Марына
Бацьку звалі Рыгор.
І Марына зноў да старога прыпала.
Ён маўчаў. Стала мокрай у цемры шчака.
Не трымаў яе - толькі сэрца звяла.
Не сказаў ёй - толькі дрыжала рука.
Маці, пэўна, сказала. Яго баяцца.
Ці сумленна будзе у дзень такі
Плёнам подзвігу ўласнага скарыстацца
І дабіцца няшчырай любві дачкі?
- Ну, ідзі.
(Падштурхнуў Марынку ў спіну)
І глядзеў, глядзеў на яе здалёк,
Покуль цень маленькай, танклявай дзяўчыны
Разам з іншымі не паглынуўся ў змрок.
Ля кар'ера, ў глыбокай гліністай яме,
Ён сядзеў яшчэ з дзесятак хвілін,
Бо фашысцкі салдат праходзіў ярамі
І глядзеў на адвалы, сабачы сын.
Не... салдат не заўважыў нічога, здаецца,
Можна зноўку ісці ў непрытульны дом...
Ноч ідзе. Халодныя зоркі свецяцца
Над няродным, халодным, чужым гарадком.
Ён дадому цягнуўся паволі-паволі,
Быццам кожны міг душою чакаў,
Што дагоніць, крыкне, абдыме да болю,
Пацалуе ў вочы яго дачка.
Ён ішоў на задворках, а потым садам
І каменным бабам ціха сказаў:
- Што, распусніцы, гору чужому рады?
Вось як жыгну лазінай ваш тоўсты зад.
І ўзняліся два цені з альтанкі зялёнай.
Ён падаўся назад, але ляснуў затвор.
І адзін з іх сказаў:
- У імя закону!
Вы пад арыштам, пан Чаховіч Рыгор.
Ён адрэзаў:
- Хутчэй у імя беззаконня.
Што ж, нічога не зробіш, трубі адбой.
І ў святле ліхтара два цені зялёныя
Падышлі, аб камень падкоўкай звонячы,
І Рыгора заціснулі між сабой.
У пакоі вялізным святло змярцвелае.
На стале паперы і плецены стэк.
За сталом авантажны, матава-белы,
З рудаватым чубам сядзіць чалавек.
Ён глядзіць з пагардай пустымі вачыма,
Праўнук пана, ўнук пана і пана сын.
Вось такія калісьці сядалі ў Рыме
Па патрэбе сваёй на вачах у рабынь.
І такая прага з'явілася ў сэрцы
Да святла, жыцця, барацьбы і людзей,
Што Рыгор вырашае лепей памерці,
Але выйсце шукаць, не губляць надзей.
"Як ён мог памылку зрабіць такую?!!
Адысці ад дачкі і змяняць яе
На агонь і прэнг, на цэлю глухую,
На чужынца, што ў вочы твае плюе.
Не пабачыць яе і знікнуць навекі,
Да Абрама пайсці на жорны малоць,
Не пабачыць адзінага чалавека,
У якім Рыгорава кроў і плоць".
І Чаховіч зручней прымасціўся на крэсле,
І сказаў, сабраўшы волю ў кулак:
- Хай не думае пан, што мне вельмі весела
Ў гэтым доме сядзець і маўчаць вось так.
Афіцэр, ашаломлены гэтым нападам,
Паглядзеў на Рыгора. А той яму:
- Захапілі ў палон дзеля нейкай радасці
Торбу костак старых і сцягнулі ў турму.
Ўсё жыццё я пляваў на вашу палітыку,
Бо вучэнні розныя - гэта хлусня.
Я б асобу вашу, пагардай набітую,
На адзін каменны молат змяняў.
Афіцэр на Рыгора з цікавасцю глянуў.
Сапраўды цікава: сядзіць чалавек
І на мове нямецкай лае старанна
Тых, хто зараз яго прывялі на здзек.
Ці дурны ён, ці проста не вінаваты,
Ці такі ўжо хітры, што нельга пазнаць?
Афіцэр зацікавіўся гэтым надта
І дазволіў Рыгору пакуль што крычаць.
Той, забыўшыся, лаяўся па-беларуску:
- Каб вас, дурняў, выкаціла да нагі,
Каб вам дзеці труну змайстравалі вузкую,
Калі ў вашага брата ў кішках мазгі.
Зноў нямецкай мовай, адменнай і чыстай:
- Я ненавіджу вузкую вашу мараль,
Ўсіх нацыстаў, фашыстаў, сацыялістаў,
Тупалобую, абмежаваную шваль.
Артадоксы паршывыя, што скавалі
Бруднай нормай бязмежную душу маю,
Мой святы мікракосм, да дна ідэальны,
У якім цень бога я пазнаю!
Дайце мне па-шляхецкаму spokoj swiety,
Я не хам, не мужык, што гарбее ў зямлі.
Я належу да расы інтэлігентаў,
У руках якой надзея зямлі.
І Рыгор мудрагеліста ляпаў такое,
Што нагадваў вар'ята самому сабе:
- Часткі космасу ў вечным ляжаць неспакоі,
У адвечнай, фатальнай, нямой барацьбе.
Але я душою веру глыбока,
Што Хаду калісьці узнікне з імглы,
Што адвечнае зло ў сімвале Локі
Будзе богам прывязана да скалы.
Ён, нарэшце, ў такі лабірынт забіўся,
Што, на крэсле седзячы, як на нажы,
Рэспектабельны немец і сам здзівіўся,
Калі раптам вылаяўся, як мужык.
І спытаў Рыгора:
- Пан уяўляе,
Для чаго яго сюды прывялі?
І Рыгор адказаў:
- Добры ратай ўзнімае
Папярэдне дзірван абложнай зямлі.
Я мяркую, вам трэба народ выхоўваць, -
Да душы людзей не даходзіць рука, -
Вам патрэбны людзі жыцця духоўнага.
Я для вас, вядома, такая каштоўнасць,
Квінтэсенцыя лепшых сіл гарадка.