Адны казалі: «Гэта ноч i дзень,
Святло i цемра...»
Іншыя: «Францыску
Карцела перадаць зацьмення цень
У год, калі сустрэўся ён з калыскай...»
Мабыць, i так... Але хутчэй за ўсё
Быў маладзік хвіліны думнай знакам,
Што па начах бяссонна мы нясём
Пад спаконвечным кругам Задыяка.
А сонца — сімвал светлы пачуцця
І прамяністы поўдзень летуценняу.
Аблічча двухадзінае жыцця —
Развагі холад i агонь натхнення.
Прыгледзьцеся — заўсёды на мяжы,
Дзе сонечныя вусны, месяц ззяе:
Найперш падумай, а пасля скажы,—
І вучыць ён i перасцерагае.
Затое вочы ў сонца — нібы крык,
Яны ляцяць, як гукі роднай мовы.
І здаўся ўрэшце месяц-маладзік,
І адхінуўся, каб лунала слова!
На той выяве герб — аўтапартрэт:
Друкар Скарына ў сонечным абліччы
Дыктуе веку новы запавет,
Парушыўшы біблейскі строгі звычай.
Такі быў знак. Ён з Полацкай зямлі
Пайшоў у свет, зламаў маўчання крыгі.
Цябе мы — як надзею — збераглі,
Скарынінскае сонца, наша кніга!
Раздарыла сыноў сваіх...
Дастаеўскі, Міцкевіч, Біруля...
З імі голас, i зрок, i слых
Аддавала ў людзі матуля...
Раскідала зярняты свае...
Слыў чылійцам вучоным Дамейка...
Дзе, якая гнёзды віе
Аж за трыдзевяць мораў зямелька?.
Нібы крык — авансцэны абрыў...
І каб маці ўтрапёна маўчала —
Гэтак голасна ў свет гаварыў
Шверубовіч з Вільні — Качалаў...
Хтосьці зблізку забыў... Хто здалёк.
І аднойчы маці сказала:
— Ты збяры, прысаром ix, сынок,—
I тады ў людзі выйшаў Купала.
Якое малое зярнятка, а ў ім
Трывожна і чуйна космас,
Няспраўджаны, спіць, покуль воляю зім
Снуюцца завейныя кроены.
А дайце надзею вясны i цяпла —
Сузор'е выбухне раптам:
Травінка малая — правобраз крыла,
Крыло — прадчуванне галактык.
Якія мільярды ад зор да Зямлі:
Гады светлавыя — імгненнем.
Пылінкай касмічнай ляцяць караблі:
Няма — i ці будзе — збліжэнне...
A толькі скраніце арбіту Зямлі
На нейкую долю мінуты —
I хопіць, каб мігам агонь спапяліў
Ці холад планету ахутаў...
Якую ж нам тайну касмічную знаць
I мудрасць якую мець трэба,
Каб нашу Зямлю на далонях трымаць
I несці пад сонечным небам...
— Жывём — i дзякуй,
сэнк'ю,
мерсі,—
І нечага бога гнявіць:
Было б што паесці, было б што папіць —
І большага не прасі...
— А можа, той бог
сёння хоць бы ўявіць,
Што такое
мільён Хірасім?
І раптам бог адказаў: «Шкада,
Што бога няма. І вас
Здзівіць не магу. І адкрыць, як братам,
Што ядзерны ваш выбуховы запас —
Мільён Хірасім.
А гэта якраз
Амаль буду я:
нішто, пустата...»
Як думы на фронт вадзілі
Салдаткі — дум камандзіры?
А так, як і пісьмы хадзілі —
Туды, у чорны агонь.
Спачатку ў цёплых руках,
Што абнімалі салдата,
Ці ў тых, маленькіх, якія
Ён браў калісьці ў далонь
І дыхаў, як на птушанятак...
За пазухай ці ў кішэні,
У сумцы ці ў торбе кужэльнай —
Дзе пешкі ішлі,
Дзе конна да станцыі дабіраліся.
Пасля цягнікамі ехалі,
Бывала, што i разміналіся
Дарогай з салдатам параненым...
А там, дзе ўжо дыхала фронтам,
Садзіліся на трохтонку.
А потым — крывавымі сцежкамі
Кароткімі перабежкамі.
Нібы патроны ў падсумку,
Паўзлі пад агнём па-пластунску.
I недзе на кропцы грымотнай,
Перад вышынёй няўзятай,
На крок ад удачы смяротнай
Траплялі ў рукі салдата...
На момант цішэлі траншэі,
На момант франты змаўкалі
Пісьмы, як птушкі, сядалі
І нешта на вуха шапталі,
І светла салдат усміхаўся,—
Вядома ж, не смерці сваёй...
...умирая,
воплотиться
в пароходы,
в строчки
и в другие долгие дела.
Ул. Маякоўскі
На папялішчах i руінах Роўна
Яшчэ і напамінку не было
Taго праспекта, вуліцы галоўнай,
Яшчэ блакадай дыхала з балот.
Яшчэ ўрываўся па начах свінцова
Шал аўтаматаў у людскія сны,
Хадзіла рэха крокаў Кузняцова,
Разведчыка зняволенай вясны...—
Читать дальше