Я ведаў, што вачэй тваіх блакіт
Апошні раз спагадліва прагляне.
Пераступайце праз мяне, вякі,
Каб разарваць на будучым кайданы.
Так мала нас, яшчэ так мала нас.
Ды закіпае з дна ужо зямліца!
Я чую, Каліноўскі, твой адказ...
Ды сатварыцца з нас нашчадкаў час,
Народ — не раб, не скот, не кат —
ды сатварыцца.
Бачу i чую ці трызню?
Ці можа, аварыя часу?
«...А звалі мяне Алаіза,
Ці помніцца гэта імя? За
Сумным гадоў частаколлем
Так звабліва свеціць айчына,
Якую ўяўляла такой я
I крышачку іншай, магчыма.
Устану, прайду па палетках,
Знайду каляровы ваш горад.
I час зразумею па метках
На радасці, смутку i горы.
О, як я хацела б, я мушу
У твар вам зірнуць, беларусы!
Чужую абмерзлую душу
Сустрэць сярод вас я баюся.
Ваш выгляд i пекны, i здровы,
I модны — дзе тая сярмяжнасць!
А бог апякуе вас новы —
Не ў небе, a ў памяці вашай?
А чым вы сягоння жывеце,
Як вашай надзеі найменне?
Ці ведаеце пра вецер
Сусвету i пра натхненне?
Яно нас цаліла ашчадна
Глытком ад жуды перадыху.
О, як я жадаю ў нашчадку
Пазнаць сваё Мора хоць крыху.
О, як я жадаю... Хай будуць
I вашы грахі, i памылкі.
Адно — не жывіце марудна!
Заклён — не жывіце бяскрыла!
Душу ахінайце рызамі,
Для цела пакінуўшы кужаль.
...А звалі мяне Алаіза
Пашкевічава да замужжа...»
Ён памёр зусім адзін уночы. За некалькі дзён да смерці папрасіў купіць яму суніцы, як бы на развітанне з маді-прыродай...
З успамінаў бацькі Максіма Багдановіча
Вуснамі сунічнымі чырванела лета,
Васільковай хусткай клікала здалёк
Сумная радзіма сына i паэта...
Чырванеў крывава на хусцінцы сок.
Па-над сіняй бухтай, на святлістым поўдні
Болю крык ірваўся з маладых грудзей.
I глядзелі вочы ў твар апошняй поўні,
I прасіла сэрца на жыццё надзей.
Хтосьці стаў ля ложка ў той знаёмай сукні,
Што насіла ўлетку родная зямля.
«Хто ты?..» Прамаўчала, працягнула рукі:
«Ты прасіў суніцы. От прынесла я...»
Жоўты, зялёны, сіні, чырвоны —
Простыя фарбаў найменні.
Гушкаюць мары казачны човен,
Леў прыблукаў задуменны.
Неба трапічнае, белае сонца,
Пэндзаль сусвет спавядае.
Толькі бяроза з роднай ваколіцы
Пра Беларусь нагадае.
Вёскам разносіла ў колерах скарбы,
Кветкі дарыла i травы.
Фарбы святочныя, гучныя фарбы,
Што вы: жыццё або ўява?
Зусім не тое, іншае жыццё,
Пясок дарог, буслоў шчымлівы клёкат.
Над галавой — з галін жывы шацёр
I ад паветра вольнага палёгка.
Не гнаная нікім, куды іду
Я, ланцугом закутая дарожным?
На шчасце мне, ці на маю бяду
Даў талент лёс?
A з талентам не можна —
Не можна, як i ўсе, наладжваць быт,
Мець хату, хлеў, дастатак да спачыну.
Ён за табой, твой цень другі нібы,
Ён мае сцяг — на небе аблачыну.
Гармонія.
У чым яе сакрэт,
I хто спазнаў да дна яе глыбіні?..
Вясковец ля палотнішча замрэ,
Лагодны погляд страціўшы — ільвіны.
Злучыць сусвет ад каменя да хмар:
Ільва знайсці ў палескім краявідзе.
Мастацтва — цудадзейетва, не падман,—
Не кожнаму, як вопратка, падыдзе.
Час яснасць фарбы зменшыць i сатрэ,
Не закрануўшы сэнс выяў жывучы.
Гармонія. У чым яе сакрэт?
Алена. Лес. I пэндзаль, нібы ключык.
Пятранэле Герлікене,
літоўскай мастачцы,
якая пачала маляваць у 70 год.
1
На схіле дзён куды памкнуцца думкі?
У якім абліччы прыйдзе свету сэнс?
Схілілася жанчына над малюнкам,
На ім жыцдём бясконцым пахне бэз.
Блакітам захлынуўся колер ночы,
Як ворага ў краіну хараства
Яго не пусцяць успамінаў вочы,
Якім былое — будучыні твар.
2
Ніколі не спазняецца пачатак,
Ён выспявае на раллі жыцця.
З карцін глядзяць блакітныя дзяўчаты
Бачыма першаадкрыцця.
Рукой мастачкі чысціня дзіцяці
Прышпіліць небакрай да палатна.
I дзіўнага нічога ў тым няма:
На схіле дзён у маладосць вяртацда,
Жамчужыны з яе вычэрпваць дна.
Ідзе чалавек.
Балючыя крокі
не па траве —
па цвіках эпохі.
ANDANTE
Што прынясу я ў дзень свой судны? —
Пусты арэх успамінаў?
Шкарлупінкі мар?..
Жыццё кар'ерам шурпаціцца рудным,
Чалавечыя рукі —
наймудрэйшы прыроды дар.
Рукі свае прынясу,
як споведзь, у дзень апошні
i пакладу побач з рукамі
бабулі маёй i дзеда.
Ды не хачу
бялейшымі i раўнейшымі
каб яны былі,
бо ляжаць жа таксама
над коламі Часу.
I мне — чалавеку Дваццатага Шляху —
трымаць на руках сваіх
веку нейтронную цяжкасць.
Толькі б не выпусціць з рук
гэтую страшную чашу!
Рукі ў напружанні сцяты,
ў гэтых руках надзея,
гарачая, быццам сонца.
Вокны, як вочы,— насупраць.
Дом заглядае ў душу
дома другога.
Чалавекаістота нагадвае зубра
на зямлі запаведнай,
ды з аховы —
нікога.
Паляўнічыя ж — супермэны,
а не вандалы.
Няўжо, чалавецтва, было табе войнаў
мала?..
Ідзе чалавек.
Балючыя крокі
не па траве —
па цвіках эпохі...
Читать дальше