Маральнасць і своекарыслівасць
Асаблівая ўвага ў гэтай кнізе будзе нададзеная этычнаму аспекту праблемы дэмакратыі. He будзе нічога дзіўнага, калі ў працэсе даследавання ў каго-небудзь узнікне ўражанне, што маральнасць сама па сабе ўжо з'яўляецца крыніцай парадку ў дэмакратыі. Каб перасцерагчы ад такога ўражання і ўсталяваць цвярозы погляд, трэба зрабіць некаторыя заўвагі.
Прырода чалавека, наколькі мы можам меркаваць з гістарычнага развіцця і па нас саміх, не дае падстаў для аптымізму, што датычыцца трыумфу этыкі над своекарыслівасцю ў чалавечых адносінах. Павага да этычнай мэты жыцця ў палітыцы, хутчэй, не правіла, а выключэнне. Некаторым палітычным філосафам, сярод якіх найбольш прызнанымі з'яўляюцца Макіявэлі і Хобз, элемент чыстай улады ў палітыцы засланіў сабой амаль усё астатняе. Хобз заходзіць так далёка, што нават перавызначае мараль як імкненне да ўлады. Але якімі значнымі ні былі б іх перабольшванні, гэтыя філосафы вывелі важную ісціну, якая павінна асэнсоўвацца тымі, хто вывучае палітыку, і асабліва тымі, для каго палітыка існуе неадрыўна ад этыкі: палітыка ёсць, у першую чаргу, арэна канфліктаў, сутыкнення волі індывідуумаў і інтарэсаў груп. Можна зрабіць яшчэ адзін крок і сказаць, што жыццё наогул змяшчае элемент вайны, а ваенныя канфлікты і іншыя формы гвалту з'яўляюцца толькі адной з яго праяў. Адна з асноўных роляў кіравання грамадствам — забяспечваць мірнае ўрэгуляванне канфліктаў. Функцыя законаў, у тым ліку канстытуцый, — накіроўваць вечную вайну ўсіх супраць усіх у формы, якія робяць жыццё цярпімым. Шмат сучасных філосафаў добра ўсведамляюць гэтую функцыю ўлады. У Злучаных Штатах, дзе жывуць традыцыі Мэдзісана, цяжка забыцца пра тое, што канстытуцыя існуе дзеля кантролю і ўраўнаважвання канфліктуючых інтарэсаў. I поспех амерыканскага канстытуцыйнага эксперыменту сведчыць аб рэалізме яго погляду.
Такім чынам, нам ёсць шмат чаго пераняць у тых, хто чуйна ставіцца да сутыкнення воляў і інтарэсаў як да часткі палітычнага жыцця. Што да адмоўнага моманту такога падыходу, дык ён заключаецца ў тым, што нярэдка бачыць у палітыцы выключна вайну ўсіх супраць усіх. Калі адзінай асноваю ўлады будуць лічыцца толькі абачлівыя і прагматычныя намаганні па мірнаму ўладжванню канфліктаў, калі этычная перспектыва будзе адкідацца ўбок ці страчвацца наогул, дык у выніку мы атрымаем толькі скажэнне палітычнай рэальнасці. Неяк забываецца, што калі ўрэгуляванне канфліктаў і можа быць першай і галоўнай справай урада, дык этычнае сумленне грамадзян імкнецца да большага. А маральныя імкненні чалавека таксама з'яўляюцца складоваю часткай палітычнага жыцця. I хоць часцей за ўсё ім цяжка перамагчы ў сілавых гульнях, іх прысутнасць надае палітыцы элемент вышэйшага напрамку, згладжвае вострыя вуглы ў вайне інтарэсаў і воляў і часам нават уздымае ўрад да ўзроўню пэўнай маральнай вартасці.
Этычнае сумленне чалавека не з'яўляецца абавязковым прынцыпам пабудовы палітыкі нават ва ўмовах дэмакратыі, але яно натхняе нашую волю ў напрамку больш годных палітычных мэтаў і ў пэўнай ступені абмяжоўвае іх залежнасць ад своекарыслівасці. Аб станаўленні добрага грамадства мы мяркуем паводле таго, які ўплыў у ім мае этычнае сумленне. Але і ў грамадстве, якое можна назваць цывілізаваным, своекарыслівасць не знікае цалкам. Можна сказаць, што яна тут прыручаная, прыстасаваная да мэтаў маральнага жыцця. Калі ж чалавек у дастатковай меры не ўсведамляе этычнай мэты жыцця, гэта хутка вядзе да таго, што вечная барацьба за ўладу набывае яшчэ больш агідныя формы і што цынічныя макіявелісцкія погляды на палітыку атрымліваюць новы штуршок.
Этычная тэорыя дэмакратыі, такім чынам, не мае права заплюшчваць вочы на ўплывовую і непазбежную ролю неэтычных матываў у палітыцы. Гэтыя сілы павінны прымацца ў разлік як рэалістычна мыслячымі тэарэтыкамі, так і разважлівымі палітыкамі. Апошнія, калі яны хочуць паспяхова рэалізаваць свае мэты, павінны зрабіць усё, каб прыстасавацца да гэтых сілаў і заручыцца іх падтрымкай. Такія паводзіны будуць азначаць не амаральнасць і апартуністычнасць, а адсутнасць наіўнага погляду на матэрыял, з якім прыходзіцца працаваць. Некаторыя палітыкі могуць глыбока маральна ставіцца да сваіх абавязкаў, але ж калі яны не будуць гатовыя ўсвядоміць наяўнасць па-замаральных матываў у якой-небудзь з супрацьстаячых ім сіл, яны проста скоцяцца да марнага маралізавання, дарэчы, з магчымым супрацьлеглым эфектам. Ігнараваць не вельмі прыемныя палітычныя ўчынкі не маральна, а папросту неразумна. Апроч таго, можна сцвярджаць, што маральны абавязак палітыка — прыводзіць свае сродкі ў адпаведнасць з абставінамі, іншымі словамі, яго падыход да сітуацыі павінен быць прагматычным, бо гэта адзіны шлях наблізіцца да этычнай мэты. Нават самы маральны палітык павінен авалодаць майстэрствам разважлівага палітычнага аналізу, які часам называюць мастацтвам магчымага; у іншым выпадку яго намаганні будуць безвыніковыя.
Читать дальше