...Ён меў прыгожы і злы штандар,
Сябрыну, зброю і лес.
I ў лесе звалі яго:
«Змагар».
«Зладзюга» —
ў родным сяле.
Ён храмы вогнішчаў будаваў
У змрочных вёсках лясных.
Любіў жанчыну —
не ўратаваў,
Таму і гвалціў другіх.
Калі ж душу сваю спапяліў —
Забыў каханай імя...
Тады
аб камень стрэльбу разбіў,
Бо знаў:
пракляла зямля.
А смерць сыходзіла ў ціхі лог.
Штандарам валодаў дым,
Бо сэрцу болей зманіць не мог
Прыгожы лозунг на ім.
Крывавае золата змей вартаваў дні і ночы,
I гінуў у страўніку доўгім
няўдачлівы госць.
Ды золата ў змея таго адабралі аднойчы.
Сціскае ён зараз у кольцах сваіх
Прыгажосць.
А кольцы яго распляліся па цэлай планеце
I душаць празрыстыя рэкі і думкі аб іх,
Да замкаў старых запаўзаюць
у выглядзе смецця,
У храмы —
і людзі багоў забываюць сваіх.
А каб не знайшлі да ратунку шляхоў патаемных,
Па сумных паданнях,—
той змей навучыўся пісаць.
I дзе пачынаецца голас вучонага змея,
А дзе чалавечы —
не можам ужо разабраць.
У служкі да змея ідуць —
во часіны насталі!
А добрыя людзі не вераць,
што змей гэты ёсць.
Каб золата ён вартаваў —
дык і зноў адабралі б...
...Раздушвае змей у абдоймах сваіх
Прыгажосць.
...I калі ў той іконе,
што ўзнеслі на дах,
Затрымцела варожая дзіда,
Нехта ўспомніў:
«Ёсць вязень у гэтых мурах,
Ён прарок, хай тлумачыць нам дзіва».
І паслалі ў скляпенне з надзеяй на цуд
Гараджане
манаха і вояў.
I парушыў нарэшце сваю немату
Чорны вязень з сівой барадою:
«Што вам трэба?
Вы прагнеце праўды святой?
Вы ж яе праганялі, панове!
Надта доўга каралі мяне нематой.
Вы спазніліся.
Я ўсё прамовіў.
На любым скрыжаванні —
праменняў, галля
Ці пакорлівых спінаў і лейцаў
Нараджалася бедная песня мая,
І яе распіналі на месцы.
Больш не веру ні ў вечнасць,
ні ў праўду сваю.
Чуласць познюю
я ненавіджу.
Я
ападак надзеі,
ападкам згнію.
Мне пакіньце скляпенную цішу».
I пасланыя ўбачылі:
ён — чалавек,
Брудны, хісткі, душою зламаны...
I чакаць ратавання ад грэшнага —
грэх.
I яго яшчэ раз
пахавалі.
...I калі запалаў і палац, і кляштар
I згарэлі іконы і хаты —
Плыў над горадам
чорны і вольны ўладар
Цень адкідваў
у выглядзе
кратаў.
Ен біўся на чужой зямлі.
За што?
Не верыць, што дарэмна.
Радзіму у яго ўзялі,
I ён назваў Радзімай —
неба.
А суайчыннікі яго
Муры замшэлыя ўздымалі.
Зямля цішэла ад снягоў,
I прыхадні снягі тапталі. «Ратуйце!»—
крык стаяў паўсюль,
А вой,
пакрыўджаны навечна,
Мог верыць толькі слову куль,
Чужы для веры чалавечай.
Ён хмарай плыў.
I ветрам быў.
I пазабыўся,
скуль быў родам.
...I на Радзіме —
родных біў,
Пракляты богам і народам.
Нядоўгі бурлівы свой век
Я смерці служыў, як царыцы—
Яе пацалункам скарыцца
Павінен слабы чалавек.
Сузор'е Паўночнай Кароны
Вянчае яе галаву.
Служыў я царыцы да скону
I верыў, што годна жыву.
Я зведаў аднойчы каханне,
I двойчы мне славу раўлі,
I беглі за мной на аркане
Чужых астравоў каралі.
Мне ўсё даравала царыца,
Але—не апошні уздых,
Калі я хацеў памаліцца
За душы забітых усіх.
Няўмольнасць!
Тваім пацалункам
Мне грэбаваць зараз не след,
Бо зброю пакінулі рукі,
А зброя —
не вызваліць свет.
...Зямля прарасла цішынёю.
Слізгае па костках рала...
Я думаў:
Радзіма — за мною.
Яна ж —
пада мною была...
Ціха-ціха, паступова
Адмірае наша мова.
Чахне, быццам каралеўна,
У дзявочай вежы гнеўнай.
Асядае, як курганне
Над героямі паданняў,
Высыхае, як слязіна
Засынаючай дзяўчыны.
Вінаватых жа — не знойдзеш,
Ну а знойдзеш — не спагоніш...
Ціха-ціха год ад году
Адмірае наша годнасць.
Патухае, як лампада
У куце змярцвелай хаты,
Пахінаецца распяццем
Над магілай божай маці,
Апускаецца, як глеба
Над разруйнаваным склепам.
Вінаватых жа — не знойдзеш,
Ну а знойдзеш — не спагоніш...
Ціха-ціха, скрушна-скрушна
Адміраюць нашы душы,
Шамацяць чаротам-дротам
Над асушаным балотам,
Патухаюць, як вуголлі
У кастрах начнога поля,
Лісцем курчацца з'інелым,
Болем бел-чырвона-белым...
Ціха-ціха, не зважаем,
Як мы, браткі, паміраем.
Вінаватых жа — не знойдзеш,
Ну а знойдзеш— не спагоніш.
Читать дальше