Шчасце — не птушка,
яно — папялушка,
Там, дзе агонь, і мільгае яно.
Хлопец за шчасцем спакуслівым
рушыў.
Многа штандараў, а шчасце — адно.
Кружыць і кружыць па свеце дарожка,
Бойка за бойкаю—шнарам на шнар.
Вось і яліну пілуюць на дошкі,
Вось і зваліўся чарговы штандар.
Вось і канчаецца шлях шматпакутны,
Наканаваны нядоляю шлях.
З дошак яловых —
твой дом цемнакутны.
Хопіць па свеце бадзяцца ў гасцях.
Ткала нядоля чароўную світку
Хлопцу-малойцу на лёс, навырост...
Саванам бела-чырвоным спавіты,
Лёг беларус на забыты пагост.
Ад крыку аж лісцё ляціць з двара.
Здаецца, нават камень лямантуе —
То ліхвяры Івана-друкара
Зляцеліся на спадчыну худую.
Здавалася, няма чаго й дзяліць —
А лаюцца з-за кожнае анучы.
Ахвярна са сцяны Хрыстос глядзіць —
Хто да сваёй яго пацягне кучы.
Ледзь-ледзь спакой захоўваюць жанкі,
Пільнуючы, што мужыкі адхопяць.
Друкарню разабралі на шматкі,
Як разбіраюць вепрукоў увосень.
Панове, ну нашто друкарня вам?
Вы ж і чытаць не ўмееце, напэўна!
Ды кожны нешта цягне: «Не аддам!»
I літары ссыпае па кішэнях.
Пасля дзялілі Бібліі...
Бог мой!
Чырвоныя радкі ажно чарнелі...
Дзесяткі кніжак кожны пёр дамоў,
Каб доўга ў скрынях кніжкі парахнелі
Забралі ўсё.
I дом, пусты, як стэп,
Другой зрабіўся друкару магілай...
I герб «Шрэнява»,
беларускі герб,
Нашчадкам пагражаў
стралой бяссілай...
Няўжо майстэрства —
гэта старасць?
Няўжо нам старасці жадаць?
То шкалярам адзіна радасць —
У вузкіх вулках горла драць.
А мы — чаляднікі.
Падмайстры.
Прад кожным з нас —
галодны шлях.
Зрабіцца ж майстрам кожны марыць,
Хто мае талент у руках.
Цалуе майстар куфлі піва,
А мы пакуль —
сваіх дзяўчат.
Гаспадара несправядлівасць
Сцярпі,
змаўчы,
стрымайся, брат.
Пакуль з сябрамі — ты не трэска.
За крыўды б'е гаспадароў
У Полацку, Гародні, Менску
Гаспода — брацтва падмайстроў.
Гаспода — гэта, браце, сіла!
Калі табе ўсміхнецца час,
Не забывай: яна вучыла
Быць вернымі мастацтву нас.
БАЛАДА ПРА МІХАЛА ПАДАБЕДАВА
Струны весела спявалі:
«Воля, шчасце, доўгі век!»
Волю выкупіць за талент
Спадзяваўся чалавек.
«Маладосць! — спявалі струны.—
Час, калі мы — каралі!»
Ды музыку ў горад тлумны
Разам з песняй прадалі.
Ці ў нявольнікі, ці ў госці —
Ды чужая старана!
I натхнёнай маладосці
Звонка лопнула струна.
Што ж далей? Няўжо за славу
Волі вольнай не здабыць?
Сёння пан гарлае «Брава!»,
Заўтра — пра цябе забыў...
У тэатры добра плацяць,
I музыка там — прывык.
А струна былога шчасця
Абарвалася, бы крык.
Немату душы агучыць
Толькі часу вольны рух:
Дзве прыгожанькія ўнучкі
Скораць модны Пецярбург,
Сын калісь разбагацее.
Ты ж — нажыў грахі свае.
І струна жывой надзеі,
Як праменьчык, растае.
Што далей? Хвароба,
шаты
Шклоўскіх ліп, гады журбы.
Сын — і вольны, і багаты.
Ты — прыгонны і сляпы.
Праляцела ўсё, як вецер,
Слава высахла слязой.
I струну жыцця нарэшце
Смерць абрэзала касой...
У 1812 годзе Бабруйскую крэпасць на працягу чатырох месяцаў асаджвалі войскі генерала Дамброўскага...
Першы снег быў чысцюткі па-боску
На зямлі, зганьбаванай крывёй.
Генерал іншаземнага войска
Павітаўся з Радзімай сваёй.
Ён тлумачыў:
не ворагу служыць,
А сваёй незабыўнай зямлі.
«Мы свабоды французскую ружу
На крывавых штыках узнялі,
Мы жаданую волю прынеслі,
Дык выходзь, сустракай, землякі!..»
За мурамі суровела песня,
Падаў снег на чужыя штыкі...
«Я да вас з паратункам вярнуўся!»
Ды маўчанне
астуджвала пал...
Перад гордай душой Беларусі
Што ты мог,
прыгажун-генерал?
Белым сумам заносіла вочы.
Шлях зваротны
занесла ганьбой...
Прачынаўся Дамброўскі уночы:
«Ці свабоду я вёў за сабой?»
ЗАСНАВАЛЬНІКАМ БЕЛАРУСКАГА ТЭАТРА
Няўжо ён плакаць толькі ўмеў
Над лёсам вёскі беларускай?
Чаму баяцца ўкласці смех
У
зараз бронзавыя
вусны?
Няўжо ён словы — вымаўляў,
А не казаў і супіў бровы?
Вучыць —
пачэсней, чым іграць.
Але ігра —
на роднай мове.
Што зробіць плакальшчык?
Капеж.
Вясну стварае той, хто свеціць.
Камедыянту плацяць менш,
Чым вою.
Толькі грошы — вецер.
Тых, што ўсміхаюцца на боль,
Найболей цемрашал баіцца.
Адна шкадоба —
не любоў.
Радзімай трэба ганарыцца!
I нельга не любіць жыцця!
Калі ж паперы стануць дымам,
Ад бронзы,
як ад забыцця,
Ратуй сваіх сыноў,
Радзіма!
Читать дальше