3 таго, што ў любым палітычным дзеянні прысутнічае чыста прагматычны элемент — аналіз наяўных сродкаў у пэўных абставінах, — зусім не вынікае, што з вуснаў аўтара «Уладара» прагучала ўся праўда пра палітыку. Мастацтва магчымага, каб быць поўным, павінна мець і неўтылітарны, маральны змест. Каб дакладней патлумачыць гэтае сцвярджэнне, звернемся да Бенэдэта Крочэ, італьянскага філосафа і дзяржаўнага дзеяча з тонкім разуменнем макіявэлісцкага пачатку ў палітыцы. Крочэ прызнаваў, што «сродкамі дасягнення канкрэтнай мэты ў палітыцы робіцца ўсё, у тым ліку ў пэўнай ступені мараль і рэлігія», але ён жа адначасова перасцерагаў ад пераканання ў адсутнасці сувязі маральных нормаў з палітыкай. Паводле ягоных слоў, чалавек у сваім імкненні дамагчыся поспеху ў справах ёсць істота маральная і ўтылітарная адначасова. «Немагчыма ўявіць палітыка ўвогуле без этычнага сумлення. Гэта будзе тое ж, што пагадзіцца, быццам чалавек у палітыцы можа не мець нічога чалавечага» 12. Чалавечае сумленне не самаўхіляецца ад палітычных спраў. Яно настойліва абвяргае ўяўленне, быццам прыватнае і грамадскае жыццё карыстаюцца рознымі наборамі этычных нормаў: «Немагчыма чыніць зло дзеля дабра, зло і дабро нераўнацэнны тавар; нашы рукі павінны захоўвацца ў чысціні; якасць сродкаў не павінна канфліктаваць з якасцю мэты»". Калі праўда, што неабходна заўсёды кіравацца этычным сумленнем, дык праўда і тое, што задачы палітыкі могуць у пэўных цяжкіх абставінах патрабаваць надзвычайных мер, якія знаходзяцца ў супярэчнасці з усталяванымі маральнымі прынцыпамі. Гэтае супрацьпастаўленне, па сцвярджэнні Крочэ, усяго толькі ўяўнае і заснаванае на статычным, казуістычным бачанні маральнасці. Таго, што неабходна для набліжэння цывілізаванага ладу, патрабуе, нягледзячы на звычаёвыя маральныя нормы, і сумленне. Могуць узнікаць абставіны, у якіх надзвычайныя сродкі будуць адпавядаць маральнасці канчатковай мэты. Крочэ далёкі ад таго, каб сцвярджаць, што мэта апраўдвае сродкі; гэтую формулу ён рашуча адхіляе. На яго погляд, усе сродкі добрыя пры наяўнасці добрай мэты. Сродкі, што сцвярджаюць дабро ў канкрэтнай сітуацыі, з'яўляюцца маральнымі. Палітыка мае свае асаблівыя крытэрыі карыснасці і прыдатнасці для выкарыстання, але яна далёкая ад замкнёнай і самадастатковай сферы дзейнасці. Утылітарныя здольнасці ў дасягненні мэтаў — добрая якасць для палітыка, але ён павінен заўсёды ўлічваць наяўнасць у чалавека маральнай прыроды, у адпаведнасці з якой неабходна праводзіць прагматычны разлік.
Такім чынам, мы можам зрабіць выснову, што сапраўдны дзяржаўны дзеяч ясна ўяўляе маральную мэту чалавечага існавання і будзе заўсёды імкнуцца падпарадкоўваць палітыку гэтай мэце. Ен таксама ў дастатковай ступені рэаліст, каб разумець, што маральнасць як здзяйсненне добрых учынкаў ніколі не стане законам пабудовы палітыкі. Гэты факт неахвотна, але прызнаваў нават Платон. Небеспадстаўным, магчыма, будзе палічыць, што тое ж самае меў на ўвазе Ісус, калі размежаваў Богава і кесарава. Дзяржаўны дзеяч ведае, што спадзявацца ён можа, у лепшым выпадку, на выкарыстанне своекарыслівасці ў інтарэсах рэалізацыі маральнай мэты. Пэўнае заспакаенне ён можа знайсці ў тым факце, што ў большасці выпадкаў разумная своекарыслівасць вымушае чалавека рухацца ў напрамку маральнасці. У якасці прыкладу я хацеў бы прывесці канстытуцыяналізм, у якім, безумоўна, шмат ад умудронага вопытам эгаізму: з чыста эгаістычнага пункту погляду лепей, каб кіраваў закон, чым непрадказальны ў сваіх дзеяннях урадм. Але канстытуцыйны лад мае і этычную функцыю: ён з'яўляецца палітычным падмуркам удасканалення этычнага жыцця.
Калі хоць часткова пагадзіцца, што этыка мае ўплыў на палітыку, трэба адзначыць і тое, што чым менш у грамадстве будзе надавацца ўвагі патрабаванням этыкі жыцця, тым радзей у ім будуць адзначацца ўчынкі, прадыктаваныя разумнай своекарыслівасцю. Затуманьванне этычнага зроку прывядзе да змяншэння перашкодаў на шляху больш нізкіх схільнасцяў. Людзі будуць станавіцца ўсё менш пераборлівымі ў мэтах і сродках, і барацьба за ўладу, якая дагэтуль змякчалася цягай да этычнага, абвострыцца. Калі раней этычнае сумленне, імкненне прыносіць усеагульную карысць маглі надаваць канстытуцыі — і законам наогул — аўру годнасці і палягчаць разуменне грамадзянамі таго, што прыхільнасць да законнага парадку ў іх доўгатэрміновых інтарэсах, то зараз да законаў будуць ставіцца з меншай пашанай і больш часцей будуць імкнуцца іх парушыць, калі гэта будзе задавальняць бягучыя інтарэсы і зможа абыходзіцца бяскарна. У гэтым сэнсе можна сказаць, што цывілізаваны палітычны лад вынікае, у рэшце рэшт, з этычнага сумлення.
Читать дальше