Чаховіч
(зноўку злосна)
Што там трэба хаваць? Дынаміт? Пракламацыі
(Вы прабачце, я авантур не люблю)
Або, можа, самім вам трэба схавацца,
Каб дажыць да з'яўленны Хрыста на зямлю?
Мой Кастусь памёр у пакуце нязмернай,
Ад жыцця адыходзяць лепшыя прэч.
Я не веру вам, чуеце, я не веру,
Калі ў першай бойцы вы кінулі меч.
Невядомы
Толькі ваша нясцерпнае, лютае гора
Прымушае мяне прамаўчаць у адказ.
Я не буду спрачацца. Бацькам Рыгорам,
Як казаў Кастусь, называлі вас.
Ён мне даў ваш адрас, Чыкоўскі, учора.
Ён прасіў, каб вы мне дапамаглі
Ў памяць дружбы, навукі, радасці, гора,
Ў памяць тых, хто навекі зніклі з зямлі.
Нам патрэбны памяць ваша і веды.
Справа ў тым, што ўчора ранняй парой
Пра падпольную групу аднекуль зведалі,
Трох сяброў замкнулі ў цэлі глухой.
І назаўтра, як знікнуць начныя цені,
Павядуць пад расстрэл, бо людзі маўчаць,
Тры жыцці дагараюць у сутарэннях.
Тры жыцці маладых. І няма ключа.
Невядомы
Ў сутарэннях царквы Гумёнаў.
А капальні прайшлі адны толькі вы...
Можа, дзюрка якая, ад плесні зялёная,
Можа, ход які, смярдзючы і сонны.
Чаховіч
(задумліва)
Ёсць хады. Ад цвінтара Брацкай царквы.
Але справа такая не атрымаецца.
Гэты ход ненадзейны. Нара. Канал.
Там ад вільгаці вечнай зямля абсыпаецца.
Што ні крок, то новы і новы завал.
Да таго ж, вы бачыце, я здыхаю,
А туды толькі моцны можа ісці.
Сэрца, бачыш, - ануча. І тут задыхаецца.
А вярсту пад зямлёю не прапаўзці.
Невядомы
Пан Рыгор, паслухайце, нам патрэбна.
Гэта вельмі патрэбна, благаю вас,
Пазурамі выскрабу гэтую глебу,
Мы ўратуем іх у апошні час,
Там цудоўныя людзі, светлыя, гожыя.
Як пакінуць іх катам на чорны здзек.
Нам сказалі, што толькі вы дапаможаце.
Памажыце мне, дарагі чалавек.
Чаховіч
Не лічы мяне, хлопча, старым баягузам.
Добра змераў я меру сілам сваім.
Бачыш, рукі калоцяцца. Цяжкім грузам
Годы болю ляжаць на сэрцы дурным.
Я памру пад зямлёю. І ты са мною,
Бо выйсця без мяне ты не знойдзеш адтуль.
Гэты ход, як пастка. Ён стане труною:
Зверху глейка, спадыспаду тлусты муль.
Невядомы
І няхай, няхай мяне возьмуць чэрці.
Бог ты мой! Няўжо ў вас не сэрца, а лёд?!
Вам не трэба баяцца заўчаснай смерці,
Майце жаль у сваім спрацаваным сэрцы,
І тады вы майму безаглядна паверыце:
Там дзяўчына, якой васемнаццаць год.
З ёю алгебру мы зубрылі.
У горад разам прыехалі перад вайной,
Разам з ёю у ваш інстытут паступілі,
Што ж вы робіце з ёю, з намі, са мной?!
Я не буду хлусіць. Я яе кахаю.
І на вас абсыпaлі яблыні снег.
Пашкадуйце! У памяць светлага мая
Памажыце ёй, ратуйце мяне.
Буду смерці шукаць сваім сэрцам спаленым,
Ёй канец... Гільяціны крывавая слізь,
І відаць, што праўду людзі казалі:
Ён нічога не варты, ваш гуманізм.
Хлопец змоўк. І ціша навісла знямелая.
За акном напаўзалі чароды хмар.
Постаць моцную хлопца, чуб яго белы
Асвятляў мігатлівы далёкі пажар.
І Рыгор, на хлопца кінуўшы вокам,
Нечакана пабачыў, як той засоп,
Як з вачэй яго сініх, гнеўных, глыбокіх,
Слёзы пырснулі раптам, як буйны боб.
І Рыгор сказаў, падужаўшы смутак:
- Хоць каханне нізкі, ганебны спадман,
Хоць жанчыны - подласць, і смерць, і атрута,
Я дастану для вас гэты калій цыян...
І не трэба дзякаваць. Ведаюць богі,
Як вы будзеце дзякаваць год праз пяць,
Я люблю узычыць бліжнім двухногім,
Кол з асіны ад сэрца падараваць.
З вас цудоўная, пэўна, ўладзіцца пара...
(Глянуў на нагу хлопца.)
Бінт вазьмі для нагі, бо будзеш крывы.
Невядомы
А калі вы зможаце?
Чаховіч
(адвярнуўшыся)
Сёння. Зараз.
Пакажу я вам сноба... паршыўцы вы.
VІІ
Не прайшло, напэўна, паловы гадзіны
Над каробкамі чорнага гарадка,
Калі хлопец з Рыгорам прыйшоў у руіны,
Дзе падручны з рыдлёўкамі іх чакаў.
І яны ўтрох нацярпеліся жахаў,
Покуль вулкамі гучнымі дабрылі
Да сабора Брацкага, шэрага гмаху,
Што стаіць трыста год на гэтай зямлі.
У цемры ночы хаваліся стромыя вежы.
Над дзвярыма ў нішу глыбокую ўрос,
Быццам выйшаў падыхаць паветрам свежым
З апусцелага храма каменны Хрыстос,
Уздыхнуць глыбока, на поўныя грудзі,
Паглядзець, як у дзесяць законаў старых
Карэктывы ўносяць добрыя людзі:
"Украдзь. Забі. Катуй. Пралюбства ствары".
Праз разбітыя дзверы яны пралезлі,
І ўладна хлопцам сказаў Рыгор
Цэглу бітую, смецце і брухт жалезны
Адкідаць з кутка, каб ачысціць атвор.
А калі падважылі цяжкія пліты,
Ён спытаў, вяроўку спускаючы ў лаз:
- Як хоць зваць вас, лыцары, ветрам падбітыя?
І кульгавы сказаў:
- Лавініцкі Юрась.
- А цябе, хлапчына?
- Максімам хрысцілі.
- Ну дык добра, Максім. Спускайся, браток,
Ач ты, д'ябал, - ногі вяроўку згубілі.
Падтрымай... Мне цяжка спускацца ў сцёк.
А цяпер трымайце паперку, нябогі.
Гэта схема хадоў... Мы пойдзем вось так...
А вяртацца будзем іншай дарогай,
Каб далей адысці ад гэтых сабак.
Бо сабор у цэнтры. І тут нас схопяць,
Калі вылезем мы з яго на святло.
Пойдзем доўгай дарогай. Работы хопіць.
Ты бяры рыдлёўку, а ты кайло.
І пайшлі яны. Свечкі цьмяна свецяць.
Царства мёртвых прыняло трох жывых.
Крэйдай белай Чаховіч старанна меціць
Кожны кут і кожны ход бакавы.
На скляпеннях брыдкая белая плесня
І халодны навобмацак, бляклы грыбок,
Недзе чуць аднастайную ціхую песню,
Песню кропель, што падаюць проста ў змрок.
Ход глыбей і глыбей ад паверхні ўводзіць,
Павышэла скляпенне. Свечкі агонь
Пацягнуўся ўгару.
- Увага, калодзеж, -
Падымае Рыгор сухую далонь.
Пад нагамі дзіра. Асцярожна мінаюць,
Прытуліўшыся цесна да мокрай сцяны.
І агеньчыкі ледзьве-ледзьве міргаюць
Пад нагамі ў волкай глухой глыбіні.
Зноў капальня. І зноў завал за завалам.
Зноў патокі халоднай мокрай зямлі.
Сем разоў яны яе адграбалі
І набілі крывавыя мазалі.
І Юрась, ледзь жывы, ад стомы марудны,
Як пачвара, заліты халодным святлом,
З галавы да ног аблеплены брудам,
Б'е ў зямлю шырокім бліскучым лязом.
У вачах мільгаюць чыровныя цені,
А спіна дрыжыць, як напяты лук,
І Рыгор пабачыў: патрэбна змена,
І рыдлёўку ўзяў з аслабелых рук.
Ён капаў. Ён спакойна, размерна рухаўся,
Успамінаючы даўнія светлыя дні,
Калі сэрца здаровае весела слухаў
Разам з песняй кропляў у цішыні.
Як яно пачало задыхацца рана,
Камячок маленькі, калыска нягод,
Цяжкай працай і горам ушчэнт спрацаванае
За апошнія васемнаццаць год,
Рвецца з клеткі грудзей у глотку, на волю,
Халадзеюць пальцы, дубее твар.
О, якім нясцерпным і лютым болем
Адгукаецца кожны рыдлёўкі ўдар!
Можа, кінуць? Не... Аплывае глеба...
Маладых, дурных патрэбна вучыць.
Вось цяпер і гісторыя ім патрэбна,
Калі хтосьці ў старым соборы сядзіць.
Нашы свечы ў капальнях продкаў палаюць.
Мы для ўнукаў павінны дарогу прабіць.
Хто забыў сваіх продкаў - сябе губляе,
Хто забыў сваю мову - усё згубіў.
Ход вузейшы. Шчыліна з мулам і друзам,
Непрытульная, як нара пацука.
- Што ж, сябры, адгэтуль налезем на пузах,
Як належыць сапраўдным зямным чарвякам.
Даручыце богу грэшныя душы
І адразу скідайце свае пінжакі,
Бо саб'юцца на шыю і ўмомант задушаць.
З перапуду не кідайцеся ў бакі,
Калі цесна будзе. Адна толькі смеласць
Перавагу дае. А таму - спакой...
Трэба ліцца справа налева ўсім целам
І падпіхваць чэрава левай рукой...
Папаўзлі, пярэдніх штурхаючы ў пяты,
За Рыгорам Юрась, а пасля Максім.
Нават грудзі змяла зямля праклятая,
Тры сажэні свае апусціўшы на ўсіх.
На лапаткі цяжар страшэнны навіснуў,
І, здаецца, кідаўся б, як павук,
Як дзіця неразумнае, што заціснула
Ў спінцы крэсла бялявую галаву.
І раптоўна застылі Рыгоравы ногі.
І Юрась наткнуўся на іх рукой.
Маладыя дарэмна гукалі старога, -
Ён дзяліў з зямлёю мёртвы спакой.
Ён заторкнуў нару, як бутэльку корак.
Сэрца здала. Дарэмна торгаў Юрась.
Дагарала свечка. Змрок душны і чорны
Асядаў на хлопцаў. Імчаўся час.
Нерухомыя, задубелыя ногі,
Пэўна, сэрца прыпадак навекі звязаў.
Немагчыма старому падаць дапамогу.
Немагчыма наперад - і нельга назад.
Ім здавалася, што праляцелі годы
І стагоддзі ўжо пад зямлёю бягуць,
Калі голас азваўся слабы, але годны:
- Мне лягчэй. Адпусці ты, нячысцік, нагу...
І з нялюдскай, павольнай,
жахлівай цяжкасцю
Варухнуліся ногі і ў рух прыйшлі.
А Юрась заплакаў: ганебнай вадкасці
Не заўважыць ніхто ў глыбінях зямлі.
Шмат яны рыдлёўкаю гліны адбілі,
Так паўзлі, як не снілася нават крату.
Ход шырокі стаў, і сухі, і пыльны.
Сцены ў плітах. Зніклі апошнія сілы.
А яны немагчымае ўсё ж зрабілі.
Стаў Рыгор і ціха вымавіў: "Тут".
На ручным гадзінніку тры гадзіны.
Не спазніліся, пэўна.
І ціха Рыгор
Вастрыё кайла ўсадзіў між цаглінамі.
І ў сцяне зрабіў невялікі атвор.
А пасля пацягнуўся да пліт рукамі,
Штурхануў, наколькі хапіла сіл.
І асклізлы ад цвілі, халодны камень
Вярухнуўся на нейкай нябачнай васі.
Вязні спяць. Світання адбітак сіні
З цемры выхапіў лоб і бялявую скронь.
І Рыгор падпоўз да спячай дзяўчыны,
Разбудзіў і на вусны паклаў далонь.
Читать дальше