Гэта гора адно не ходзіць
Па жыццёвых шляхах-дарогах,
А з сабой дзіцянятак водзіць,
І прыходзіць заўжды аблогай.
І спрадвеку ніколі ў лёсе
Не чакае зімы, адчаю,
Як заедзе ў двор на калясах,
На калёсах і ад’язджае
Вокамгненнае наша шчасце.
Застанецца на вуснах прысмак
Не салодкі, а гаркаваты,
Так заўсёды, бо ныня й прысна
Не заседжваецца ля хаты.
Выпадкова знаходзяць падковы,
Гавораць, — на шчасце знайсці…
Але шчасце не выпадкова
Трапляецца на жыцці.
Можна знайсці капейку,
Нават і цэлы клад.
Але чамусьць спрадвеку
Шукаюць сардэчны лад.
Хоць лад той не выпадковы:
Любоў — не валун на шашы,
Каханне — для шчасця падковы,
Як знойдзеш — век беражы.
Прычоска, нібы ў Золушкі,
Я глянуў — і знямог:
У косах сонца золатам
Акрэсліла слядок.
Там сонечныя зайчыкі,
Вясёлкі пераліў.
Я дакрануўся пальчыкам —
Нічога не злавіў.
Мядзьведзіца Вялікая
Згубіла зоркі дзве.
Па небе блудзіць, клікае —
Не знойдзе іх нідзе…
А дзеці той Мядзьведзіцы
Не ў вышыні цяпер —
У завушніцах свецяцца,
Падораных табе.
Я рукі ўперад выцягну —
Застукаціць у скронях:
З нябёсаў зорка вечнасці
Не падае ў далоні.
І вочы незабудкамі
Глядзяцца ў сэрца мне.
Вясёлымі мінуткамі
Маё жыццё міне.
Ну што ж, прысядзь, паразмаўляем
З табой, уласная душа:
Каго сягоння мы кахаем,
Каго сто год назад…
Спярша
Скажы, душа,
Ты сумавала
У тым жыцці па гэтым?
Ты свой славянскі боль крычала,
Калі шчэ не была паэтам?
З якім ты целам існавала,
І дзе яно цяпер ляжыць?
Скажы, душа, як там кахала?
Скажы, з любоўю цяжка жыць?
Маўчыць…
… так душа пакідае цела,
Адыходзячы ў зорны шлях,
Азірнецца яна нясмела
І падумае спакваля:
Гэтым целам любіць хацела,
І балела мне гэтым целам,
З гэтым целам жыццё была.
Адбалела яно, змярцвела —
І душа пакідае цела,
Адлятаючы ў вечны шлях.
Назаўсёды яго кідае
Прад няведамаю дарогай,
Апавітая чорнай смугою.
І куды адляціць — не знае:
Мо да д’ябла, а мо да Бога,
Мо да пекла, а мо да раю —
І не зменіш ужо нічога,
І надзея, як свечка, згарае,
Бо душа пакідае цела
Растрывожанае неспакоем.
Так і людзі на свеце белым,
Развярэджаныя тугою,
Не аднойчы сумленнем бачаць
Недасяжнай каханай вочы,
І слязой, як агонь, гарачай
Апякаюцца не аднойчы.
Іх сумленне хістае сусветы
Святым Духам такіх начэй
І святло ад вачэй Запаветам
Нечытаным, Навейшым, пячэ.
Па жыццёвай ідуць дарозе:
Мчаць наперада, глядзяць назад,
Як вар’яты ў тузе-трывозе
На каханне сваё глядзяць.
І яно не аднойчы гляне
Сэрца праўдаю адбалелай —
Так кідаюць яны каханне,
Як душа пакідае цела.
Гарэў агонь маёй душы,
Я зваў цябе адвечным болем.
А ты сказала, не пішы
Мне пісьмаў гэтакіх ніколі.
Не парушай ты мой спакой,
Не апякай былым жыданнем,
Жыццё не выправіш са мной,
А шчасце - зноў яно абмане.
Я адыйшоў пакутна ўбок,
Гарэў агонь, і мне балела.
Калі б я растлумачыць мог,
Што для душы, а не для цела.
На скаразняках другіх вятроў,
Чужога, стылага дыхання,
Праз год скажу табе: "Здароў!
Тут попел ёсць, ён не абмане!"
Спаліць усё! Паштоўкі, фатаздымкі
Гараць агнём звычайным, нібы дрэвы…
Спаліць усё! І калі разам з ім ты —
Маімі не надыхаешся словамі.
Спаліць усё? Каб быць хутчэй з другімі?...
Агонь зжарэ пачатак і канец.
Спаліць усё! Нерон спаліў паў-Рыма,
Каб вечны горад меў яго дварэц.
Аблачынкаю сонца ўмываецца.
Абуджаецца птушак мова,
І ад дрэў адбягае цень, —
Расчынаецца
Новы
Дзень.
Сінь паветра наскрозь прагрэта.
Збегшы ў цень ад заедлівага авадня,
За ракою стайлуюць каровы —
Значыць гэта
Што дня
Палова.
Адпылаў небасхіл, адгарэў
Зноў заквакалі жабы ў канаве,
Моладзь з песняй на танцы ідзе —
Пастарэў,
І канае
Дзень.
Вёска спіць. А дзівак-паэт
Пераводзіць на вершы чарніла,
І рыфмуе каханую з поўняй, —
Неўпрыкмет
Наступіла
Поўнач.
Читать дальше