Лучко
Брэша ён. То не злосць. Я адданы ўладам.
Рыгор
У яго адданасць хвіліну жыве,
І калі на вас зваліцца гора і звады, -
Ён вас першы прыстукне па галаве.
Я скажу вам цяпер праўду шчырую самую.
І хлусіць, і круціць я не буду, до.
Я сумленны, я чысты зусім перад вамі.
Я ў царкву Гумёнаў не знаю хадоў.
Але ёсць і ў мяне адна таямніца...
Напярэдадні дня, як прыйшоў ім канец...
Позняй ноччу... ў час, калі мне не спіцца,
Сакратар гаркома прыйшоў да мяне.
Я ніколі не меў з ім ніякай справы,
Але ў сэрцы маім варушылася злосць,
Бо капальні тады яму сталі цікавымі,
Як падэшвы праз боты агнём прапякло.
Але госця свайго не турнеш за дзверы,
І размова кароткай у нас была.
Ён прасіў накрэсліць план на паперы.
Мне не шкода было. Я накрэсліў план.
Я не знаю, якая была патрэба,
Але ён пытаў, як прайсці туды,
Ці раскошна там, ці вільготная глеба,
Ці хапае ў падземных студнях вады.
Я сказаў, што вады і паветра даволі,
Што надзіва моцная столь угары,
І прасіў ён мяне, каб нікому болей
Я пра нашу размову не гаварыў.
І скажу вам шчыра, да самага скону
Я не кінуў нікому бы нават сказ,
Каб не рэўнасць, не ярасць мая шалёная
Да таго, хто трэцім сядзіць паміж нас.
Афіцэр
(суха)
Вас, Чаховіч, за гэта ніхто не пахваліць...
Рыгор
(з'едліва)
Вы мяркуеце, я не ведаю сам,
Што заўжды паўстанцы ў капальнях хаваліся,
Што яны, вядома, і зараз там?
(жорстка)
Я гандляр. Мой тавар пад зямлёй хаваецца.
Вы іх возьмеце там, як у пастцы тхара.
Гэта проста дрыжачыя, слабыя зайцы,
У якіх толькі й ёсць, што жах і нара.
І за ўсё гэта будзе адзіная плата,
Не ў зямлі, не ў марках і не ў рублях:
Я прашу, каб Якуба, поскудзь праклятую,
Расстралялі вы на маіх вачах.
Больш за ўсё жадаю гэта пабачыць:
Пот халодны, жах ворага злога майго.
Хай сціскаецца сэрца, няхай паплача,
Як калісьці жонка мая ад яго.
Зараз! Тут! Перад гэтым начным паходам!
А іначай, гонару слова даю,
Зайцы ў цёмных норах здабудуць свабоду,
Вы - здабудзеце толькі душу маю.
Афіцэр
Мы прызнанне і не з такіх выціскалі.
Кожны плача, калі да магілы крок.
Рыгор
Вы, здаецца, болем мяне пужалі?
Чалавека, ў якога сэрца парок?
Я нікога, нікога з вас не баюся.
Не шкада, не шкада мне пакінуць свет.
Толькі трошкі шкада маёй Беларусі,
Дый яна як-небудзь без нас пражыве.
Афіцэр
Хто мне скажа, што ў гэтым няма падману?
Рыгор
Я адразу, як толькі здохне Лучко,
Павяду туды, супраць тых "партызанаў",
Трыццаць, сорак, сотню вашых штыкоў.
Хай вядуць мяне хоць трое пад руляй,
Хай наперадзе нехта таксама ідзе.
За жыццё Лучка, за адзіную кулю
Заплачу вам сумленна хоць сотняй людзей.
І пакуль не загіне вораг мой кляты,
Я ў капальні з вамі не пабягу.
Афіцэр
(рашуча)
Добра, пойдзем на двор. Бярыце, салдаты.
(Салдаты цягнуць Лучка з пакоя,
той упіраецца нагамі.)
Лучко
Не хачу! Не магу! Не хачу! Не ма-гу-у...
Х
Зноўку змрок. Ён чорны, як сажа кашлатая.
Ён чакае людзей па кутах, як звер.
Пад зямлёю ідзе два дзесяткі салдатаў
І паперад усіх з ліхтаром афіцэр.
А за ім, знерваваным, злосным і змораным,
Натапыраныя, як два груганы,
Два салдаты пад руляй вядуць Рыгора,
Што нясе яшчэ ліхтар запасны.
Практыкуюцца немцы ў бязглуздых жартах,
Прадракаюць, што здрадніку ў пекле гарэць.
Але ён не зважае, ён крочыць упарта,
Ён іх хоча памучыць раней, чым памрэ.
Ён зрабіў усё, што было патрэбна,
Чалавек, што зганьбіў Ганну, памёр
І ляжыць, накрыты торбаю зрэбнаю,
На асфальце двара, тлустым тварам да зор.
Ёсць тут ход бакавы і калодзеж адразу,
Непрыкметны ў цемры, тры метры ўшыр,
А пасля лабірынт пераходаў і лазаў.
Там схавацца... там цемра, спакой і мір.
Там спакойна і добра памерці нават,
І ляжаць свабодным, як продак той.
Паміж добрым жыццём і канцом крывавым
Толькі яма ў тры метры якіх шырынёй.
Ход з глыбокаю студняй яны прамінулі
Стаў нямецкі салдат ля яго якраз.
Падстаўляць галаву непатрэбна пад кулю.
Зробім круг, у другі паспрабуем раз.
Ён выходзіць зноў на старую дарогу.
Зноў на спіну падаюць кроплі вады.
Сярод немцаў патроху расце трывога:
На дарозе нехта пабачыў сляды.
Зноўку справа, як слуп, афіцэр збялелы.
У Рыгора нервова каленкі дрыжаць.
До чакаць. І тут пераможа смеласць.
І Чаховіч кінуўся ўбок, як кажан.
Афіцэра збіў проста ў цёмны калодзеж
І адзіным, з апошняй сілы, скачком
Скокнуў некуды ў цемру, насустрач свабодзе
Нечакана моцным, пруткім рыўком.
Пераскочыў калодзеж, упаў на калені.
Рукі ўраз падламіліся, ўпаў на твар.
Читать дальше