хіба што я часам карыстаўся ёй, каб паіранізаваць і паскандаліць, пазлаваць дурняў і фанатыкаў. Мае любімыя пісьменьнікі даўно памерлі – ня тут. Яны тут наогул ніколі не бывалі і не падазравалі пра нашае існаваньне.
Паўтару: усе мае любімыя пісьменьнікі даўно памерлі.
Гэта па-першае.
Па-другое, я думаю, што толькі тым, у каго любімыя пісьменьнікі даўно памерлі, варта пісаць нешта сваё.
Ну, і трэцяе, самае важнае.
Каб дасягнуць нечага, пакуль твае любімыя пісьменьнікі яшчэ жывыя, трэба заслужыць любоў фраў Лёты Шпайзэнбэрг, якая вандруе недзе паміж Москаў і Мюнстэрам. Фраў Шпайзэнбэрг перакладае з усіх моваў, якіх, як вядома, усяго тры. Фраў Шпайзэнбэрг чытала ўсё на сьвеце, ад Пялевіна да Алексіевіч. Фраў Шпайзэнбэрг ведае наш рэгіён як свае пяць пальцаў: яна два дні была ў Менску, паўдня ў Горадні і тры гадзіны ў Маладзечне. Плюс месяц ў Тбілісі і дзьве гадзіны ў кіеўскім аэрапорце. Фраў Шпайзэнбэрг зробіць з вас зорку. Таму парада маладым літаратарам: калі фраў Шпайзэнбэрг завітае ў ваш горад, адшкадуйце грошыкаў і купіце ёй букет архідэяў. Па-мойму, яна любіць блакітныя. Коратка прадстаўцеся, скажыце ёй, што тут няма каго чытаць і няма пра што пісаць, і што ўся Беларусь гадамі чакала яе як збаўцу. Сэрца фраў Шпайзэнбэрг не жалезнае. Яно з парцаляны. Здаецца, па-расейску гэта значыць «фарфор».
Читать дальше