Гэтак мінаецца лета.
З мрояў адроіцца мара –
разам у бездань Сусвету
рушыць насустрач пажарам...
Палю масты,
Ды пакідаю палі,
Каб новы мост
Наслаць на чым было...
(Рыгор Барадулін)
Паліць масты – для дужых духам праца.
Паліць масты – няпростая забава.
Паліць масты – з самім сабой застацца
па розныя бакі ад пераправы.
Паліць масты – душы патрабаванне.
Паліць масты – не кожнаму пад сілу.
Паліць масты, каб здраду і каханне
рачная плынь навекі раздзяліла.
Палю масты, але з адной умовай,
як ведаю, што болей не вярнуся...
Палю датла, а толькі на палову –
наўрад ці і з гадамі навучуся.
Рукі, як адхуканыя птушкі,
для якіх кішэні сталі гнёзды.
Вецер рой сняжынкавы загушкаў.
Вуллі хат – мішэні для Марозу.
Нібы ў лёд, у высі ўмерзлі зоркі.
Заўтра Богу доўга высякаць
Панядзелка крыгу, каб Аўторак
сваё месца ў небе змог заняць.
Змрок.
Зор
жвір.
Ноч.
Воч
вір.
Рань.
Рунь
мрой.
Дзень.
Дум
рой.
Голас галінавых глосаў...
Губляюць гоні грэбні-грывы,
галосяць глосамі галінаў.
Гугнявы гром грыміць гняўліва...
Гаротна гронкі гукаў гінуць.
Гул галатурыяў гітарных.
Глісенда градзінак гардзінных...
Гаёвых галерэяў галы.
Грыбных галераў гільяціны...
Гадоў грахоўнае гарышча
гадуе гонар галубіны...
Глухі гарлач гукае гліна
гартанным голасам глыбінным.
Мая душа – як ліфт парожні --
вандруе ў целе дзень і ноч.
То яе вабіць водар пожні,
то прыпадзе да шыбін воч...
То ў ёй цалуюцца каханкі,
то гвалтаўнік свой гострыць нож...
Мая душа ад зор да ранку –
прытулак стомленых нябож.
Маёй душы пустую клетку
даўно пакінуў салавей...
Тут вершам пішуць вельмі рэдка,
тут смерць – апошняя з надзей.
Мая душа – як ліфт парожні --
аднойчы грымнецца з нябёс...
А разам з ёю – хмары, пожні,
каханне, вершы, п’яны бомж.
Я маці не любіў сваю адмалку.
Я маці ненавідзеў -- колькі мог...
У крыўдзе слёз – тапельцам сэрца стала,
і пакараў за гэта мяне Бог.
І атрымаў я першы ліст ад мамы,
што паўжыцця дарэмна прачакаў...
Тры словы з плашчаніцы тэлеграмы –
як тры цвікі -- з Хрыстовых свежых ран.
Пад небам анямелым дамавіны
даруй, матуля, мой няўмольны грэх.
Я так цяпер любіць цябе павінны –
як Бога Ной, сыходзячы ў каўчэг.
Верасень мярэсціцца ў смузе
водсвету лісцёвай пазалоты.
Бусел на затомленай назе –
інвалід айчыннае самоты.
Позна прыкмячаць, як урасеў
скошаны бульбоўнік па гароду.
Трэба рыхтавацца пакрысе
да жніва раптоўнага прыходу.
Верасень мярэсціцца ў смузе –
вырай мой – няблізкі, недалёкі...
Бусел, на затомленай назе, --
ідэал жыцця майго высокі.
Састарэлы вецер-пілігрым
папрасіўся ў прымы да асіны...
На паляне шлюбнай у бары –
куст рагоў -- скупы калым ласіны.
Мару не прыручыш да галін...
Тонучы ў нябесным сінявіры,
спакваля лістоў асенніх клін
адплывае ў свой апошні вырай.
Ён жыве ў перакуленым свеце...
Яго дзень – гэта наша ноч.
Плаўнікі яго крылаў вецер –
як галіны кладзе на нож.
Яго неба – ніжэй павеці.
Яго сонца – патухлы свет...
Яго вочы – азёры смерці.
Яго сны – амальгама стрэх.
Ён апоўнач нырае ў поўню.
Ён апоўдзень – з-пад кроквы кроў...
Ён -- і д’ябал, адпомсты поўны,
і -- анёл, што сама Любоў.
Дрэва бязроднае гоніць рака –
рыба ў лісці зялёным...
Вынырне месяц -- чаўном рыбака –
высвеціць невад кроны.
Дзе вадзянік на падводны зруб
высцеліў плёс бярвеннем,
рук каранямі ў адчаі дуб
ворыва хваль успеніць.
Тут у вірах, што магіл глыбей,
змірыцца з лёсам волат...
І прычакае драпежны глей
золата чорнай зморы.
З занябёсных глыбіняў,
адкуль не вяртаюцца птушкі,
дзе сасмяглая гліна
сумуе без Богавых рук,
саламяны прамень
на паркалевым снезе падушкі --
свежазжыты ўспамін –
паратунак ад сонных пакут.
Читать дальше