I ў рыфмы лёгкай ёсць свае кантрасты,
да слова «боль» прыпала «алкаголь»,
а недзе побач думкамі фантасты
ляцяць праз астэроідную золь.
Хлапчук-акселерат, мне сімпатычны,
ў запале прэч адкідвае пенал,
расказвае: ён бачыў сон касмічны,
сузор'е Рыб нам падало сігнал...
Прыдумаць можна хоць якую з'яву,
ды па-зямному разважае век:
так доўга з мары мы рабілі яву,
што дзе-нідзе згубіўся чалавек.
На чэрствасці прапаў ці на выгодзе,
я ўсё ж яму як брату напішу,—
перш чым зірнуць у новае стагоддзе,
пільней зірнём ва ўласную душу...
Бабіна дарога ад печы да парогa.
Прымаўка
Патопчацца на досвітку ў двары,
свяцілу ўстаць з-за лесу дапаможа...
«Ты, сонейка, дзень добры сатвары»,—
ўздыхне яна дый сядзе на парожак.
I будзе доўга, ціхая, глядзець
у неба з яснатою галубінай,
i да сябе падцягне ночвы з глінай,
i стане над падатлівай карпець...
Нязвыкла пуста ў полі i ў гаях,
бяроза без лісця дрыжыць над склепам,
мінаюць дні, a цётачка ўсё лепіць:
«Хутчэй ляпіся, птушачка мая...»
Ужо напіўся ўволю луг дажджу,
акраўкі хмар з ляшчын здымае вецер...
— Што робіш, баба? — пасмяюцца дзеці.
— Ды на па рожку, мілыя, сяджу...
Збанкі i чыгункі тырчаць на плоце,
прыблудны цуцык трэцца каля ног,
ды знаў бы хто,— жыццё прайшло
ў палёце,
хоць i было ў ім — печка ды парог.
Хусцінку паправіць,
абцягне рукаў,
гаворыць,
здалёку
прыехала к сыну,—
хтось месцам жыхарства
наш горад назваў,
а поўнага
адраса
ёй пе пакінуў.
Вачамі гатова
ўхапіцца за дол,
калі
каля шыльды
стаіць ледзь жывая,
тры дні
ёй даказвае
адрасны стол
з сухою дакладнасцю:
«Не пражывае!»
Аблокамі снег
пад нагамі растаў,
са школы іду я
завулкам
азяблым
і міма прайшла б,
каб пад ногі не ўпаў
з кішэні здарожанай
зморшчаны яблык.
Чапляліся словы
за гонту, за сад
у тым гарадку невялікім
пад Брэстам...
I здзівіцца сын,
як скажу неўпапад:
«Няўжо ён усё-ткі
загінуў без вестак?»
А мне патрэбны сёння толькі кветкі.
Заместа неба — кірмашовы дах,
прылаўкі, што цяжкія ваганеткі,
i ў кожнага свой асаблівы пах...
Як весела гандлюе цётка рэпай,
a ў сетачцы хлапца, што есць халву,
сумуе па гарачым волжскім стэпе
паголены прыродаю кавун.
Мне ж сум — не сум...
Я сэрцам акрыяла,
a ўспомняцца нядаўняй ласкі ранкі,
ўсплыве радок, што напісаў Купала,
яны, «як сон нязбытай абяцанкі».
Хтось пад гару ідзе, дзе зоркі,
кагосьці з той жа самай горкі,
бы зліжа, змые часу вал...
Жыццё — то ўзвышша, то правал
У ПРАДЧУВАННІ БЛІЗКАЕ РАЗЛУКI
Ніхто не скажа сёння мне, чаму
ледзь не чапаюць голле яблынь хмары
i вецер, быццам весела яму,
распырсквае ручай на тратуары.
Як пастушок, што ў поле выйшаў без
звычайнае i ёмістае кайстры,
уздрыгну раптам, бо чамусьці бэз
нагадвае пах восеньскае астры.
Я буду помніць да апошніх зорак,
якія згаснуць на канцы жыцця,
няхітры сэнс ажыўленых гаворак,
што цешылі, як цешыць спеў дзіця.
Хвалююць зоркі тайнамі спрадвеку,
i быў заўжды вясёлым месяц май,
чаму ж так горка, быццам чалавеку
сказала вельмі блізкаму: «Бывай...»
Ужо на тры замкі закрыўся жмінда
i недзе перад ложкам ловіць моль,
а па садах згалелых ходзіць крыўда,
я чую — дрэвы скардзяцца на золь.
Слата, слата... a ў позірку чаканне,
бы феерверкам выбухне зіма...
Прымроіцца, як ясны дзень, каханне,
цьфу на яго! Яно заўжды чума.
Гартае свет турбот будзённых кнігу,
нямала ў ей старонак для мяне,
i круціць лбе, нібы разводдзе крыгу,
не сплю... Чакаю сонейка ў акне.
Праз тоўшчу хмар
праб'ецца яркі Марс,
надзея снамі лёгкімі ўзбуяе,
есць месца шчасцю,
ды аднойчы фарс
жыццё
на сцэне лёсу разыграе.
Свет патануў у водблісках трывог,
а вы крычыце:
«Поўня нам пасвеціць!»
Якая поўня, мілы дэмагог,
пакіньце гэту казку нашым дзецям.
Адчужанасць...
Пад норавам яе
мяняюцца аблічча i характар,
утульнасць бачнасць згоды надае,
ды, ўрэшце,— ненадзейны дэкаратар.
Снег выбеліць укамянелы дол,
свой час цягну, бы тонкі пасак з гумы,
i сэрца суцяшае валідол,
як у юнацтве мройны пах парфумы.
З дзён саскрабаю быту каламуць,
святла зямнога вызначыўшы межы:
есць у мяне на ўсходзе рэчка Друць,
на захадзе — дыханне Белавежы.
За словамі чаканымі — падман,
вы ўвесь ужо ў абсягах незваротных,
a снежань, як зацяты графаман,
пераканаць спрабуе ў адваротным.
Читать дальше