Снег асенні — як трывожны сон:
Цёплым ветрам над зямлёй дыхнула —
I сплывае ўсё з вясновым гулам.
Цёплы вецер...
Што прарочыць ён?..
Мы ўсе адтуль, мы ўсе з вайны —
Яе рабы, яе сыны.
Яшчэ і сёння ў цішыню
Ідзём адтуль — з яе агню.
Пакуль не грымне новы бой,
Не ўдарыць новы боль,—
Бяссоннем памяці — яна
На ўсіх адна: вайна.
Яе крыла смяротны цень,
Што нада мной ляцеў,
Яшчэ і ўнук і праўнук мой
Адчуюць над сабой.
Як злы праклён праз пяць кален,
Праз небыццё, праз часу тлен,—
Гарыць на скронях сівізна
Ba ўсіх адна: вайна.
Мы ўсе адтуль — бацькі, сыны...
А ён — з магілы, як з вайны.
Зямлю капаў, раўняў брыжы:
Збіраўся доўга-доўга жыць.
Як хату ладзіў — на вякі,
Каб і прастор на ўсе бакі
I павярнуцца дзе было,
Як людзі прыйдуць «на сяло» —
Памужаваць, пагаманіць
I чаркай новы свет абмыць.
Але ці будзе там яна?..
Усё падчысціла вайна...
Во, браце мой, ажно туды
Забралася вяршыць суды.
А хто ёй права гэта даў —
Чапаць да страшнага суда,
Трывожыць векавечны сон?..
А можа, памыліўся ён?
А можа, там яе няма:
Заслон магіл вайну стрымаў?..
Напэўна, ўсё ж там цішыня...
Вось толькі як сюды радня
Ў госці прыйдзе да яго:
Дзе тыя могілкі — ого...—
Як свет не той усё адно,—
Зірнуў, a ўжо і не відно
Прыстанку вечнага бацькоў,
Дзядоў, суседзяў, землякоў...
І толькі з ямы ўгледзець мог
На стрэхах ззелянелы мох
Ды вецце голае прысад...—
Капай глыбей, хавайся, брат...—
Васіль трызненне адганяў,
Хоць добра ўжо і сам не знаў:
Ён зараз ТАМ ці ТУТ яшчэ?..
Цячэ пясок... Як час, цячэ...
З рыдлёўкі — дні, гады, вякі.
Вышэй, вышэй узмах рукі...
Зямны надзел — глыбей, глыбей.
А неба ўсё вузей, вузей...
Астылы дол. Апошні ліст —
Бярозы крык. Рыдлёўкі бліск.
Капай, задуху перасіль,
Капай жытло сабе, Васіль.
Упершыню ты хлеб чужы
Прыйшоў адведаць на крыжы.
Ва ўсіх работах быў, як бог —
Адну рабіць не мог:
Араў, касіў, лажыў стагі —
Не мог капаць магіл.
Капаў траншэі, рубяжы,
Зямлянкі — пагарэльцам жыць,
Калодзежы, ставы капаў
I грэблі насыпаў...
А вось прыйшлося на вяку
І тут прынадабіць руку.
Каня сталёвага — у дол
Загнаў...
I жыта пяць пудоў
Прысыпаў на худы памол.
Цяпер і сам туды — у дол.
Капай глыбей адвечны спрат,
Шляхоў адтуль няма назад...
Адну сцяжынку выдаў бог,
Але на ёй ты жыць не мог.
...Яны прыехалі ў абед:
Адрузлы немец-кураед,
Два паліцаі і вазак —
Не толькі з лейцамі, аднак.
За імі — наразмашку хлыст —
Скакаў вярхом прапагандыст,—
Так сам сябе іменаваў,
А як ён прапагандаваў,
Пра тое болей ведаў хлыст —
Галоўнейшы прапагандыст.
Васіль у момант зразумеў,
Што справу кепскую займеў...
Аж тарганулася рука
З хлыстом нервовым:
— Дзе дачка?
А дзе дачка — ідзі шукай...
— Яна ў гасцях, у сваяка.
— Ці не ў таго, што кліча ў лес? —
З каня рыўком дадолу злез,
Халяву паласнуў хлыстом.—
Ты не круці мне тут хвастом.
Я знаю гэтых сваякоў.
Ажыў і немец:
— Матка, ком,—
Паклікаў пальцам,— яйка, шпэк...
«Каб ты наеўся ўжо навек,—
Ды ўсё ж палезла мама ў спрат.—
А можа, памякчэе гад...»
У попеле ў старым гаршку
З дзесятак яек на палку
Ад ласых, збродлівых патраў
Бярогся для пільнейшых спраў.
— А камсамольскі дзе білет
Дачка хавае? Чуеш, ты?
Ці лекаў даць ад нематы? —
I хлыст апёк шчаку агнём.
— Ну! Не прыкідвайся ягнём.
Да сценкі! — гаркнуў.— Што і як
Успомніш момантам!..
— Я, я,—
Затакаў немец,— партызан
Страляйт...—
Хусцінку падвязаў
Пад бараду,
губу прыцёр
I яйка цокнуў аб затвор.
Шкарлупку ногцем калупнуў,
Для спробы каліва глынуў
I раптам зморшчыўся...
Размах —
I яйкам па бандыту:
— Бах!—
Відаць, не свежае было....
Зайшоўся смехам.
— Ах, мурло!
Напружыў бацька сілы ўсе —
Рывок — і на траву асеў.
Читать дальше