Адплывалі аблокі за богавы светлыя вочы,
нібы гурма анёлаў -- успененай хваляю крыл...
Ды заплакала маці, раптоўна прачнуўшыся ўночы,
трох слязін дачакаўся не ёй узгадованы сын.
Трох слязін – трох парваных бурштынін атрутных,
трох змяюк са спалоханых раніцай сноў,
трох чаўноў у сталёвых вярыгах раскутых,
трунаў трох з жаўтажвірых вясковых кладоў.
Мой сон пераехаў трамвай
каля стадыёна «Дынама»...
І чорнаанёлавы рай
гукнуў нехрышчонаю рамай.
Не ведаю, хто дапамог
адолець парог падваконня,
ці д’ябал у вочы, ці Бог
глядзеў з залатога прадоння.
Прачнуўся – распнуты на стол...
Душу адпускала Геена,
і белы бальнічны Анёл
шпрыцом цалаваў маю вену.
З авансцэны вясновага рання
між аблокаў туманных куліс
у пражэктарным сонечным ззянні
ён крыху тэатральна ўзнік.
Ён маўчаў і глядзеў мне у вочы,
ён прарочыў нязжыты мой лёс.
Я з магілы глыбокае ночы
пад паглядам яго уваскрос.
І на хвалю ступіў асцярожна,
і за ім да нябёсаў наўпрост
брукаванкай астыглаю Сожа
ціха рушыў, амаль як Хрыстос...
Пайду ў Лістапад...
Яго царская брама
даўно спакушае, вярбуе душу...
Пайду неаглядна, як вернік да Храма,
дзе лісьце спраўляе па леце імшу.
Пайду ў хараство
харалужнага бору,
дзе сонца сусаліць асін купалы.
Сыду хоць на дзень
ад згрызотаў і зморы,
і дум неадчэпных цяжкой кабалы...
Пайду ў Лістапад
без надзей на вяртанне,
як жораў журлівы у обнізе зор...
Сыду назусім – ерэтык-самазванец...
Спытаюць – куды?
Адкажу – на касцёр.
А. Бяляцкаму
Калі загалосяць нябёсы
мне ўслед залатымі дажджамі,
калі лёсахрэсніца Восень
заваліць мне вочы лаўжамі,
калі ўвырайлётныя гусі
мне сэрца, як пацер, праніжуць,
раскрэсы маёй Беларусі
я ў рукі вазьму заміж крыжа,
і рушу насустрач Галгофе
зашклёным шляхом перадзім’я,
а кроў у снягах сваёй мовы
пакіну на памяць Радзіме...
М. Багдановічу
Я помню, што гэта ўжо колісь было.
Каляды. Завейная шчырасць.
Сумёт за балоннем – узнятым крылом
Луг-лебедзя, гнанага ў вырай.
І ты ўслед за ім, як крывіцкі Ясон,
памкнуўся, паверыўшы ў мару.
А слуцкага паса -- цяжкое руно –
царкоўным заззяла арнатам...
І раптам з нябыту ўзнікла Яно
паўночнай парой сяродзім’я.
Валошка, што ўмерзла ў ваконнае шкло –
пагляд твой растайны, Максіме.
Максім, не вяртайся...
Ад хросных пакутаў, ад здзеку і гвалту,
як Нёман спрадвечны змялеў радавод...
Максім, не вяртайся з далёкае Ялты --
цябе не пазнае тутэйшы народ.
Бо й сёння – сляпы ён, з нішчымнай душою,
як колісь, калі ты пра гэта казаў...
Яму непатрэбна ні слава Пагоні,
ні бел-чырван-белы крывіцкі штандар.
Цяпер разумею Чарнобыля кару...
Хоць вый валкалакам, хоць каняй крычы...
Валошку тваю, Беларусь нашу мару,
вось-вось янычарскія скосяць мячы.
Па дарозе «Масква-Варшава» --
як не стала крывіцкіх месц...
І шляхетнае «Прошу пана»
закацілася аж у Клецк.
Па дарозе «з вараг у грэкі»,
па шляху на спякотны Крыт,
беларускія зніклі рэкі --
бо Даўгава мялей чым Дніпр...
На якім жа шляху-дарозе
мне Радзіму сваю шукаць,
каб я быў там «як суць па Бозе», --
як Скарына любіў казаць.
Раптам успомніцца вёска Драганава,
ліпень ахрыплы ад шоргату кос
і туманы, што над Пціччу тарпанамі
нізка ляцяць, не збіваючы рос.
Човен прычалены ў нетрах аеравых
і паплавок між глыбокіх нябёс...
Зорка з ракі у руках краснаперая –
сынава радасць з вясёлкаю слёз.
На кульмане Свяцкага возера
свавольны чарцёжнік Вецер
гадзінай не надта позняю
алоўкам чароту крэсліць.
А потым уласны роспіс
спрабуе здаля разгледзець.
А вернецца – рухам злосным
сатрэ ўсё і зноўку крэсліць.
І так ад відна да ночы.
І так ад цяпла да стыні.
Аж покуль Зіма аднойчы
гатовы эскіз не прыме.
Читать дальше