Так штодня, так штодня
Застаешся ім назаўсёды.
Перад судом галоўным,
Перад вялікаю стратай
Не называю віноўных,
Бо знаю: я вінаваты.
Я — вінаваты самы,
Самы пагубца галоўны,
Перад табою, хата,
Што засталася бясслоўнай.
Перад табою, мова,
Перад табою, мама,
Я не збярог ваша слова,
Я — вінаваты самы.
Я не пачуў на радзінах,
Я не спыніў па хаўтурах,
Я не сагрэў — адзінае,—
Што ад смярцей ратуе.
Я не знайшоў такое,
Каб страшным судом судзіла,
Каб не давала спакою
Адступнікам i за магілай.
I кожны поле сваё ўзарэ,
Перш чым пайсці да зор...
З ненапісанага верша
Двое пас і два цені —
Полем крочым і крочым...
Дзень усё карацее,
І даўжэе шнурочак.
Конь спацелы натужна
Галавою хітае...
Век загонамі кружым —
І не знаем вяртання...
Прад зямлёй за паслугі
Я ўгінаюся крукам,
Зросся ўчэпіста з плугам —
Не разняць нашы рукі.
Баразной — грак панылы,
Нібы лес мой — з падлётам:
Неба ўзняў бы на крылах,
Ды не мае ахвоты...
Так і скача надозір
Па разорах суглею...
А ўжо ноч на парозе —
Хутка сонца датлее...
Поўня дзень мой надточыць,
Каб адолець аблогу...
Ары, ары, мой канёчак,
Да апошняга ўпрогу...
Табý супрацьлегласці — «ёсць i няма»,
«Усё ў сваёй скуры адвечнай» —
Нікому яшчэ не ўдалося зламаць,
І, зрэшты, ламаць недарэчна.
Адзіны міністр неразгаданых спраў
Дае ў невядомасць візу —
Мой розум, мой козыр між дрэў i траў...
Ды ёсць яшчэ тэлевізар.
Блакітны экран, блакітны каран —
Дзівіся i моўчкі маліся:
Кузюрка наўзе, i аэраплан
Ламае бар'еры ў высях.
Упобачкі ходзяць, ядуць i п'юць,
З жыццём гуляюць у фанты,
Нібыта ношку адну нясуць,
Крывавы Дантэс i Дантэ.
Касметыка з космасам, мітрапаліт
З метрапалітэнам зжыліся,
Як быццам яднае ix не дынаміт,
Як быццам яны сябры ўсе.
Шукаю гармонію —
нельга забыць:
Я — Розум, Адзіны, Вялікі,
Шукаю гармонію —
нельга завыць:
Я — Музыка, хоць не музыка.
«Усё ў сваёй скуры...»
Спытаю: чаму
Натура мая не збегла
У лясы? —
І палец шматзначна ўзніму...
Пачую адно: супрацьлегласць.
Спытаю: чаму адступае снег
І сонца ломіцца ў грудзі?
Пачую: вясна,—
не вялікі грэх:
Было так і, пэўна, будзе.
Хвала супрацьлегласці! Па крылу
Да палюсоў прыбіта...
Здабудзеш славу, бяссмерця імглу —
Ды зорак не зрушыш з арбіты.
Я верую, и мне не так больно...
Чэхаўская Ліка з кінафільма
«Сюжет для небольшого рассказа»
Праўда наша была сярмяжная,
Па-дзіцячы была сарамяжная,
Праўда наша — як птушка весняя:
Толькі воляю, толькі песняю,
Праўда шчырая i зычлівая,—
Гэтым праўда наша шчаслівая.
Праўда наша была бясспрэчная:
Toe ісціннае, што чалавечнае,
З праўдай мы, нібы корань з кронаю,
Кругавою жывём абаронаю,
Праўда крэўная i адзіная,—
Гэтым праўда наша праўдзівая.
Праўда наша была суровая.
Мы за праўду — на плаху галовамі,
У пятлі з Каліноўскім гінем мы,
Плацім Дальвамі і Хатынямі,
Праўда мужная і нязломная,—
Гэтым праўда і векапомная.
Векапомная і суровая,
Наша мужная і нязломная,—
Не была ты ніколі бяздомнаю.
Беларуская, ды не вузкая —
Чалавечная і праўдзівая,—
Не была ты ніколі шкадліваю.
Сарамяжная, і зычлівая,
І шчаслівая, і сярмяжная,—
Не была наша праўда прадажнаю.
Амаль балада
Той шнур у полі быў як на пацеху:
Па ярыне — агрэх каля агрэха.
Смяяліся з Данілы нават дзеці:
То плеш, то грыва на зялёнай шчэці.
Як быццам не саха ішла загонам,
А вепрукі ўзаралі шнур ягоны.
Ды не зважаў на кепікі Даніла:
А што — калі з ім неба гаманіла?
І што — хіба не любіць ён парадак?
Зусім, брат, не,— тут проста быў выпадак...
Выпадак,— хоць зусім не выпадковы:
Нарог жытло аб'ехаў жаўрукова.
Гняздзечка з яйкамі пашкадаваў Даніла.
А цераз год такое прываліла,
Што хоць на поле не выходзь з сахою:
Ад жаўранкаў аж не было адбою.
Усе Данілаў шнур аблюбавалі
I гнёзды — ад праталін зладзьбавалі.
«Агрэх — не грэх,— зноў разважаў араты,—
Няхай смяюцца — я не вінаваты...»
I зерне ў глебу кідаў ля наседак...
А песня — напярэймы, песня — следам,
А песня — побач, з-пад мяжы, i з неба...
«Ат, i было б там з гэтых латак хлеба...» —
I пасміхаўся: слухаюць суседзі,
Хоць кожны з кпінамі агрэхі ўжо агледзеў..
Стаяў пад небам прадзед мой Даніла —
І за спіною прарасталі крылы.
І цешыўся: «Не пад'ясі ніколі,—
А песня во для ўсіх, над цэлым полем!»
Читать дальше