Есць, аднак, важкія падставы разглядаць ідэю дэмакратыі як высакародную. Можна абгрунтавана даказаць, што дэмакратыя з'яўляецца, у пэўным сэнсе, вяршыняй супольнага жыцця людзей. Такі аргумент суадносіць дэмакратыю з маральнаю мэтай існавання чалавека, таму што ператварае вобраз народнага самакіравання ў мэту дзейнасці грамадства. He пагаджаючыся з усёй палітычнай філасофіяй Джона Д'юі, працытуем некалькі вельмі важкіх яго радкоў: «Як ідэя, дэмакратыя не з'яўляецца альтэрнатывай іншым прынцыпам супольнага жыцця людзей. Яна ёсць увасабленне жыцця грамадства, ідэал у адзіным разумным сэнсе гэтага слова: імкненне і pyxy напрамку канчатковай мэты, якая ўяўляецца завершанай і дасканалай». Відавочна, што слова «дэмакратыя» Д'юі карыстаецца ў значна шырэйшым сэнсе, які не абмяжоўваецца наборам палітычных інстытутаў і правілаў. Дэмакратыя ў вызначэнні Д'юі ахоплівае ўсю суму ўмоваў, якія існуюць у грамадстве, дзе дасягнуты рэальны кансэнсус. Канкрэтныя палітычныя структуры складаюць толькі частку больш вялікай і складанай пабудовы. Слова «дэмакратыя» прадугледжвае, што дзеля дасягнення мэты супольнага суіснавання патрэбен удзел усяго народа. Трэба адразу дадаць, што, паводле Д'юі, «дэмакратыя ў гэтым сэнсе не з'яўляецца фактам і ніколі ім не будзе» 9. Можна меркаваць, што гэтае паняцце выкарыстоўваецца філосафам у арыстоцелевай манеры: рэч ці з'ява ёсць тое, чым яна патэнцыяльна можа стаць.
Прапанаванае Д'юі пашырэнне канцэпцыі дэмакратыі з вызначэннем яе як цэлага ладу жыцця з канкрэтнай канчатковаю мэтай супрацьстаўляе яго тэарэтыкам, якія адводзяць дэмакратыі абмежаваную ролю палітычнай формы без ніякай вярхоўнай мэты. Д'юі, здаецца, больш чула за іх ставіцца да таго факту, што сваю форму, моц і арыентаванасць улада будуе на імкненнях народа, якому служыць. Улада таксама з'яўляецца адлюстраваннем і імкнецца да ажыццяўлення мэтаў жыцця ў тым выглядзе, у якім іх бачаць народ і яго лідэры. Форму кіравання немагчыма вызначыць, апроч як у вольным эмпірычным выглядзе, паводле адных толькі абстрактных прынцыпаў накшталт усеагульнага выбарчага права, народнага кантролю над афіцыйнымі асобамі і мажарытарнага кіравання, паколькі іх змест можа мяняцца ў залежнасці ад сацыяльнага этасу, які іх напаўняе. Палітычны інстытут не ёсць нейкі выразна акрэслены феномен; ён складаецца са зместу дзеянняў тых, хто выконвае яго функцыі, і тых, хто прызнае яго паўнамоцтвы. Гэтыя дзеянні ёсць праява пэўнага кцьтурнага асяроддзя ці, кажучы словамі Арыстоцеля, «рэжыму». Вызначаючы дэмакратыю праз катэгорыю супольнасці, Д'юі надае народнаму кіраванню канкрэтную мэтанакіраванасць, у параўнанні з якой і трэба разглядаць яго працэдурныя правілы.
Пашыранае вызначэнне дэмакратыі, якое дае Д'юі, дэманструе штучнасць спроб рэзка размежаваць грамадскае і асабістае жыццё. Палітолаг павінен рабіць такое размежаванне, бо яно карыснае для арганізацыі думкі і тлумачэння сваіх ідэй. Аднак, хоць у некаторых выпадках будзе сапраўды практычным вызначэнне галасавання заканадаўцы як грамадскага акту, а пакарання дзіцяці як прыватнай справы, нельга забывацца на тое, што такое размежаванне пры яго разглядзе з улікам канчатковага выніку носіць адвольны характар. Першае дзеянне ў ім адразу пазначаецца як «грамадскае», але не таму, што яно вельмі своеасаблівае, sui generis, a таму, што мае дачыненне да «кіравання грамадствам» у звычайным яго разуменні і самым прамым і моцным чынам адбіваецца на жыцці шматлікіх людзей. Дастаткова змяніць прыклад «прыватнага» дзеяння на такое, якое б непасрэдна і адчувальна закранала іншых,— і правесці размежавальную рысу стане яшчэ складаней. Можна, напэўна, сказаць, што ў адрозненне ад прыватнага дзеянне з'яўляецца грамадскім, калі яно адбіваецца на жыцці іншых людзей, але такая формула прапануе не дакладнае размежаванне, а ўсяго толькі расплывістую шкалу ацэнак 10.
Такім чынам, разглядаць «кіраванне» ў адрыве ад «грамадства» значыць грашыць супраць рэчаіснасці. Кіраванне ёсць сукупнасць «прыватных» і «грамадскіх» дзеянняў і мяняецца разам з імі. Немагчыма канчаткова вызначыць, дзе канчаюцца «правілы» і «інстытуты» дэмакратыі і дзе пачынаецца культурнае «асяроддзе», — яны дынамічна ўзаемазвязаныя. Гэта два бакі аднаго і таго ж працэсу мэтанакіраванай чалавечай дзейнасці.
У філасофскім сэнсе Д'юіева ідэя супольнасці не беззаганная, і таму прыняць шмат якія дэталі яго погляду на народнае кіраванне немагчыма. Тым не менш яго канцэпцыя аб тым, што дэмакратыя ўключае ў сябе ідэю супольнасці, з'яўляецца каштоўнай, бо яна тым самым сцвярджае, што ў народным самакіраванні закладзены маральны абавязак і лагічная мэта, якія немагчыма ігнараваць, бо іначай гэтая форма кіравання існаваць не зможа. I хоць я не стаўлю сабе за мэту давесці, што дэмакратыя ёсць «ідэя супольнага жыцця грамадства», да такой высновы вядзе сам аналіз. Я паспрабую прадэманстраваць, што неад'емнае ад дэмакратычнага працэсу імкненне да этычнасці з'яўляецца, паводле пазычанага ў Роберта НЬбета сцвярджэння", імкненнем да супольнасці. Безумоўна, ідэя супольнасці як мэты, на рэалізацыю якой павінна быць скіраваная палітыка, з'яўляецца асноўнай у класічнай і іудзейска-хрысціянскай традыцыі. Нам давядзецца больш падрабязна спыніцца на тым, чым гэтая ідэя тлумачыцца і як яна звязаная з канцэпцыяй народнага кіравання. Я сцвярджаю, што этычнае сумленне прымушае чалавека рухацца ў напрамку, супрацьлеглым цэнтрабежным сілам суб'ектыўнай прадузятасці, адвольнасці і эгатызму. Этычнае сумленне можна апісаць як пачуццё прыналежнасці, як удзел у ажыццяўленні надындывідуальнай мэты ўсеагульнай гармоніі. Калі ж мы прызнаем, што чалавеку ўласцівыя вельмі супярэчлівыя і ўзаемавыключальныя схільнасці, дык адзіным тыпам народнага самакіравання, прыдатным, каб працаваць на гэтую мэту ў палітыцы, з'яўляецца канстытуцыйны.
Читать дальше