Жанчын прыгожых трэба берагчы
Ад пошласці,
Каварства
I знявагі,
I ад мяшчанскай зайздрасці і звягі,
I ад залішняй ветласці і ўвагі,
I ад рукі нахабнай на плячы.
Яны прыйшлі на грэшную зямлю,
Як сны і летуценні залатыя,
Жаданыя
I трошачкі святыя,
Нязнанага суладдзя панятыя,—
Святлом напоўніць вечнае "люблю".
Не дайце іх зняславіць і запляміць,
Не рвіцеся ўчыняць над імі суд.
Хай горда па зямлі яны нясуць
Вясны юначай радасную памяць,
Зачаравання невыказны цуд...
Непрыгожых жанчын не бывае.
Паглядзі —
Вунь насустрач ідзе
Асляпляльная,
Баявая,
Як маланка,
Як выклік нудзе.
Ці плячом павядзе,
Ці брывамі —
Абрываецца
Сэрца на міг,
Як світальнай расой аблівае,
Ад халоднай зямлі адрывае
І ўзнімае да зор агнявых.
Непрыгожых жанчын не бывае.
Паглядзі —
Вунь насустрач ідзе Сарамяжліва-
Снегавая,
Як лілея на ціхай вадзеі
Вочы ўзніме —
I сінь палявая
Павявае
Лагодай такой,
Што глухая трывога сплывае,
I пяшчота душу спавівае,
I прыходзіць
Шчаслівы спакой.
На жніве,
Ля ракі,
У трамваі —
Паглядзі —
Прыгажунь не злічыць.
То — нібы сон-трава баравая,
То – як зорка Венера ўначы...
Непрыгожых жанчын не бывае.
Проста шмат невідушчых мужчын.
Назіраю ўпотай
За табой,
За табой.
Суцішаю работай
I сум свой,
I боль.
Сню і думаю ўпарта
Пра цябе,
Пра цябе.
Як нядрэмная варта,
Мая мара жыве.
Да бяссоннай пакуты
Табою,
Табой
Я пакорна прыкуты
Надзеяй слабой.
О, не рві мае путы!
Я сцярплю гэты боль..
3 вечарынкі-пагулянкі
Я сваю красуню вёў
Каля рэчачкі-пятлянкі,
Ля чаромхавых гаёў.
I вада вірыла смела
I дражнілася са мной:
То наперадзе шумела,
То звінела за спіной.
Ну адкуль такая сіла? —
Адцягнула ад сяла,
Закружыла,
Закруціла
I да лесу прывяла.
Дзе там сцежка,
Дзе палянка,
Дзе туману сіні дым,
Нават рэчачка-пятлянка
Не дазнаецца аб тым.
Да пары
Без дай прычыны
Не прызнаемся мы ёй,
Колькі зорак палічылі,
Колькі ўчулі салаўёў,
Дзе праседзелі да ранку
I шапталіся аб чым,
Разам з рэчачкай-пятлянкай
Мы пакуль што памаўчым.
Хоць няпрошанаю сведкай
Неадступна —
Вось бяда —
Не драмала, як суседка,
Булькатлівая вада.
Ды не дай Бог —
Нечаканка,
I ў каханкі ля варот
Наша рэчачка-пятлянка
Зробіць рэзкі паварот...
Як хочацца вярнуць усё назад:
I маладосць,
I салаўіны сад,
I закаханы позірк той дзяўчынкі,
Якую міма ветрам пранясло,
I неба без адзінай аблачынкі,
I на ружовай завадзі вясло.
Але ад пылу пацямнелі далі.
Сад высеклі.
Сцяжынкі затапталі.
Прайшлі дажджы шырокой паласой.
I юны рыцар
Тонкую дзяўчынку,
Сустрэўшы на аўтобусным прыпынку,
Ад скразняку хавае пад крысо.
I мкне маторка па рацэ імкліва...
I гэта ўсё, вядома, справядліва.
I сумна гэта.
Вельмі сумна ўсё...
Мне не забудзецца ніколі,
Як у азёрнай старане
Гуло сяброўскае застолле
I ты глядзела на мяне.
I сэнс,
I тайна,
I надзея
Былі ў бязладнай гамане,
Бо за сталом вясна сядзела
I ты глядзела на мяне.
Усё тады было дарэчы:
I драч ,
I юшка ў чыгуне,
І плыў туман над соннай рэчкай
I ты глядзела на мяне...
Яшчэ не раз мне па-юнацку
Твой позірк знічкаю мільгне.
Хаця б на міг,
Хаця б знянацку
Зірні здалёку на мяне!
Не знаю ,
Гэта добра ці нядобра,
Ды што хаваць мінулыя грахі —
I мне таксам а міні даспадобы,
Хоць я ім запазніўся ў жаніхі.
Зноў прымушае здзіўлена спыніцца
Жаночы цуд,
Як гэты свет,
Стары .
У цесным калчане міні-спадніцы
Дзве юныя нагі —
Як дзве стралы.
I плёткі — міма.
Забабоны — міма.
І цокаюць
Па сонным сэрцы
Лодачкі.
I мілая дзяўчына ў моднай міні —
Як чарачк а крыштальная на сподачку.
I чырванеюць посныя персоны.
I адарваць вачэй не можа Бог
Ад лёгкага,
Як хмарка,
Парасону
Над грэшнай пара й загарэлых ног.
Пад пошласць — міны.
Пад святошасць — міны.
Аж крэкча цынік качкаю падсаднаю.
А стройныя дзяўчаты ў смелых міні —
Як строгія цюльпаны ў палісадніку.
Читать дальше