...Змые пыл, жыватворным напоiць –
ажыве, расцвiце, усмiхнецца...
Неспадзеўкі раскажа пра тое,
што драмала i ў думках, i ў сэрцы.
Прынясе цёплым ветрам здалёку,
з ператканых праменнямi даляў,
буслянятак няўрымслiвых клёкат,
перазвоны крынiчных крышталяў,
шапаценне вярбы, плёскат хвалi,
шолах лоз, асакi i чароту.
I трывогi ацiхлi, апалi,
разам з рэхам апошнiх грымотаў...
Праспявае зусiм нечаканым,
дзень будзённы, як свята, расквецiць.
I зашэрхнуць, загояцца раны.
I не будзе ўжо болю на свеце,
страт, нападаў, гвалтаў i боек,
ганьбы нават нязначных падманаў.
Неўпрыкметна пасохне благое.
I ачнецца амаль беззаганны
цiхi вечар пасля навальнiцы
над табой, над дарогай, над Краем.
Недзе чуў пра такое... Як снiцца...
Што ж, бывае.
Чацвёрты дзень не зацiхае вецер,
імчыць наўскач, шукаючы ахвяры.
Ад стомы курчацца i скрдзяцца, як дзецi,
бяроз пасечаныя твары.
I дзень сышоў, i безлiч хмар сплыла,
на люстры неба – ластавак пункцiры.
А дрэвы гнуцца. I канца няма
адвечнай песнi на журботнай лiры.
Змагацца дужаму! Перамагчы
адным ударам. I, пасля, магчыма,
стаць песняй гучнай у свой час.
А выстаяць пад ветрам? Уначы
Выглядваць золак прагнымi вачыма,
прамень каторым назаўсёды згас?
Кiнем усё i на досвiтку едзем,
у дробнай хвалi губляць паплаўкi...
Дальнi бор i аблокi-суседзi
мiж драцiн патанулай лазы;
цела светлае ў цёмнай кашулi –
цягне век свой крывуля-вярба;
i над грудам, дзе продкi паснулi,
тлумiць ветрам кiрмаш варання.
Процi сонца iскрыць павуцiнне,
спеюць словы, ўбiраючы сiнь...
Хай мой голас тут раптам загiне,
толькi ты, дарагая, не згiнь!
Сотня год – толькi кропля расы
на спакойным аблiччы тваiм...
Не скарбаў шукаем – волi.
Каб новы ўявiць абшар,
узлятае, напяты да болю,
уцiснуты ў сталь Iкар.
I гiне ў полымi лютым.
I, фенiксам стаўшы, iзноў
рве прыцягненняў путы,
успеньвае ў жылах кроў.
Цiхiмi галасамi клiчуць яго назад
Шолахi-перазвоны, пошум старых прысад.
Недзе ў безданi золак
першую птушку збудзiў.
I расцвiтае золатам
Трава Зямлi – дзiвасiл.
Дзеля славы нязгаснай – красы
пацалункамi лiпеньскай ранiцы
расцвiлi ў першых днях касачы.
Спакваля, на зары, на свiтаннi...
Сiла нашай зямлi перайшла
праз карэннi ў тугiя пялёсткi
сiнiм, жоўтым – адбiткам святла,
сцюжай зiм, пазалотаю вёснаў.
Каб спявалi ў жаночай руцэ.
І каб новую песню складалi
новы Альбрэхт i новы Вiнсент.
Ну i ты, мой шаноўны Мiхале.
Не скупiцца на колер абшар
тым, хто ўбачыць, пазнае, адчуе...
Ох, засцiлае туманам, хоць плач,
кладкi, алешнiк, атаву аселiцы.
Нiбы горла прачысцiў пугач,
а рагатнуць – не асмелiцца.
На той бок не пайду нiзашто,
нават птушка твая не ўпросiць:
Адбалела, як смага, прайшло...
Асталася счарсцвелая восень.
А любiў, брыдучы басанож
па iмхах, выхваляць твае вочы.
I за гэта, няйначай, ўсю ноч
той, вушасты, за рэчкай рагоча:
– Ух!-ха-ха!.. Прыгажосць перахвальваў,
хараства не знайшоўшы нi калiва!..
Не пытай ты мяне, не пытай
нават позiркам, крыху упартым!
Хай адкажуць табе: небакрай,
казялец, i ўвагi не варты,
сiнi бор, i аблокi над iм,
нерухомыя ў жнiвеньскай стоме;
i лянотным дажджом залатым
сонца бляск на звычайнай саломе...
Я не першы палонны з людзей,
што шукаюць сваю азярыну.
Там, спатоліўшы смагу грудзей,
не баiшся ўжо нават загiнуць...
Бо спазнаў, бо ступiла нага
на ледзь бачную сцежку яднання.
Небам сiнiм, бяздонным, вада.
У ёй аблокi – маўклiвыя зданi.
Толькi вочы прыкрый, зварушы
вастракрылую ластаўку – памяць.
I пачуеш, як шэпча ўначы
плынь вады пад цяжкiмi плытамi...
I, слабых не шкадуючы ног,
тым жа берагам, тым крутаярам,
ужо брыдзеш напрасцяк, без дарог,
з неабсяжным сам-насам абшарам.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Кроплi зор праз iмжу, праз iмжу...
То ярчэюць, то знiкнуць гатовы.
Не трывож – не пытай! Што скажу?
Выцвiтаюць будзённыя словы...
Читать дальше