Зязюля, сівая «зегзіца» —
Жаночыя слёзы мужчын...
Паслухаеш — i праслязіцца
Сам знойдзеш паўтузін прычын.
«Ку-ку» ды «ку-ку» — адгукнецца
I памяць, i прышласці міг...
I слухаем. I здаецца:
Вяшчуеш ты долю на ўсіх.
І гэтак з налецця ў налецце
Па-беларуску з імшар:
«Ку-ку» ды «ку-ку»... І здаецца:
Зямны адгукаецца шар.
І верым, зусім па-дзіцячы,—
Такі ўжо, выходзіць, народ:
Аднойчы з намі паплачаш,
А мы будзем верыць сто год...
НА ТВАЁ, ЖЫЦЦЁ, НЕЗБАВЕННЕ...
Іх імёны — слава народная,
Іх імёны — боль на стагоддзі.
Перад вечнасцю i свабодаю:
Авакум, Пушкін, Лермантаў, Гогаль..
Больш не будзем згадваць нікога:
Хопіць іх, покуль сонца ходзіць.
Хопіць іх на тваё сумленне,
На тваё, жыццё, незбавенне.
Агнявы мой рубеж, пераправа
Ў небыццё, у бясконцы час.
Ды за мной застаецца права
Іншы раз прыходзіць да вас.
Я іду — як трава — нячутна,
Я іду — як зоры ўначы.
Ваша памяць i ваша сутнасць —
Зноў іду я: перамагчы.
Паглядзець — у сэрцы i ў вочы,
Паглядзець у душы жывых.
I калі хто адстаў ці збочыў —
Я пачую. Раней за ўсіх.
ПАСТУЛАТ ВЕРЫ КАНЦА XX СТАГОДДЗЯ
Апакáліпсіс новы адкрыты:
Пасля атакі ядзернай
Ноч цемраю першабытнай
На планету нашу асядзе.
Антарктыда атамнай эры
Ў сэрцы Азіі i Амерык.
Фракі клеркаў — чорнае з белым
Як пінгвіны заледзянелыя.
І над нашым апошнім маем
Б'ецца сонца птушкаю шэрай...
Замярзае мой шэпт, замярзае
І крычыць: «Не веру, не веру!»
Што з-пад ядзернага парасона
Не вырвуцца ўсмешкі нашы
І наўздагонку сонцу
Лісцём затрымцяць апаўшым,
З-пад веек — завейных карункаў
Вочы зірнуць папрашайна,
I празвіняць пацалункі
Стылым! ледзяшамі...
Веру — хоць формула вецер
I холад касмічны вяшчуе,—
Веру: мяне на свеце
Вусны твае адчуюць.
Любіў калісьці ў неба я глядзець —
На песеннага жаўранка ў зеніце,
Што кропачкай высвечваўся ледзь-ледзь
На промні сонца, выспелата ў жыце.
Любіў калісьці ў неба я глядзець —
На вырай развітальны i няўлоўны,—
І пачынаў паціху сам ляцець,
І сам рабіўся птушкаю бяздомнай.
І так на сэрцы горасна было,
Як быццам ты ў той песні адлятала.
І рэха з неба голасна плыло
І за лясамі глуха ападала..
Яго шукаў, знаходзіў i губеляў...
І раптам скалыхнуўся свет аднойчы,
І паплыла за выраем зямля.
І я стаяў прад ноччу. Вочы ў вочы.
І покліч жураўлінае трубы,
І той жа лес — на даляглядзе грэбень,
І той агонь пакутны ў гуках быў,
Ды толькі не было цябе ў тым небе...
Крыўды я не лічыў —
Не такога талану.
Ціха раны лячыў
Тым, што быў пастаянны:
І табе, і сабе,
І агульнаму лесу —
Як жніву і сяўбе,
Як зямлі і нябёсам...
Пастаянства — мой шчыт —
Называеш бяскрыллем...
Пастаянства граніт
Стаў цяжэй надмагілля...
A гара з гарой —
Не бяда з бядой...
Горы бачацца —
Ды не сыходзяцца,
Беды сослепу —
Гуртам водзяцца.
Горы хмурацца
Перад кручамі,
Беды журацца —
Неразлучный...
Дум расстайных рой
Як гара з гарой,
А бяду з бядой —
Не разліць вадой...
Ля якіх сталіц,
Дзе — сустрэча тая:
На шляху стаіш —
А дарожку пытаеш...
Не вялікі падман,
Ды была б зачэпка...
...Пераймае туман,
Дзе воду мне чэрпаў...
Ля мурожных стагоў
Глуха стынуць ночы,
Як адсутнасць таго,
Хто глядзіць у вочы.
Для іншых ты Студэнцкаю не станеш —
Даўно ў цябе ўжо новае імя.
А для яго — трывожна i расстайна
Твае масткі драўляныя грымяць.
Як што забыў i ўспомніць дужа хоча,
Як што згубіў — не знае толькі дзе,—
Але сюды шукаць ідзе штоночы
І ўспамінаць — адно сюды — ідзе.
Калі ў дварах аглухне брэх сабачы
І гарадок з-за аканіц-павек
Не гляне нават,— ты скажы — ці бачыш
Сутулена праходзіць чалавек.
Спыняецца — няма ў каго спытаць,
Ідзе — пытанні вырастаюць роем.
І незнарок ягоная вярста
Ca мною сустракаецца парою.
Не-не, прабач, я знаць яго не знаю,
Я толькі знаю, што яго вядзе.
Той — малады, прыгожы — заклінаю:
Сагрэй яго, не пакідай нідзе.
Гукай яго. Каб сэрцам не заснуў,
Каб не панік на сцежках адмірання —
Няхай успомніць пра сваю вясну,
Няхай успомніць пра сваё каханне.
Читать дальше