і нават
звыш-над-звычайнасці , што непазбежна вядзе да пытанняў, адказы на якія паэтка наўрад ці ведае, але інтуітыўна іх прадчувае, “намацвае”. Знаходзячыся ў стылістычным пошуку, аўтарка імкнецца пераасэнсаваць і, у рэшце рэшт, пераадолець норму, на якую “пакутуе” класічны верш, таму часта ствараецца ўражанне ўяўнай кульгавасці й нязграбнасці радка, недаказанасці фразы. І паэтка тлумачыць, чаму так ёсць: “Шукаю форму, што / Па-за нормай. / У якой без словаў / Сэнсу хапае. / Нямодную, якую ніхто / Не купляе. / Каб уласную, / прыватную, / асабістую! / Каб ідэямі новымі / бруістую!”. Але парушэнне нормы, памножанае на прынцып гульні са словам, для маладога творцы – хутчэй заканамернасць, чым выключэнне з правілаў, бо менавіта шляхам эксперыментаў і фармальных пошукаў выкрышталізоўваецца паэтычная манера, стыль. Значна горай, калі паэт не здольны выказацца арыгінальна, яскрава, нетыпова. Здаецца, Воля Чайкоўская разумее гэта, іранізуючы: “Ты не паэт – паэцішка! / Калі скардзішся, што / не пішаш нічога, / бо ўся людская знямога / апісаная ўжо другімі…”
●
Паэтка Воля Чайкоўская бывае рознаю. Яна лётае вольнаю чайкай над прасцягам уласных здагадак пра немажлівасць быць аднолькавай.
Паэтка Воля Чайкоўская мае стосы вершаў пра каханне.
Паэтка Воля Чайкоўская мае вершы не толькі пра каханне.
Паэтка Воля Чайкоўская піша вершы пра краіну беларусаў.
Паэтка Воля Чайкоўская – беларуска.
Паэтка Воля Чайкоўская блытае дзьмухаўцы з рапсам (бо ёй усё адно).
Паэтка Воля Чайкоўская ўмее маляваць, пісаць, раптам знікаць і... абіраць бульбу.
Паэтка Воля Чайкоўская шчыра (так вельмі шчыра!) не хоча ў Амерыку.
Паэтка Воля Чайкоўская сябруе з тымі, хто хоча ў Амерыку.
Паэтка Воля Чайкоўская не мае псеўданіму.
Паэтка Воля Чайкоўская ў сваіх валасах прывозіць віцебскае паветра ў адхлань сталічнага неба.
Паэтка Воля Чайкоўская – гэта паэтка Воля Чайкоўская.
Адным словам, Чайкоўская Воля – паэтка.
Вам проста трэба паднесці паэтычныя рознакаляровыя Воліны лупы да вачэй, каб убачыць (прыадкрыць / зразумеець / расчытаць) сэнс коўзкае паўсядзённасці.
Апошнім словам (як ні круці!) у кніжцы гэтай будзе слова Волі Чайкоўскай – ВОЛЬНЫЯ ВЕРША(с)ЛУПЫ.
Арцём Кавалеўскі
25 ліпеня 2007 г.
Паэтаў вінавацяць у тым, што яны самі сабе ўскладняюць жыццё і робяць з сябе пакутнікаў. Цудоўна! Значыць, я - паэтка!
Сальвадору Далі прысвячаецца
Стварыць шэдэўр – даволі цяжка!
Праверана мною.
Ў фатэлі развалілася мяккая ляжка –
Прыхільніца болю.
Сядзіць, мясістая, усміхаецца.
Зубкі паказвае.
А ў мяне ў пакутах шэдэўр нараджаецца.
Назву заказвае.
Мой шэдэўр ужо месца забіў
У архіве мастацтваў.
І ўжо сцвярджае, сумленны, што ў свеце
Можна абысціся без блядстваў.
Ляжка ўжо пачынае зайздросціць,
Соплі пусціла, слімачка!
А мой шэдэўр голасу просіць,
Няважна, што маці – батрачка!
Шукаю форму, што
Па-за нормай.
У якой без словаў
Сэнсу хапае.
Нямодную, якую ніхто
Не купляе.
Каб уласную,
прыватную,
асабістую!
Ідэямі новымі
бруістую!
Каб каханнем
неўзаемным
натхнёную!
І нікім-нікім
не хвалёную!
Каб стварыць
ад канца
да пачатку
Па не складзеным шчэ
парадку –
Н О В А Е.
Прыйдзі да мяне, невядомае!
Я табе спяю калыханку!
А потым наладзім гулянку.
Прыйдзі да мяне, невядомае!
Прыйдзі да мяне, невядомае!
Мы з табой завядзем катрынку.
І справім па мне памінку.
Прыйдзі да мяне, невядомае!
Прыйдзі да мяне, невядомае!
Пакутую ад звычаёвасці.
Па пільнай сырой тэрміновасці.
Прыйдзі да мяне, невядомае!
Адмахваюся ад банальнасцяў, як ад мух,
Як толькі пачую банальнасцяў дух.
Я не такая, як вы!
Я – іншая!
Я формулу шчасця вынайшла!
Я не такая, як вы –
Штодзённыя!
Здзяйсняеце мары будзённыя.
Я не такая, як вы –
Зайздроснікі!
Збіраеце слёзы ў стосікі?
Я не такая, як вы!
Я здольная
На большае дабро
І на зло большае…
Розныя людзі, розныя лёсы.
Мыюцца ў небе дажджом хмарачосы.
Розныя думкі, розныя мары.
Неба, як рану, завесілі хмары.
Гойсаюць кроплі па дахах-цымбалах,
Як цягнікі, што па рэйках ды шпалах
Мкнуцца вачыма рассекчы туман –
Выкрыць сваіх пасажыраў падман.
Праз маіх думак шырокі бальшак
Пяціцца борзда спалоханы рак.
Гэта мая баязлівасць бяжыць
Іншым уладам аддана служыць.
Читать дальше