Ну, вось і ноч. I ціха, як ніколі.
Ды пошум дня у думках не аціх.
Пакутн ы гуд — непадуладны волі,
Забыцца на яго — напружвае мой слых
Мацней, мацней... Дарма прасіць: «Даволі!»
О, галасы людзей, і злых і дарагіх!
Наканавана мне бясконца слухаць іх —
I не уратаваць сябе ад гэткай долі!
...А пойдзе ноч на дзень — і ранак сінявокі
Угледзецца ў акно — няма маіх турбот.
Здзіўлюся толькі, што над хатай невысока
Бязгучна праляціць аглухлы самалёт.
Туліцца бэз да зруба,
Росны, світальны.
Ты прашапчы мне: «Любы» —
На развітанне.
Незбудаваны дом наш
Поўніцца золкам.
Блізка мяне ўспомніш —
Буду далёка.
Вочы твае, дзе ранне
Вечар знясіле,
Будуць балець чаканнем
На небасхіле...
Сны
Азёрамі плешчуцца ля галавы,
Азёрамі
белых і чорных дажджоў,
Азёрамі
Вады і крыві.
Рукі закіну
I зачарпну
Далонямі — белых і чорных дажджоў,
Далонню — вады,
Далонню — крыві.
Прачнуся: далоні —
Адна ў адной
На падушцы, абступленай снамі,
Напоўненай пухам,
Сцягамі і зброяй.
Хтось затвор на вінтоўцы намацаў.
А птушкам
Збірацца ў дарогу.
Птушкі могуць вяртацца.
Кулі вяртацца не могуць.
I нікуды не дзецца
Ад хвіліны, ў якую
Ім сустрэцца:
Птушцы і кулі.
Неба ўскрыкне!..
I на воблака белае-белае
Кроў птушыная пырсне
Брусніцамі спелымі.
Куля болю не знае...
Шмат чародаў птушыных
Сакавік загайдае
На халодных галінах.
Ды гарачай рукою
Зноў намацае нехта затвор.
I няма нам спакою...
Бы чакаем мы стрэлу.
Ва ўпор.
Яму звязалі рукі за спіпой.
Надзелі пацеркі.
— Ідзі! — I з аўтаматаў
Услед яму паласанулі каты,
Забаўленыя катаўскай гульбой.
— Бягом! — Ён бег.
— Хутчэй! — Ён бег хутчэй.
Стралялі каты,
Каты рагаталі,
I справа,
Злева снайперы збівалі
Шкляныя пацеркі
З яго плячэй.
Дзінь! — пацерка.
Крычалі каты: — Брава!
Ад сумнага жыцця, відаць, яны
Такую вось вясёлую забаву
Прыдумалі ў вясёлы час вайны.
Дзінь! — пацерка.
Агонь шкляны ўразаўся
У твар,
У вочы... Потым вокрык:
— Стой!
О, вывучка рамесная, праслаўся!
Ён не загінуў. Ён сляпым застаўся.
Бо каты добра зналі рамяство.
Абаронца
Ты такую цану хіба ведаеш, свет,
Даражэй за цану перамогі?
Я гляджу на яго, на жывы манумент.
Манумент да сцяны прыпадае
I стогне.
Кроў
Кроў — гэта кроў.
Інакш пра кроў не скажаш.
Не параўнаць яе ні з захадам барвовым
Ні з барвай царскай,
Ні с пунсовай краскай.
Непараўнальную,
Жывую кожнай кропляй —
Нават з крывёю
Кроў не параўнаць.
Нам не спіцца... Пра гэта
Мы гаворым: не спіцца
Нам таму, што над светам
Гудзе навальніца!..
Так, што праўда — то праўда...
Навальніц незлічона...
Набываем мы «заўтра»
I губляем «учора»,
Бессмяроццю на поед
Дні трасём з кашалёў,
Як білеты на поезд,
Які адышоў.
Гэта — страх небыцця.
Страх пякельна гарачы.
Нам інстынкт да жыцця
Захаваны ад прашчураў,
Птушак, рыб і звяроў,—
Але хто з нас заплакаў бы,
Раскаціўшыся ў гром
Нейкай ноччу маланкавай!
Хто заплакаў бы — дрэвам
Прабіўшы трысцё!
Каб жыццё — не дарэмна.
Не дарэмна жыццё.
...Ноччу залівень-лівень.
Гром... I, хочам — не хочам,
Мы уночы маўклівей
I святочней уночы.
Мой родны край... Алешнік над ракой,
Высокі лес,
буслоў-танцораў гнёзды.
Я пасталеў, прыйшла пара на роздум,
Прысяду да стала згадаць аб розным
I ціха падапру шчаку рукой.
Вось снег пайшоў. I так мае гады
Ідуць-ляцяць, як гэты снег, бясконца,
I светла так, нібы заўсёды сонца...
Хай нават завіруха — і тады
Праменні свецяць у маё бяссонне.
Праменні родных матчыных вачэй...
I я да іх спяшаюся, хутчэй —
Да валасоў яе, прапахлых жытам спелым,
Да калыханак: «Будзь, сынок мой, смелы,
Будзь самы смелы ад усіх людзей...»
«Вучыся смеласці... — Сядлае дзед каня.
— Мацней трымайся, калі што якое!»
I — бізуном!
I з месца — ў свечку конь!
Няхай палае ранішні агонь,
Няхай грукоча сэрца маладое!
Читать дальше