Зацвіла ў даліне
Чырвона каліна,
Быццам расквітнела
Дзеўчына-дзяціна.
Люба, люба стала,
Пташачка ў шчасці
Там зашчабятала.
Пачула дзяўчына
I ў белай свіціне
Выйшла пагуляці
У гай на даліну.
Не сядзіцца ў хаце.
Да дзяўчыны выйшаў
З зялёнага гаю
Казак маладзенькі;
Цалуе, вітае,
I йдуць па даліне,
I, йдучы, спяваюць,
Як дзетачак двое,
Пад тую каліну
Прыйшлі, пасядзелі,
Моцна абняліся.
Якога ж мы раю
У бога жадаем?
Рай у сэрцы лезе,
А мы ў царквы просім,
Заплюшчыўшы вочы.—
Такога не хочам.
Сказаў бы я праўду,
Ды што з яе будзе?
Адно — перашкодзіць,
А папам ды людзям
Аднолькава будзе.
У нашым раі на зямлі
Мы прыгажэйшага не маем,
Чым тая маці маладая
З дзіцяткам родным і малым.
Бывае, часам нагляджуся
На гэта дзіва, і нуда
Душу ахопіць, так шкада
Мне бедную, і зажуруся,
I перад ёю памалюся,
Як быццам на абраз святы
Той маці чыстае, святое,
Што ў свет наш бога прынясла...
Шчаслівая, яна смяецца,
Яна сярод начы ўстае,
Дзіця пільнуе, і пяе,
I просіць ранне развіднецца,
Каб зноўку добра наглядзецца,
Папесціць: «Вочкі вы мае!
Дзіця маё!» Цалуе многа,
I моліцца аддана богу,
I йдзе на вуліцу гуляць,
Там ганарыцца больш царыцы,
Каб людзям, бачыш, паказаць
Сваё дабро. А падзівіцца!
«Хто з ім зраўняецца красой!»
Хоць незнарок другі, а гляне,—
Вясёла, рада, божа мой!
Нясе дамоў свайго Івана.
I ёй здаецца, ўсё сяло
Не знае лепшага, другога,
Што толькі й дзіва там было,
А болей не было нічога,
Шчаслівая!..
Гады мінаюць.
Патроху дзеці вырастаюць,
I выраслі, і ўсе пайшлі
На заработкі, ў маскалі.
I засталася ты, нябога,
I ўжо няма ў цябе нікога
У сумнай хаце. Цяжка жыць,
I цела нечым ёй прыкрыць,
I выпаліць зімою ў хаце.
А ты не здужаеш і ўстаці,
Каб хоць агонь той распаліць.
I мерзнеш, молішся аб долі
Любімых дзетачак.
А ты
Велікамучаніца! Сёлы
Мінаеш, плачучы, ўначы.
I полем, стэпам ідучы
Свайго ты сына закрываеш.
Бо й пташка возьме ды пазнае
I зашчабеча: — Байструка
Нясе пакрытка на базар.
Бесталанная! Скажы ты
Прыгажосць дзе тая,
Што ўсе людзі аглядалі?
Згінула, не знаеш!
Ўсё забрала дзяціначка
I выгнала з хаты,
I пайшла ты ў свет за выган,
Быццам з крыжа знята.
Старцы цябе чураюцца,
Быццам ад праказы.
А яно зусім малое
Покуль і не лазіць.
I калі ж яно ўжо будзе
Большым і прамовіць
Слова «мама». Вялікае.
Найлепшае слова!
Ты ўсміхнешся і раскажаш
Дзіцятку праўдзіва,
Як зманіў паніч лукавы,
I будзеш шчасліва.
Ды нядоўга. Бо не дойдзе
Поўных год дзяціна,
Як сляпца вадзіць ён пойдзе,
А цябе пакіне
Калекаю ў бездарожжы,
Каб сабак дражніла,
Ды і вылае. За тое,
Што на свет радзіла.
I за тое, што так цяжка
Дзяціну любіла.
I любіць будзеш, нябога,
Покуль не загінеш
Між сабак ды на марозе
Дзе-небудзь пад тынам.
Кос-Арал 1849 —
С.-Пецярбург (?) 1858
На Вялікдзень на саломе
Дзеці ўсё гулялі
Ў пафарбованыя яйкі
Дый хваліцца сталі
Абноўкамі. Таму к святу
З вышыўкай пашылі
Сарочачку. А той стужку,
Той каснік купілі.
Каму шапку, каму боты,
Аж гараць падкоўкі,
Каму світку. Адна толькі
Сядзіць без абноўкі
Сірацінка, свае ручкі
Схаваўшы ў рукавы.
— А мне маці ўсё купляла.
— А мне тата справіў,
— А хрышчоная мне маці
Ліштву вышывала.
— А я ў папа абедала,—
Сіротка сказала.
I залатое, й дарагое
Зусім мне, знайце, не шкада
Маёй жа долі маладое.
А часам вострая нуда
Душу агорне, аж заплачу.
Ды больш яшчэ, калі пабачу,
Як хлопчык у сяле адзін,
Бы адарваўся ад галін,
Пад тынам, чахнучы ў дакуцы,
Сядзіць у зрэб’і у калючым.
I мне здаецца, гэта я,
То ж маладосць сядзіць мая.
I мне здаецца, што ніколі
Не будзе хлопчык бачыць волі,
Яе святой. Што між бяды
Дарэмна, марна пралятуць
Яго найлепшыя гады,
Што ён не будзе знаць, дзе дзецца
На гэтым белым, вольным свеце,
I ў наймы доля павядзе,
А каб не плакаў у бядзе,
Каб толькі прытуліўся дзе,
У маскалі хтось адвядзе...
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Мы разам некалі раслі,
Кахаліся яшчэ малыя,
А нашы маці дарагія
Казалі, вырастуць калі,
Пажэнім іх. Ды не ўгадалі.
Старыя рана паўміралі,
Пуцінай рознай мы пайшлі,
Ды не сышліся ўжо ніколі.
Мяне па волі і няволі
Насіла ўсюды. Прывяло
На старасці зусім дадому.
Вясёлае даўней сяло
Чамусьці мне цяпер старому
Здалося цёмным і нямым,
Такім, як я цяпер, старым.
I бачу я,— ў сяле убогім
(Мне так здавалася) нічога
Не вырасла і не згніло,
Таксама ўсё, як і было:
I яр, і поле, і таполі,
I над крыніцаю вярба
Нагнулася, нібы журба
Далёка ў цяжкае няволі.
Ставок, бліз грэбля, і вятрак
3-за гаю крыллямі махае.
I дуб зялёны, бы казак
Пад горку выйшаў дый гуляе,
А на гары я пазнаю
Садок свой цёмны, а ў садочку
Ляжаць сабе у халадочку
Мае старыя, бы ў раю.
Крыжы дубовыя схіліла,
Дажджамі надпісы пазмыла...
Не словы, не дажджом, аднак,
Гладзюсенька Сатурн сцірае...
Хай са святымі спачываюць
Мае старыя...— Дзе яна
Жыве — Аксаначка? — пытаю
У брата ціха я.— Якая?
— Была малою, кучаравай,
Гуляла з намі. Ці згадаў,
Чаго ж ты, брат, засмуткаваў?
— Ды не, я так. Павандравала
Даўно Аксаначка ў паход
За маскалямі дый прапала.
Вярнулася, была, праз год,
Дый з байструком малым, ў клапотах,
Пастрыжанай. Было ўначы
Сядзіць зязюляю пад плотам,
Кукуе, плача і крычыць,
Або ціхусенька спявае
Ды быццам косы расплятае
А потым некуды пайшла,
Ніхто не знае, дзе прыстала,
Бо адурнела, занядбала.
А што за дзеўчына была.
Ды проста краля! I не ўбога,—
Ды толькі долі бог не даў...
А можа, й даў, ды хтось украў
I абдурыў святога бога.
Читать дальше