3 гэтай дактрыны, якая ўтрымлівае спробу дыхатаміі «фактаў» і «зместу», вынікае, што навуковая праца мае нейтральны характар з пункту погляду этыкі. Прыхільнікі такога меркавання прызнаюць, што адданасць навуцы і выкарыстанне яе метадаў нясе пячатку пэўнага маральнага абавязку, але адначасова адмаўляюць навуцы ў канчатковай маральнай скіраванасці. Навука — гэта толькі адзін са шляхоў і механізмаў руху, метад набыцця ведаў, яна ў аднолькавай ступені з'яўляецца носьбітам самых розных каштоўнасцяў. У палітычнай тэорыі няма месца спробам замацаваць перавагу адной сістэмы каштоўнасцяў над другой, паколькі ўсе навуковыя намаганні павінны быць зразумелыя ўсім навукоўцам, а адзінай аб'ектыўнай сістэмы каштоўнасцяў у нас няма. Паводле вызначэння Брэхта, навуковы шлях прыводзіць нас толькі да суб'ектыўных сімпатый асобных індывідуумаў.
Такім чынам, падабенства паміж канцэпцыяй рэлятывізму навуковых каштоўнасцяў і вялікаю часткай сучаснай тэорыі дэмакратыі відавочнае. Абедзве спрабуюць раздзяліць метад і канчатковыя мэты. Гэта не значыць, што аналогіі паміж пераважным поглядам на дэмакратыю і названай трактоўкай навукі поўныя — зусім не, але іх узаемапранікненне і ўзаемаўплыў істотныя. Можна сказаць, што абедзве з'явы дэманструюць фундаментальную нявызначанасць, якая вынікае з немагчымасці паспяхова падступіцца да асноўных праблем этыкі і логікі. I хоць большасць абаронцаў «працэдурнага» погляду на дэмакратыю і рэлятывізм навуковых каштоўнасцяў з акадэмічных колаў прызнаюць, што ў рэшце рэшт ім прыйдзецца абгрунтоўваць сваё разуменне перавагі дэмакратыі альбо навукі пераканальнымі аргументамі, яны не надаюць сваім сістэмам нейкіх прадвызначаных мэтаў, якія б, апроч таго, падпарадкоўвалі б сабе астатнія. Сярод тэарэтыкаў дэмакратыі гэты пункт погляду эмацыянальна падае Генры Б. Маё:
Дэмакратыя не ставіць ніякай зацверджанай навукаю «мяжы» для чалавека і не служыць дасягненню ўсёпадпарадкавальнай мэты, формы Дабра, канчатковай ідэі. У яе ёсць свае прынцыпы развіцця са сваімі асаблівасцямі, ёсць неад'емныя ад сістэмы каштоўнасці, ёсць тыповы характар, які яна нясе ў сабе і развівае. У гэтых рамках магчыма выкарыстанне дэмакратыі для дасягнення мэтаў, якія мяняюцца з часам... Вобласць палітычных і сацыяльных мэтаў у дэмакратыі застаецца адкрытай і неакрэсленай 4.
Прызвычаіцца да такога — і аналагічных — сцвярджэнняў наконт навукі цяжка з той прычыны, што нам прапануецца раэглядаць як добрага дэмакрата таго, хто шмат значэння надае асобным працэдурным правілам. Як лічыцца, працэдурныя правілы разам складаюць дэмакратыю і не маюць пры гэтым вышэйшага матыву. Цяжка прызнаць асэнсаванасць аргумента, у якім сцвярджаюцца дэмакратычныя працэдуры, але не прадугледжваецца ажыццяўленне нейкай вышэйшай мэты, як, напрыклад, дасягненне цывілізаванасці ці шчасця. Прызнанне аргумента такога кшталту, здаецца, будзе азначаць вельмі няпэўнае размежаванне мэтаў і сродкаў. Па пераканальным сцвярджэнні Джона Д'юі, канчатковыя мэты трэба ацэньваць па тых сродках, якія выкарыстоўваюцца дзеля іх дасягнення. I наадварот, сродкі з'яуляюцца частковым дасягненнем мэт. Іншымі словамі, і «мэты», і «сродкі» — гэта ўсяго толькі два погляды на адзін і той самы працэс бесперапыннай мэтанакіраванай дзейнасці. Зноў жа, паводле вызначэння Дж. Д'юі, «мэта ёсць назва шэрагу дзеянняў, якія разглядаюцца ў сукупнасці... Сродак ёсць назва таго ж шэрагу дзеянняў, узятых паасобку» 5. Метады дэмакратыі, такім чынам, немагчыма адрозніць ад вынікаў — бліжэйшых і прадказальных або далёкіх і непрадбачных, якія гэтыя метады ўтрымліваюць у сабе і набліжаюць. Нельга сказаць, што Г. Маё не заўважае гэтай ідэі, але ён упарта не бачыць, як яна ставіць пад сумненне ўвесь яго падыход да дэмакратыі.
Якім яшчэ чынам дэмакратычныя нормы могуць набыць каштоўнасць для чалавека, як не ўплывам на тое, што ён абгрунтавана ці беспадстаўна лічыць мэтай свайго жыцця? Вядома, не выключана магчымасць выкарыстання сродкаў, уздзеянне якіх не цалкам ці памылкова пралічана, але, сыходзячы з таго, што ў нашым выбары ёсць рацыянальнае зерне, гэты набор сродкаў павінен разглядацца намі як спрыяльны для той мэты, якая, у рэшце рэшт, робіць наша жыццё вартым жыцця. Г. Маё прызнае, што дэмакратычныя працэдуры сцвярджаюць і ўмацоўваюць пэўныя каштоўнасці. Можна дадаць, што пры гэтым яны супрацьдзейнічаюць рэалізацыі іншых каштоўнасцяў, носьбітамі шмат якіх з'яўляюцца камуністы ці нацысты. Ці можна адначасова сцвярджаць, што дэмакратыя пазбаўляе жыццё канчатковай мэты? I наадварот, калі сыходзіць з таго, што як добрыя дэмакраты мы павінны лічыць мэту існавання нявызначанай, якая логіка дазваляе нам аддаваць перавагу адной палітычнай сістэме перад другой?
Читать дальше