Люты
На Прыпяці -- прыдуха.
Амаль як кожны год.
Ляшчы, ўюны і Скруха
умерзла ў мёртвы лёд.
Сакавік
Прамяклых дахаў шыферныя крылы
на ветры з поўдня колькі ні сушы...
Узняцца ў неба зноў ня хопіць сілы
забытай вёсцы ў прыпяцкай глушы.
Максіму Багдановічу
Ні спякотным поўднем лета,
ні ў асеенні дзень дажджлівы
не трывожце сон Паэта—
ён у сне сваім шчаслівы...
Бо не ведае, не знае,
што ў забранай той краіне
на яго Пагоню зграю
нацкавалі -- Вершнік гіне...
Што арнат залатарунны
тканай ім да скону мовы
разарвалі ўнукі-гуны,
і крывёй барвеюць словы:
БЕЛАРУСЬ, РАДЗІМА, ВОЛЯ!
-- Спі, Страціме, на чужыне...
Не дай Бог табе юдолі
счужанець у роднай гліне.
Светлай памяці прабабулі Вольгі
Ад пужання, уроку, ўлёку,
ад прастуды, каб вогнік знік...
Ты шаптала над глінным глёкам,
загарнуўшы яго ў ручнік.
Тройчы дзьмула ў яго, а потым
адганяла ім духаў злых,
што мяне абвівалі потам,
адбірала і зрок, і слых.
Я з таемных тваіх маленняў,
я з глінянай тваёй імшы
скраў пярынку твайго агменю,
скраў святлінку тваёй душы...
Ад пужання, уроку, ўлёку...
Беражы мяне, беражы.
З завейным кутасом
зіма не знойдзе зладу...
Мы зорку ў дом нясём.
Каляды -- ёсць Каляды!
Казу з сабой вядзём—
хай будзе дом багаты.
Шчадроўніцу пяём.
Каляды -- ёсць Каляды!
Цыганка з цыганом
і бусел – госць цыбаты
вітаюць кожны дом.
Каляды -- ёсць Каляды!
Гарэліца з сальцом.
Без іх якое свята?
І дзеўчына з хлапцом...
Каляды – ёсць Каляды!
Дарога. Зорны плёс.
Вясёлы рогат свата.
Царква. Алтар. Хрыстос.
Каляды -- ёсць Каляды!
Драўлянае рэха часоў Бэтлеема,
Драўляная памяць драўляных вякоў.
Драўляная зорка. Драўлянае неба.
Драўляная кроў з-пад драўляных цвікоў.
Драўлянага смеху драўляныя вусны,
Драўляныя словы з драўляных псалмоў.
Драўлянае шчасце, каханне, спакуса...
Драўляныя крылы, драўляны анёл.
Драўляныя крокі, драўляныя крыкі.
Драўляныя яслі, драўляны мароз.
Драўляныя слёзы драўлянай Марыі.
Драўляная Смерць і драўляны Хрыстос.
Нехта на ўсходзе разліў кінавар...
Буда, Хрыстос ці Вішну?
І старажытны пергамент хмар
думкай біблейскай выспеў.
З самага дня залатых глыбінь
выніклі раптам словы:
-- Не падмані, не ўкрадзі, не забі...
Тры. І з мяне дастаткова.
Вечар – сляпым Гамерам...
Човен на чорных хвалях.
Ноч у чаўне з памерлым—
Днём адплыве за далеч.
Так у жыцці бывае—
смерць і каханне побач.
Дзень без начы згарае.
Ноч апране жалобу...
Чорную ноч -- дзень белы.
Смерць і жыццё з’ядналі.
Вечар – сляпым Гамерам.
Човен на чорных хвалях.
Барысу Пятровічу
Ці страшна жыць успамінам? --
Дзяцінства, Ігруша, Дзічкі.
-- Страшней -- дачакацца сына—
і ноч -- без адзінай знічкі...
Ці страшна хадзіць па паветры?
Апоўнач вакно – магілай...
-- Калі ты ў хаўрусе з ветрам
не надта, бо маеш крылы.
Ці страшна душы без Храма?
Забудуць спытаць – адлучаць...
-- Калі твая кроў -- атрамант—
не страшна – крыху балюча.
Музыка музейнае цішы.
Смутак безнадзейнае душы.
З адзінотай келіх на дваіх...
Дзе такі прывідны навакольны свет.
Дзе такі уяўны незямны паэт.
Дзе ў пакоі цьмяным чуецца уздых...
Быццам «фортэ» «п’яну» занімае дых.
Дзе усё ахутаў дзьмухаўцовы дым...
Дзе ніхто не здзьмухне віфлеемскі пыл.
З бібліі схаванай у шкляной труне...
Тут наканавана
жыць і ўмерці мне.
Ні свечку, ні кветку, а кнігу
Паэту ў труну пакладзіце,
з якой ён да Бога паціху
па выстылых воблаках прыйдзе
І скажа: «Айцец мой нябёсны,
як самы бязлітасны крытык,
прымі, наканованы лёсам,
мой сціплы духоўны нажытак...
-- Максім, у найвышняй гасподзе
«Вянок» твой яснеецца німбам.
А зерне, што спала ў народзе,
я веру аднойчы узыдзе!
Читать дальше