Мая маці... Чаго яна,
Яна сумавала,
На мяне ўсё, на малую,
Пільна паглядала
I плакала. Я не знаю,
Браце даражэнькі!
Хто ўчыніў ёй ліха злое?
Я была маленькай,
Я ў гуляначкі гуляла,
А яна ўсё вяла,
Ды нашага злога пана
Кляла-праклінала
Дый памерла. А пан мяне
Узяў дагадаваці.
Вырасла я пешчаная
У белым палацы.
Я не знала, што байстручка,
Што яго дзяціна.
Пан паехаў дзесь далёка,
А мяне пакінуў.
I праклялі яго людзі,
I палац спалілі...
А мяне, за што не знаю,
Забіць — не забілі,
Толькі доўгія мне косы
Астрыглі, накрылі
Галаву мне анучаю
Дый шчэ рагаталі.
I нехрысці нячыстыя
На мяне плявалі.
Дык вось столькі, мой браціку,
Я цярпела здзекаў!
Маладога, кароткага
Людзі дажыць веку
Не далі мне. Я памерла
Зімою пад тынам,
А вясною зацвіла я
Краскай пры даліне —
Краскай белай, як снег белай!
Аж гай весяліла.
Зімой людзі не пусцілі
Ў хату... божа мілы!
А вясною светлым дзівам
Я ўсіх дзівіла.
Уквятчаліся дзяўчаты
I пачалі зваці
Лілеяю — снегацветам;
I я красаваці
Стала ў гаі, і ў цяпліцы,
I ў белых палацах.
Ты скажы мне, братку мілы,
Каралёвы цвеце:
Мне навошта бог прызначыў
Краскай быць на свеце?
Каб людзей я весяліла,
Тых жа, што забілі
Мяне й матку? Міласэрны,
Святы божа, мілы!..»
I заплакала лілея.
А цвет каралёвы
Прыхіліўся галоўкаю
Чырвона-ружовай
Да белага паніклага
Тварыка лілеі.
Кіеў 1846
Ніжні Ноўгарад 1858
«Спарадзіла мяне маці
Ў палацах высокіх,
Ды купаць панесла ўночы
У Дняпры глыбокім.
Купаючы, размаўляла
Са мною, малою:
«Плыві, плыві, мая дзетка,
Дняпром за вадою.
Ды выплыві русалкаю
Заўтра сярод ночы,
А я выйду з ім гуляці,
А ты заласкочаш.
Заласкачы, маё сэрца:
Няхай не смяецца
Нада мною, маладою,
Няхай п’е-уп’ецца,
Не маімі кроў-слязамі —
Сіняю вадою
Днеправою... Няхай сабе
Гуляе з дачкою.
Плыві ж, мая дарагая!
Хвалі, мае хвалі!
Вы русалачку вітайце!..»
Ды і зарыдала,
Дый пабегла. А я сабе
Плыла за вадою,
Пакуль сёстры не сустрэлі,
Не ўзялі з сабою.
Ужо з тыдзень, як расту я,
З сёстрамі гуляю
Апаўночы ды з пакояў
Бацьку выглядаю.
Можа, маці зноў зышлася
З панам, вядзе гулі?
Мо смяецца і балюе
Грэшная матуля?»
Дый замоўкла русалачка,
У Дняпро нырнула,
Як плотачка. А лазіна
Веццем скалыхнула.
Выйшла маці прагуляцца —
Ў палацах не спіцца;
Пана Яна няма дома,
Не з кім весяліцца.
А як прыйшла да берага,
Дачку прыгадала,
Прыгадала, як купала
I як прымаўляла.
Дый хоць бы што. Пайшла сабе
У палацы спаці.
Ды не дайшла — давялося
Ў Дняпры начаваці.
Не пачула, як дзяўчаты
Выйшлі сустракаці
З хваляў Дняпра. Ухапілі
Дый ну з ёй гуляці.
Рады-рады, што злавілі...
Доўга ласкаталі,
Покі ў невад не запхалі...
Ды зарагаталі.
Адна толькі русалачка
Не зарагатала.
Кіеў 1846
Ніжні Ноўгарад 1858
Малюся, зноў надзею маю,
Нанова слёзы праліваю
I думу цяжкую маю
Нямым сцянам перадаю.
Адгукнецеся ж, заплачце,
Нямыя, са мною...
Над няпраўдаю людскою,
Над доляю злою.
Адгукнецеся! За вамі,
Можа, адгукнецца
Несупыннае няшчасце
I нам усміхнецца,
Памірыць нас з нядоляю
I з людзьмі і скажа
Нам дзякуй: і памоліцца
I ціха спаць ляжа.
I прымірэннаму прысняцца
I людзі добрыя, й любоў,
Адно дабро. I ўстане ўранку
Вясёлы, і забудзе зноў
Сваю нядолю. I ў няволі
Пазнае рай, пазнае волю
I дабратворную любоў.
Каля асенняга Міколы,
Абдзёртыя бадай дагола,
Бендэрскім шляхам уначы
Ішлі цыгане. А йдучы —
Звычайна, вольныя,— спявалі.
Ішлі, ішлі, а потым сталі.
Шацёр край шляху нацяглі,
Агонь не малы развялі
I навакола пасядалі.
Хто з шашлыком, а хто і так —
Затое вольны, як казак
Калісьці быў. Сядзяць і дрэмлюць,
А ў стэпу воддаль хтось спявае,
Мабыць, з прыданак маладзіца
Дадому п’яная ідзе.
«Ой, у новай хаце
Паклаліся спаці,
Дочка сніла смела:
Маці звар’яцела,
Свёкар ажаніўся,
Бацька утапіўся,
I... гу...»
Цыгане слухаюць, смяюцца:
«Дзе ж тыя людзі тут бяруцца?
То з-за Днястра, мабыць, яно,
Бо ўсё тут стэп... Зданнё! Зданнё!»
Цыгане крыкнулі ўсе разам.
Тут апынулася адразу
Спявачка тая. Жаль і страх!
У світцы латанай дрыжала
Адна жанчына. На нагах
I на руках павыступала
Ад сцюжы кроў; аж струпам стала;
I косы ў дзікіх рэп’яхах
На полы лезлі ў каўтунах.
Пастаяла, а потым села
Каля агню і рукі грэла
На самым полымі. «Ну такі
Ажаніўся небарак!»
Сама сабе яна шаптала,
З усмешкай страшнай пазірала.
О, хто ж яна? Не здань, не страх.
То ж мая маці і сястра,
То ж мая ведзьма, каб вы зналі.
Читать дальше