Век машынны пачаў забывацца,—
Век машынны, напомніць дазволь:
Што такое мазольная праца,
Што такое, урэшце, мазоль...
Колькі іх — вадзяністых, крывавых —
Распухірваецца на далані,
Аж пакуль не наб'ецца каравы,
Той, сухі, што нібыта з брані.
Той шчырун і штодзённы руплівец
Напаказ пухіром не тырчыць,
Не вылазіць з-пад скуры слівай,
Аб заслугах сваіх не крычыць.
Знаць не знаецца з пазалотай
І не дасць ён жартаўніку
Пасмяяцца: гультай за работу,
А мазоль — тут як тут — за руку.
Вось пра гэты — ходзіць пагудка,
Ад яго і прыслоўі ўсе,
Аб мазольнай нядолі чутку
Ён якраз на ўвесь свет і нясе.
Ён якраз і мазоліць вочы,
І садзіцца па доўгі язык,
Ці на пятку абновай ускочыць,
Як абношваеш чаравік.
Ды яшчэ ёсць «мазоль працоўны» —
Праз рамень перавіслы жывот,—
Гэта самы, кажуць, галоўны,
Што расце i расце з году ў год
А на той руцэ, спрацаванай
Не шукай мазалёу дарма,—
На прасмоленай, адшліфанавай
Не было іх раней i няма!
І таму прашу: век машынны,
З той рукайся заўжды даланёй,
Што ніколі мазольным аршынам
Не вымервала долі сваёй.
Бо на ёй — не таўро, не пракляцце
І зусім, брат, не мазалі,—
Гэта працы вузлы, багацце
Найчаснейшае на зямлі.
Стаптаўся кіёк дарожны,
Расплясканаю лапай ступае.
Hi стукнуць, ні грукнуць не можа,
Нячутна ідзе — як памяць.
Перасцярожна i слепа
Пыл узбівае пухлы.
Блуканняў i выраяў злепак —
Дарога — нібыта аглухла.
Не вабіць больш i не кліча
Далей загуменных прысадаў...
Хаваюцца ціха абліччы
У ракаўкі дзедавых згадак.
То прамільгне дзяўчына,
То ён — зухаваты хлопец...
Сплывае дзед аблачынай.
І ракаўкі час затопіць...
Балада неперспектыўнай вёскі
Што ж гэта вы,
Дзядзькі і цёткі,
Дзяды і бабкі,
Прадзеды і прабабкі,—
Хіба не бачыце,
Як зарастае ў поле дарога,
Як зарастае поле сурэпкай,
Як пражэрлівы «каларадчык»
На вусах з хларафосным смуродам
(Гэты яд яму — нібы цыгарка)
На бульбоўнік выводзіць плойму —
Як і сам — жукоў паласатых,—
Іх бы трэба сабраць у вёдры
Ды спаліць, абліўшы саляркай...
Дзядзька Восіп,
Хіба не бачыш,
Як на печы, дзе грэў ты косці,
Лапушыцца, буяе крапіва,
А насенне з бярозы магільнай
Прарасло на парозе хаты...
Дзядзька Хведар,
А ты не заўважыў,
Як паехалі з селішча сцены
І газетныя моклі шпалеры,
Ад якіх ты шматкі адрываў,
Каб начную зрабіць самакрутку?
Кажуць, хаце тваёй пашэнціла:
Будзе ўжо амаль гараджанкай —
На садова-дачным участку
Будзе трускалкі есці ад пуза
І на градках лічыць гуркі...
Дзед Захар і прапрадзед Аўлас,
Ці вы бачыце, як журавель
Пахіліўся над студняй запалай,
Што капалі вы на падвор'і,
Каб нашчадкаў стагоддзі паіла?..
І паіла. А зараз не можа,
Бо вада застаялася ў зрубе,
Загнілася — няма каму піць...
Бабка Хіма, пяюха,
Ты чуеш:
Песень жніўных няма.
Толькі дружна
І натужна
Грукочуць маторы,—
Што жалезу да голасу нашага?!.
Вось таму камбайнёр і маўчыць,
Калі вечарам з поля вяртаецца,—
Знае цвёрда: не перакрычыш.
А прыедзеш дадому — якая
Будзе песня
Без поля і неба?
Песня там засталася — на полі,
Не спяваная i глухая.
Зімаваць на іржышчы будзе...
Ну а што як не перазімуе?..
Калыханкі таксама знікаюць:
На ўсю вёску — адзін унук,
Ды і той падкінуты з горада...
Вось дарога і зарастае...
А пажаць, пакасіць усё трэба,
Пакапаць усё трэба і выбраць...
Што ж вы гэта,
Дзядзькі і цёткі,
Што ж вы гэта,
Дзяды і бабкі,
Што ж вы,
Прадзеды і прабабкі,—
Што ж вы, мёртвыя —
Сорам у прыпар
На тым свеце ляжаць i лайдачыць.
Уставайце хутчэй!..
А потым —
Мы яшчэ раз па вас пагалосім.
Гербы кавалі шляхта i князі,
Каб дрэва радаслоўнае адзначыць,—
Тады і слава будзе на мазі,
І справа будзе абяцаць удачу!
Пад ix аховай зборышча гуло
На сейміках ад пыхі засцянковай,
На гетмана якраз акрас было
У захудалым гербе шляхцюковым.
Не трапіў у гербоўнік гэты знак,
І на шчытах не красаваўся слынных,
І роду ён не знатнага — аднак:
Стаўляў яго першадрукар Скарына.
Гравюру тонкую выводзіла рука —
Глядзі, люд паспаліты, i кумекай:
У промнях сонца — рог маладзіка:
Як фас i профіль твару чалавека.
Читать дальше