Хоць не сказаць, што шчупакі
Ішлі пад кол пудамі,
Ды мелі ўлоў такі-сякі
Мы з дзядзькавым Адамам.
Я выглядаў, а ён глушыў,
На спробу лёд падзыбваў:
Калі ўжо той на ўвесь аршын —
Якая, браце, рыба...
Тут гэтак толькі і лавіць:
Па першаку-марозу,
Калі пакрэктвае, звініць
І гнецца лёд з пагрозай.
A ўжо як дно праз дым відно —
Дарма калом не бухай:
Шчупак не чуе на адно,
Другое — глуха вуха.
Цяпер жа — самая пара
Была на гэты спосаб:
Лёд — пальцы ў два, а на вірах
Таней, ды моцы досыць.
Трымае, як нічком паўзеш:
Лёд з восені — хаўруснік,
Надзейны лёд.
Ды абамрэш,
Калі пад локцем лусне.
I ў суцяшэнні сэнс малы —
Як пачынае вухкаць:
«Вясною тоўсты, ды гнілы,
А зараз крэкча пругка...»
Дыханне здрадлівай мяжы:
Ляжыш, а жылкай белай
Па лёдзе трэшчына бяжыць —
Як адразае бераг.
I не стрываеш: нібы рак,
Хутчэй назад пластуеш...
А што шчупак? А ён і так
Пакіне прорву тую.
Ён выйдзе жыраваць на плёс,
Як цень, з віроў цямнотных,—
Яно не лішняе ў мароз...
Ды й пагуляць ахвота,
І пасваволіць, і пакпіць
На дне з карча старога,
I сонца трошачкі ўхапіць —
Няхай сабе й скупога.
Плыве — і я над ім паўзу.
Прыціх — і я спынюся.
Цікуе ўклейку-драбязу...
Не, перадумаў, мусіць...
Ну што ж, яшчэ не ўгаладаў,
Чакае большы кавал...
А гэта што за барада?
Дзе і каго шукала?..
Шчупак узнаў. А я дык не.
Гляджу... А каб ты згінуў! —
Ды гэта ж корань-плывунец
Зашыўся так у ціну.
Сам травяны, але ж усмак
Жучкоў глынуць умее:
Лісткі нацэліў наўскасяк
Многаязыкім змеем.
Плыве далей шчупак на мель,
Здабычу выглядае,
Пажухлай раскі жаўтазель
Хвастом тугім гайдае.
I ўжо, здаецца, на мяне
Ўставіў хіжа вока.
I ўжо Адам акамянеў
I кол занёс высока...
I тут — вусаты чалавек.
Ішоў сабе па грэблі,
А нас ад лову як адсек...
— Дамоў збірацца трэба...—
Няпэўна працягнуў Адам.—
Ці ўсю паловіш хіба?
І я — рашучасці паддаў:
— А чорт з ёй, з гэтай рыбай!..
Сабе во большую бяры,—
Я знаў, што дзядзька Змітра
Спытае: «Як там, у віры? —
Застаўся самы хітры?»
Дык хай не думае, што мы
Такія ўжо разявы:
Хоць шчупакі і не самы,
Ды ёсць во для заправы.
Прыспешваў, падганяў сакрэт:
Сігалі мы з Адамам —
I ўсё каб трапіць след у след
З Ягонымі слядамі.
За ім — ляцелі стрымгалоў,
Як ветрам несла ногі.
Прыбеглі з тайнаю дамоў,
А там — ніхто нічога...
А там — усё як і было,
I знаць не знаюць нашы,
Што Ён ішоў цераз сяло...
— Глядзі, як лупіць кашаль!..
Напоўзаўся да цемнаты,
Ссінеў, як пуп гусіны...
На печ залазь, бяры шманты,—
Загнала маці сілай.
— Накрыйся добра там, казак,
Грэй на чарэні пяты...
Я не сказаў —
Нікому. Нават тату.
Маўчком узгробся я на печ,
Адвару выпіў кубак...
Ну а сакрэт — такая рэч,
Што языкоў не любіць.
Маўчу... Няхай сабе, няхай
І не аб тым гаворка,
І памыліўся я няхай,
Ды крыўдна ўсё ж і горка...
Ішоў вусаты чалавек
I меў свае патрэбы.
Ішоў, як ходзяць з веку ў век
Пад гэтым вечным небам.
Як пасмяяўся: «Я не я,
Зусім не той, а гэты...
І хата з краю тут мая,
Што я вам не з партрэта».
Ішоў вусаты чалавек —
Ніхто і не прыкмеціў...
А нас пакінуў, як на здзек,
У гэтым страшным свеце...
Аднекуль вечарам кажух
З'явіўся.
Тата з краю
Прысеў, сказаў:
— Ягоны дух
Прастуду выганяе.
Ён з печчу, браце мой, радня
I самы першы лекар:
Прасмаліць косці — і да дня
Зноў станеш чалавекам...—
Накрыў мяне:
— Ну, грэйся, брат…
Я пяткі ўпёр у чэрань
I ўсім царам і кум і сват —
Забыўся на вячэру.
Я плыў, як рыба... Я ляцеў —
Бо хто ж плыве ў паветры...
Як ціхі спеў, як лёгкі цень,
Лунаў над светам светлым.
Мне сонца вогненны прамень
У крылы аддавала,
I праразаўся весні дзень,
Як сон у снезе талым.
Той сіні сон, што з-пад зямлі
Нясе вясны цяпельца
І ствол зімы трасе ў камлі,
Звініць вясёлым шкельцам.
І ўслед за кветкаю звінеў
Жаўрук у небе сінім,
І сонцакрылага мяне
Маўчком лугі прасілі:
«Ты ахіні і абагрэй
Чаканне траў застылых»,—
І я ляцеў — шырэй, шырэй
Узмах напятых крылаў.
I ахінаў, і саграваў
Вясновыя надзеі,
І абуджалася трава
I здзіўлена глядзела:
Паміж мяцеліц і снягоў
Лугі ўсе затапіла
Вясна! — ні меж, ні берагоў...
І ападаю я ў траву,
Жыву яе дыханнем,
Яе вясновасцю жыву
I вольным калыханнем...
Читать дальше