Ці ж яны бандыты? – наша плоць і кроў!
Не сцярпелі крыўды – з пекла грымнуў гром,
І чырвоны д”ябал пахіснуў законы
Векавечнай праўды – сеў тырна на троне.
Дзеці ўсе па лесе праўду ратаваць!
Дзесьці на Палессі – плачам не згукаць.
На руццэ пяць пальцаў, а сыночкаў – тры!
Сабірайся, бацька, дзетак забяры!
Гостраць востры шаблі на тваіх сыноў,
Памаліся, бацька. Хай ідуць дамоў.
Колькі ў свеце праўды – рэшата вады!
Ты стары забораў бы, далей ад бяды.
Вылецела куля з дула ў галаву –
Большага хіснула… Засталіся ўдвух,
Засталося двое, нібы сінь вачэй, --
Не счакаць спакою матчыных начэй.
Вось другая куля… І сярэдні ўпаў,
Крывяной кашуляй муражок прымяў.
Нікуды не дзецца ад праклятай трэццяй
Захлынецца сэрца меншага сынка.
Нікуды не дзецца ад праклятай трэццяй
Захлынецца сэрца Сына-адзінца.
Як ляталі кулі ў роднай старане.
Хлопчыкі паснулі ў беспрабудным сне.
За святую волю, за зямлю, за долю
Леглі ў чыстым полі на ліхой мяжы.
Час прыходзіць бацькаў ваяваць за долю
Трэ за зброю брацца, як без волі жыць?
Доўгія провады — горкія слёзы.
Я адчуваю міжволі смугу:
Здрыгне перон ад гудка паравоза,
Ды скаланецца ад колаў чыгун.
Потым павольна, нібыта з надрывам,
Рух набірае пануры цягнік,
Здоўж палатна сцеле сівую грыву,
Сіплы гудок, нібы роспачы крык.
Поезд паўнюткі не вінаватых,
Толькі й віны, што рука ў мазалях —
Стогнуць жалобай тутэйшыя хаты,
Так, што не ўчуецца крык жураўля.
Хоць на крыжах гругановая зграя,
Могілкі — месца на зайздрасць жывыма:
Мёртвых пакуль што ніхто не чапае,
Двойчы не сходзяць у дамавіну…
…Знік паравоз ужо, сёння — электра,
Дзізель на крайні выпадак цяпер,
Толькі ўсё едзе і едзе ў калымскае пекла
Дзед па забытую смерць.
І прыйдзе смерць, як паратунак,
Калі здакучыцца жыццё,
І светлы шлях ад чорных думак
Адчыніць небыццё,
Разгорне зорныя прадонні
Грыбінь нябёс —
Жыццё тады не абароніць
Мост слёз.
Ад калыскі да турны,
Ад пачатку да канца —
Шлях не вельмі доўгі.
І ад торбы, ад турмы,
Ад жабрацтва, ці вянца
Не ўратуюць ногі.
І гаркоту не зрачэш,
Не замоліш долі —
Бо жыццё заўжды цячэ
Супраць нашай волі.
Боль дадзены чалавеку для таго,
Каб разумная душа аберагала цела.
Цела — узлётная пляцоўка для душы,
З якое яна адпарўляецца ў нязведанныя вышыні,
І, калі пазбавіцца яго,
Як спутнік пазбаўляецца ракетаносьбіта,
Будзе выконваць у іншых, вышніх сферах,
Нейкі свой абавязак.
Для гэтага дадзены чалавеку фізічны боль,
А для чаго існуе яшчэ і боль душэўны?
Гэтага не ведае ніхто.
Чалавек ішоў па дарозе жыцця.
Ён увесь час кіраваўся прама.
У многіх месцах дарога перакрыжоўвалася іншымі.
І на кожным скрыжаванні ляжаў вялікі камень,
На якім быў вычечаны надпіс:
Куды вядзе гэтая дарога.
Ён не звяртаў ніякай увагі на надпісы,
Меркаваў,
Што прамая дарога абавязкова куды-небудзь выведзе…
І вось яго дарога скончылася.
Пры канцы ляжаў вялізны валун,
А на ім высечаныя літары:
“Не заўсёды прамая дарога куды-небудзь выводзіць!”
Ён аглянаўся ў сваё пражытае і яму стала прыкра:
Чаго ён выбіраў прамую дарогу — яна завяла ў тупік,
А сколькі няпройдзеных шляхоў засталося ззаду…
Але на яго гадзінніку выйшаў час —
І прайсці іх немагчыма.
Можна прыняць адзінае правіла
Чалавечых узаемаадносін:
Не перашкаджай жыць другому,
Не вучы яго жыццю па свайму шаблону.
Што дабро для цябе, для яго — зло,
Што шчасце для аднаго — бяда для другога.
Кожны чалавек сам ведае:
Як яму жыць.
Ніхто не мае права нас вучыць
Як нам на свеце жыць.
Ні стары, ні малы,
Ні бацька, ні маці,
Ні адзін чалавек, ні нават грамадства —
Ніхто не мае права нас вучыць
Як нам на свеце жыць,
Бо ўсе яны жывуць разам з намі,
І ніхто з іх не быў яшчэ па-за смерццю.
Ніхто з Вялікіх гэтага свету не мае права нас
Вучыць як нам на свеце жыць.
Бо ўсё, што яны пісалі, пісалася пры жыцці,
І яны не былі ячшэ па-за смерццю, і не ведаюць:
Як гэта адазвалася там?
Вы скажаце выпрабаванне часам? —
Але ж наш зямны час ніколі не бывае па-за смерццю,
І не можа знаць, што патрабуецца пасля жыцця.
Ніхто не мае права нас вучыць
Як нам на свеце жыць!
Адзін Бог мае гэтае права,
Бо толькі Ён ведае,
Што патрабуецца па-за смерццю,
Бо толькі Ён — пасля жыцця.
Адзін Бог, і той, хто прыйшоў ад Бога.
Але хто ж з нас можа паказаць неаспрэчнае падсведчанне,
Што ён прыйшоў ад Бога, а не ад д’ябла? —
Ніхто!
Значыць, толькі Бог,
Толькі адзіны Бог, і дзесяць Яго запавядзей…
Читать дальше