Нілу Гілевічу
Пры гэтым народзе,
пры гэтай уладзе
паэтаў народных
штурхаюць на здраду...
Паэтаў вялікіх,
чый век несканчоны,
змушаюць маліцца
на псеўдаіконы.
Віжуюць, не спяць
слугачы-янычары.
Драпежна рыпяць
валадарскія нары...
За кратамі песня.
Ды гэтага мала...
Няўжо уваскрэсне
забойца Купалы?
Пры гэтым народзе
з уладаю гэткай...
Як мала народных --
сапраўдных Паэтаў!
Данута Бічэль-Загнетава—
якая паэтка айчынная!
(А. Сыс)
Ці ў вочы сляза запала,
ці намі сляпыя правяць?
Паэтку – якіх так мала—
Гасподы заўчас пазбавіць...
Паэты ж -- нябёсаў дзеці.
Паэткі -- каханкі Бога...
Іх крыўдзіць -- цяжэй у свеце
няма ад граху такога.
Чаму ж ты маўчыш, Максіме?--
Збалелі чужынай крылы?
Сястры тваёй след з зазімін
вядзе да грудка Марылі...
Ці ў вочы сляза запала,
ці ў гэтай сляпой Айчыне
бяздомніцай болей стала?..
-- Данута, нам Бог адчыніць!
Я хацеў бы памерці ў сне...
(М. Скобла)
Калі сон – гэта смерць,
я хацеў бы заснуць
не надоўга – на паўстагоддзе...
Каб прачнуцца аднойчы і не зразумець—
дзе жыву – у якім народзе?
Мой народ быў -- чарнобыльскі бусел, які
за балотам не бачыў свету...
Гэты – з роду буслоў, толькі стаў залатым,
як прарочыў калісь Паэта.
Вольны птах залаты
па-над вольнай зямлёй
з роднай песняй лунае ў згодзе...
Калі смерць – гэта сон,--
я памру маладым—
для тваіх, мой Народ, народзін!
У Полацку – на покуце Радзімы
цнатлівая і гордая стаіш...
Анёлаў пёркі -- пухам тапаліным—
як вэлюм на раскрыленым крыжы.
Дзвіною залюбуешся пад вечар.
У небе заначуеш давідна...
І ў памяць пераселішся навечна
сатканая з таемнага святла.
Сафія – крывічаначка-нявеста,
свой гонар ад чужынцаў беражы.
Глыбокіх у Дзвіне хапае месцаў..
І тоўстая вяроўка на крыжы.
Над Радзімаю—ноч Савы...
Цень драпежны упаў на пожні.
Хто адстоіць твае правы—
мой Народ—хіжых сіл заложнік?
Чуеш звон з тагасветных лёх?-
Пад Пагоні харугвы стала
бараніць, што нам зычыў Бог—
раць ад Вітаўта да Купалы...
Рана келіх хаўтурны піць
па Айчыне душой збалелай,
покуль небам скрозь ноч ляціць
Бусел—сцяг бел-чырвона-белы!
Балада пра вясковага Ікара
Вясковы Ікар,
Акулінін Макар—
захмарны шукальнік хлеба...
Мой дальні сваяк—
летуценнік-штукар,
якіх нараджае неба.
Ён крыламі трызніў
з той самай пары,
як здолеў на дах залезці...
І стуль з-пад аблок,
з залатой вышыні
крычаў: -- Я чакаю вецер!
Ён вецер чакаў.
І наіўна лічыў
яго ўладаром Сусвету...
Бо мала,-- казаў ён,--
адных толькі крыл,
бо крылы – нішто без ветру.
Ды доўга яму
давялося чакаць.
Прашло паўжыцця – не меней.
Хадзіць развучыўся – бо марыў лятаць,
як птах у глыбокім небе...
І ўсё ж прычакаў...
Небывалы Вяртун
у сне скалануў вёску.
Ды толькі нічога амаль не крануў--
так – вышчарбіў плот дошкай...
І знік нечакана,
пакінуўшы пыл
адзін на адзін з ноччу...
Назаўтра ж убачылі дзіўнае з дзіў
суседзяў-сяльчан вочы.
На месцы дзе колісь
«Ікараў дом»
(назваў нехта п’яны з дуру)
сто год прастаяў -- зараз пуста было—
застаўся адзін падмурак...
Шукалі тры дні.
Толькі клёпку знайшлі
ад даха жытла Макара.
Ды бачылі: недзе высока плылі
абрысам сялібы хмары...
І нехта прамовіў:
-- Святы быў Макар,
насіў за аспіною крылы...
І вырас на колішнім котлішчы храм—
Храм Ветру нябеснай Сілы.
Балада пра затопленае вядро
-- Ну, глянь ты, куды мяне зноў завяла—
з гадамі дзяцінець Памяць...
Стаю на абрыве крутым Жарала,
лаўлю на «жыўца» з сябрамі.
Тут «з шосцікам дно»--
гэта значыць ніхто
не змераў глыбінь віру.
Ды раптам з абрыву – у прорву вядро
і я ўслед за ім – гірай...
Я плаваць умеў,
яшчэ лепей нырыў,
ды д’яблавым «чорным вокам»
не марна той вір з рыбакоў хтось празваў,
і я ў ім -- «блыха з падскокам»...
Читать дальше