Усё тваё там, тут нічога твайго,
Ты сведкаю толькі
Нябытнасці свету, вар'яцтвам яго
Ад бойкі да бойкі.
Хай сыдуцца ў сечы з братамі браты,
Не кайся, не енчы,
Пакінь ім мячы і занятак пусты,
Як цацкі малечы.
Хай паляць сялібы і гвалцяць сясцёр,
Не енчы, не кайся,
Трымайся за іскры, за дым, за касцёр,
З нябёс не спускайся.
Сынам не бацькі і бацькам не сыны,
Да Боскае кары
Няхай у нянавісці любяць яны
Таго, хто ўладарыць.
Няхай выбіраюць
сабе ўладароў,
I птушкам, і рыбам.
Калі ты з паэтаў ці са званароў,
То зроблены выбар.
Пакінь, як кратоў, невідушчых братоў
У норах іх цесных.
Званіца твая — карабель без бартоў
На хвалях нябесных.
Хай рынецца свет на цябе аднаго —
Не бойся расправы.
Усё тваё там, тут нічога твайго,
Ні ганьбы, ні славы.
Не дайся падману,
як раб або цар,
Жывыя зямлёю,
У зоры ўзіраюцца, вымыўшы твар
Слязьмі і крывёю.
I кроў іх, і слёзы — раса на траве.
Няславяць ці хваляць —
У хвалі нябеснай Цар-рыба плыве,
Цар-птушка
над хваляй.
Мітынговыя вуліцы, поўныя ярасцю плошчы
Я пакіну аднойчы і рушу да возера Прошчы,
Што сінее на роднай зямлі васільком на радне
I царкву са званіцай ашчадна хавае на дне.
Па збалелай дарозе
з камянём непазбыўнай віны
Я ўвайду ў тое возера і разгайдаю званы,
I, аблашчаны Прошчай, за ўсіх,
каго проста люблю,
Памалюся, паплачу і свечку ў царкве запалю.
Залацістаю рыбай да берага свечка сплыве,
Залацістай змяёю слізне па шчаслівай траве,
I пчалой залатою паляціць над палямі яна,
Над вадой, над зямлёю; якая ва ўсіх нас адна.
Аднакрылую свечку
з царквы, што ўсплывае са дна,
Мне над возерам п р о ш ч ы
трымаць ад цямна да відна,
Вакол возера бераг
адзін,
і нікуды з яго,
Як бы мы ні штурхаліся — не спіхнуць нам
адзін аднаго.
Як бы мы ні шалелі ў натоўпах
ад лютых страсцей,
Паміж намі нямашака прышлых,
нязваных гасцей,
Толькі мы
паміж намі —
і нам не над прорваю жыць,
А над Прошчаю жыць.
Так нядоўга,
як свечка гарыць.
Бывай, Яблонская, бывай!
Прабегла восень па фальварку —
І графіка такая ў парку,
Хоць парк у раму забірай…
Бывай, Яблонская, бывай!
Я застаюся па-за рамай
Карціны, што праз дождж відна:
Раяль, камін — і ты адна,
Стамлёная любоўнай драмай,
З бакалам белага віна…
Апошні раз прыгубіць дай —
Заторгні на карціне шторы!
Я кінуў твой пякельны рай,
Грукоча ў ночы поезд скоры:
Бывай, Яблонская, бывай!
Не стаў бакал на самы край!
Святло і цень дрыжаць падманна —
І ўсё разрывіста, туманна…
Цалую рукі, ясна панна,
Бывай, Яблонская, бывай!
Ад клавіш рук не адрывай!
У свеце, дзе вішчыць жалеза,
Пранізліва гучыць няхай
Акорд апошні паланэза —
Бывай!
«Ja kocham cię…» [8] «Ja kocham cię...» — я кахаю цябе (польск.)
Ва ўсіх краях,
Спрасоння блытаючы мовы,
Я гэтыя пустыя словы
Знаходзіў лёгка на губах:
«І love you» [9] «I love you» — я кахаю цябе (англ.).
,
«Я люблю вас»,
«Ах!» —
І галаву кружыла п’яна,
І новаю парфумай пах
Сюжэт банальнага рамана.
Я выдумляў яго, як мог…
А тут прыйшлі, каб выдумляцца,
Усе…
І плыў паркет з-пад ног,
І глухла зала ад авацый!..
Яблонская! Не дай нам Бог
Хоць раз яшчэ ў жыцці спаткацца!
«Я рада вас спаткаць…»
«Вы рады?..»
Прэм’ера.
Вайдаў фільм без Вайды [10] Вайдаў фільм без Вайды. — Анджэй Вайда — польскі рэжысёр, аўтар фільма «Пан Тадэвуш» паводле паэмы Адама Міцкевіча.
.
Міцкевіч з Францыі лісты
Чытае Польшчы ўсёй… [11] Міцкевіч з Францыі лісты / Чытае Польшчы ўсёй... — эпізод з фільма «Пан Тадэвуш».
Масты
У часе зводзяцца…
На сцэне
Акторы… Кветкі Тэлімэне,
Якую не сыграла ты —
Саперніцы яе прайграла… [12] Акторы... Кветкі Тэлімэне, / Якую не сыграла ты, / Саперніцы як прайграла — Тэлімэна — гераіня паэмы «Пан Тадэвуш» А. Міцкевіча; у аднайменным фільме А. Вайды ролю Тэлімэны выканала Гражына Шапалоўска.
Як на цябе зірнула зала!
Яблонская! Як ты стаяла
Супроць усіх!..
Саперніц мала
Табе на сцэне і ў жыцці…
Руку маю, што спагадала,
З пляча ты скінула:
«Пусці!»
Читать дальше