Збіваць умеў прапагандыст...
Крыжы... Бяроза... Жоўты ліст...
— Вось тут капай.
Калі дачка
Не з'явіцца — дзядоў гукай.
Прасіла мама:
— Пан, бяры —
Во певень ёсць яшчэ ў двары...
Пытала мама:
— А за што ж?..
Смяяўся немец:
— Кур карош!..
Капай глыбей, хавайся, брат...
Глядзіць у яму аўтамат:
«Ці шмат яшчэ таго жыцця?»
А Васілю як і няўцям,
Kaгo пытаў, каму гразіў
Чужой сістэмы чорны зірк...
Карцела думка неўпапад:
«Якой жа маркі аўтамат,
Што рылам пнецца да плячэй?..»
Цячэ пясок... Як час цячэ.
Адстаў, адстаў былы салдат,—
Нічога ўжо не знаеш, брат...
Чужы з чужымі на адзін,
I свой адвернецца, глядзі...
Не здрадзіў, быццам, не забіў,
Ды волю вольную згубіў,
Скарыўся духам...—
Чуе, гад,
Той невядомы аўтамат,
Пацвельвае: «Капай, капай,
А там — знаёміцца давай».
Нібыта ўжо так важна знаць,
Якой сістэме дзякуй слаць,
Што ўміг ад свету адсячэ...
Цячэ пясок... Як час, цячэ.
Цячэ з рыдлёўкі ў Васіля...
Сістэмы робяцца пасля.
А наперш быў шалёны крык
У Мюнхене пра Kampf i Krieg.
Над рыжым куфлем — белы чуб.
Над чорным Рурам — зеўрань труб.
Хмель узбіваў трыбун піўны.
Кіпела сталь: «Вайны, вайны!»
Чакала сталь такіх сістэм,
Каб сцвердзіць бюргерскі эдэм.
Яму і дзякуй. Гэты рай
Глядзіць у яму цераз край.
Цячэ пясок... Як час, цячэ.
На фронце — там яно лягчэй.
Там сіла страшная нясе:
Там не адзін ты — там усе
I ты з усімі: бі, страляй,
Ідзі ў атаку, адступай...
Ні жонкі там і ні дзяцей —
Там ясна ўсё. Там, брат, лацвей...
Там як часцінка ты ў віры:
Даюць каманду — хоць памры,
Хоць выжыві — свая бяда,
І страх — як з гусі той вада.
А тут — адзін, і сіла ўся
Ў табе адным, а вунь вісяць
На шыі хата і сям'я,
І сіла дзеліцца твая
На ўсіх — па кроплі акурат...
Капай глыбей, хавайся, брат...
Вa ўсім суцеха, што душа
Не збэшчана на барышах,
Што не прадажная яна —
Свая, апошняя, адна.
Цячэ пясок... Як час, цячэ.
Адна хвіліна ёсць яшчэ...
Капай глыбей, хавайся, брат...
Адна сцяжынка ёсць назад...
Яе ніхто не мог стрымаць,
Ніхто не мог уратаваць,
Ніхто не мог адгаварыць —
Сама ляцела ў кіпцюры.
— А татка родны, любы мой,
Бяры й мяне!.. мяне з сабой...
Схапілі Зіну, павялі...
Вылазь, Васіль, жывы з зямлі —
На два гады яе пакут:
Вылазь чыніць над бацькам суд...
А ты, дачка, пазыч віны,
Пазыч у бацькі сівізны...
Ішоў вусаты чалавек,—
Мы зналі, хто так ходзіць:
Усцяж палёў, лясоў і рэк —
І ў сцюжу, і ў разводдзе,
I ў гуле жніўнае пары,
I майскім ранкам траўным,
I ўдзень, і ўноч, і на зары —
Паходкаю дзяржаўнай.
Ішоў вусаты чалавек —
Надзея ўсіх народаў:
На цэлы свет, на доўгі век,—
Нязменнейшы і родны.
I стогадовым, і малым —
Ён быў заўжды адзіны
Ўсім настаўнік, бацька ўсім —
Не быў нікому сынам.
Мы ведалі яго партрэт
У гэтакай паставе.
І ледзь не кінуліся ўслед:
— А раптам гэга Сталін?!
Ды каб з-за нас, з-за недарэк,
Не вызналася тайна:
Хто ён — вусаты чалавек,—
Стрывалі мы адчайна.
Тугой застылай з-пад павек
Глядзелі ўслед знямела...
Ішоў вусаты чалавек —
Да веек заінелы...
Пяршак-мароз быў у гульбе —
Учэпісты і прыткі:
У горле дзёр і на гарбе
Тапырыўся пад світкай.
Ступаў мацком ад берагоў,
Лёд мацаваў на стрыжні,
А потым коўзацца бягом
Імчаўся з промнем рыжым.
Як бы адгульваўся траскун
Пасля адлігі млявай
I ў Начы выганяў з пяску
Пячкурыкаў-малявак.
Не грукатаў у сто грамоў,
Ваду не тоўк у ступе —
A ладзіў нам падлёдны лоў
I шчупакоў вышчупваў.
Яны хадзілі, як пад шклом,
У прозелені сіняй...
Вось тут злаўчыся — і калом
Лупі, што маеш сілы!
І скаланецца звонкі лёд,
І ў цішыні працятай
Хіснецца белізной жывот —
Надзей рыбацкіх свята.
Пакуль аглушаны шчупак
Не ладзіць з плаўнікамі,
Лёд прабівай — і проста так
Бяры за хвост рукамі.
Ён момант нейкі паляжыць,
Як выхапіш з палонкі,
Ды нібы ўспомніць: «Трэба жыць!»
Пачне ірваць пастронкі.
Спружыніць, выгнецца дугой,
Джганецца на паўметра
Ўверх маланкаю тугой,
Як дасць нырца ў паветра.
Ударыць моцным плаўніком,
Шукаючы апоры...
Яшчэ раз узляціць рыўком —
I аціхае ў зморы...
Читать дальше