ДЭМАКРАТЫЯ I ЭТЫЧНАЕ ЖЫЦЦЁ
Філасофія палітыкі і супольнасці
Клаэс Г. Рын
У кнізе Клаэса Рына праводзіцца размежаванне паміж дзвюма формамі дэмакратыі. Аўтар выступае ў падтрымку канстытуцыйнай дэмакратыі, якая, на яго думку, лепшым чынам адпавядае патрабаванням этычнага жыцця. Паралельна гучыць абгрунтаваная крытыка плебісцытнай формы дэмакратыі, якая, надаючы паўнату ўлады грамадскай большасці, падрывае маральную прыроду чалавека. Кніга змяшчае тлумачэнне і крытычны аналіз ідэй Жан Жака Русо і прапануе мовы пункт гледжання на Канстытуцыю ЗША як ідэальны — на гэты час — сродак падтрымання балансу інтарэсаў маральнай супольнасці і своекарыслівых інтарэсаў. Апошні раздзел кнігі цікавы аналізам стану заходняй дэмакратыі.
УСТУПНАЯ ЗАЎВАГА ДА ВЫДАННЯ 1990 г.
Другое выданне «Дэмакратыі і этычнага жыцця» цалкам захоўвае тэкст першага, выпушчанага выдавецтвам Універсітэта штата Луізіяна. Нягледзячы на спакусу ўнесці істотныя змены ў ранейшы тэкст, я толькі выправіў у ім памылкі друку і першага рэдагавання. Апроч таго, кніга папоўнілася новым раздзелам: «Частка V: Пасляслоўе»,— у сувязі з чым адпаведныя змены былі ўнесеныя ў паказальнік і змест.
Клаэс Г. Рын. Вашынгтон, акруга Калумбія Лістапад 1989 г.
ПАДЗЯКІ
Падчас працы над гэтаю кнігай мне давялося сустракацца шмат з якімі людзьмі, і гэтыя сустрэчы прынеслі мне шмат карысці. Я вельмі ўдзячны і абавязаны Рэнэ дэ Вім Уільямсану, які шчодра дзяліўся са мною сваімі ведамі, мудрасцю і чалавечаю цеплынёй. У тым сэнсе слова «прадстаўнік», які ён, безумоўна, пазнае, ён з'яўляецца сапраўдным прадстаўніком хрысціянскай навукі. Я таксама звяртаюся са шчырай падзякай да майго сябра Фолька Леандэра, праніклівага і творчага філосафа і цудоўнага настаўніка, за яго неацэнны ўклад у рашэнне тых філасофскіх праблем, якія э'яўляюцца прадметам гэтага даследавання. Шмат чым я абавязаны і Расэлу Керку. Яго кнігі істотна паўплывалі на мяне яшчэ ў тыя часы, калі я, будучы студэнтам Універсітэта Упсала ў Швецыі, абраў іх дзеля па-запраграмнага чытання. Праз некалькі год я пачаў пераконвацца, што маё адмаўленне пазітывізму і маральнага рэлятывізму, якімі апантаныя шведскія акадэмічныя колы, будзе сур'ёзна замінаць маёй навуковай кар'еры ў гэтай краіне, калі нават увогуле не зробіць яе немагчымай. I тады Керк, з уласцівай яму заўсёднаю добразычлівасцю, даў мне неацэнную параду наконт пераезду ў Злучаныя Штаты, за што я яму асабліва і вельмі ўдзячны. Гэты пераезд даў мне магчымасць увайсці ў кантакт з Рэнэ дэ Вім Уільямсанам і працягваць акадэмічную працу ў вельмі гасціннай краіне, дзе ёсць месца больш чым адной філасофскай школе. Я шчыра ўдзячны і іншым людзям за іх ідэі, парады і падтрымку.
Абапіраючыся на ідэі мысляроў мінуўшчыны і сучаснасці, я пабудаваў у гэтым даследаванні цалкам сваю ўласную аргументацыю, і, безумоўна, толькі я і нясу адказнасць за любыя недасканаласці такога сінтэзу.
Клаэс Г. Рын. Вашынгтон, акруга Калумбія Ліпень 1977 г.
ЧАСТКА ПЕРШАЯ
Дэмакратыя як этыка-філасофская праблема
Раздзел I
Дэмакратыя і маральная раздвоенасць чалавека
Сярод сучасных палітычных тэарэтыкаў пануе тэндэнцыя даваць вызначэнне дэмакратыі без уліку ўсёпранікальных нормаў этыкі. Дэмакратыя звычайна трактуецца як нейкая працэдурная форма, нейтральная да сутнасці волевыяўлення людзей. Яна разглядаецца ў якасці «метаду» прыняцця рашэнняў, modus procedendi, паводле слоў Джозэфа Шампетэра 1. Гэтая форма кіравання, як сцвярджаецца, не прадугледжвае схільнасці да канкрэтнага набору жыццёвых каштоўнасцяў, апроч тых, якія ўвасоблены ў правах і правілах і складаюць уласна дэмакратыю. Зрэшты, дэмакратыя іншы раз разглядаецца як форма кіравання, якая прызнае немагчымасць дэманстрацыі непазбежнай перавагі адной сістэмы каштоўнасцяў над другой. Гэты погляд быў лаканічна сфармуляваны Хансам Кельсэнам: «Той, хто сыходзіць з таго, што абсалютныя каштоўнасці — па-за рамкамі чалавечага разумення, вымушаны прызнаваць за меркаваннем свайго апанента па меншай меры права на існаванне. Такім чынам, рэлятывізм — гэта філасофія (Weltanschauung), якая з'яўляецца неад'емнай часткай дэмакратычнай канцэпцыі» 2. He выносячы маральнага прысуду нікому і нічому, апроч, магчыма, недэмакратычных з'яў, дэмакратыя стварае механізм мірнага ўрэгулявання канфліктаў.
Такі падыход да дэмакратыі пэўным чынам нагадвае вядомы ў палітычнай тэорыі погляд, які Арнольд Брэхт называе «рэлятывізмам навуковых каштоўнасцяў» 3, ці шчыльна з ім звязаны.
Читать дальше