Бач, нашто здаліся кары вачаняты:
Каб пад чужым тынам слёзы выліваць!
Вось жа пазважайце й кайцеся, дзяўчаты,
Каб не давялося маскаля шукаць,
Каб не давялося, як Кася шукае...
Тады не пытайце, за што людзі лаюць,
За што не пускаюць ў хату начаваць.
Не пытайце, чарнабрыўкі,
Бо людзі не знаюць;
Каго бог караць захоча,
То й яны караюць...
Людзі гнуцца, нібы лозы,
Куды вецер вее;
Сіраціне сонца свеціць
(Свеціць, ды не грэе) —
Людзі сонца б заступілі,
Калі б мелі сілу,
Сіраце каб не свяціла
I слёз не сушыла.
А завошта, божа мілы?
За што светам нудзіць?
Што яна людзям зрабіла,
Чаго хочуць людзі?
Каб плакала!.. Маё сэрца!
Не плач, Кацярына,
Не паказвай людзям слёзы,
Цярпі да загіну!
А каб твар не марнаваўся
З чорнымі брывамі,—
Да ўсход сонца ў цёмным лесе
Умыйся слязамі.
Умыешся — не пабачаць
I не засмяюцца;
А сэрцайка адпачыне,
Пакуль слёзы льюцца.
Вось жа як пагана, бачыце, дзяўчаты!
Жартуючы кінуў Катрусю маскаль.
Нядоля не бачыць, з кім ёй строіць жарты,
А людзі хоць бачаць, ды людзям не жаль.
«Няхай,— кажуць,— гіне лядача дзяўчына,
Калі ўжо не ўмела сябе шанаваць!»
Шануйцеся ж, любкі! У благую часіну
Каб не давялося маскаля шукаць!
Дзе ж Катруся блудзіць?
Пад тынамі начавала,
Раненька ўставала,
У Маскоўшчыну паспяшала;
Аж бух — зіма стала.
Свішча полем завіруха;
Ідзе Кацярына
У лапцях — цяжкое гора! —
Вецер рве хусціну.
Кацярына йдзе, дыбае;
Глядзіць — штось віднее...
Маскалікі йдуць, здаецца...
Ой жа! Сэрца млее...
Паглядзела, іх сустрэла:
«Ці няма,— пытае,—
Чарнявага майго Йвана?»
Тыя ж: «Мы не знаем».
I, як маскалі звычайна,
Смяюцца, жартуюць:
«Ай да баба! Ай да наши!
Кого не надуют!»
Паглядзела Кацярына:
«I вы, бачу, людзі!
Не плач, сынку, маё гора!
Што будзе, то й будзе.
Пайду далей — больш хадзіла...
А можа, й спаткаю;
Аддам цябе, мой галубе,
А згіну сама я».
Раве, стогне завіруха,
Коціць, верне полем;
Стаіць Кася сярод поля,
Дала слёзам волю.
Утамілася завея,
Там-сям пазяхае;
Яшчэ б плакала Катруся,
Ды слёз больш не мае.
Паўзіралася на дзіця:
Ўмытае слязою,
Чырванее, нібы кветка
Ўранку пад расою.
Ўсміхнулася Кацярына,
А ва ўсмешцы — мукі:
Каля сэрца скрабянула
Чорная гадзюка.
Вокал моўчкі паглядзела;
Бачыць — лес чарнее,
А пад лесам, край дарогі,
Як бы дом віднее.
«Хадзем, сыне! Змяркаецца...
Ў хату пусцяць, можа,
А не пусцяць, то і ў полі
Начаваці зможам.
Пад хатаю заначуем,
Сыне мой Іване!
Дзе ж ты будзеш начаваці,
Як мяне не стане?
З сабакамі, мой сыночку,
Дзялі сваё гора!
Сабакі хоць пакусаюць,
Ды не загавораць,
Не раскажуць, смеючыся...
З сабакамі жыці...
Бедна ж мая галовачка!
Ой, што мне рабіці?»
Сірата-сабака мае сваю долю,
I добрае слова ў свеце сірата;
Яго б’юць і лаюць, куюць у няволю,
I ніхто пра матку не стане пытаць.
А Янку спытаюць, зарання пацешаць,
Не дадуць да мовы дзіцяці дажыць.
На каго сабакі на вуліцы брэшуць?
Хто голы, галодны пад тынам сядзіць?
Абібок, гультай хто, як не байстручаты?!
Адна яго доля — чорны вачаняты,
З зайздрасці й тых людзі не даюць насіць.
Каля гары, над ярам-долам,
Як старцы, ўзняўшы сваю голаў,
Дубы з гетманшчыны стаяць.
Грабелька ў яры, вербы ў рад,
Ставок пад крыгаю ў няволі,
У ім палонка — ваду браць,
Як круг чырвоны чырванее,—
3-за хмары сонца усплыло;
Надзьмуўся вецер,— як павее!
Няма нічога, скрозь бялее...
Ды толькі ў лесе загуло.
Раве, свішча завіруха,
Па лесе завыла;
Як бы мора, бела поле
Снегам закаціла.
Выйшаў з хаты карбаўнічы
Лесу аглядаці,
Ды куды там! Гэткі розрух!
Свету не відаці.
«Эге, бачу, што за немач!
Ліха ж яго з лесам!
Пайсці ў хату... Але што там?
Ну іх да ста бесаў!
Ліхаццё іх разнасіла,
Як бы й справу мелі.
Глянь, Нічыпар, прыглядзіся!
Як жа пабялелі!»
«Што, маскалі?.. Дзе маскалі?»
«Што ты? Схамяніся!..»
«Дзе маскалі, галубочкі?»
«Ды вунь, падзівіся!»
Паляцела Кацярына,
Не ўспела адзецца.
«Мабыць, добра Маскоўшчына
Ў знакі ёй даецца!
Бо ўначы толькі і знае,
Што маскаля кліча».
Цераз пні, цераз сувеі
Ляціць, ледзьве дыша.
Босай стала сярод шляху,
Махае рукамі.
А маскалі ёй насустрач,
Як адзін, вярхамі.
«Доля ж мая! бяда-гора!»
Да іх... Калі гляне —
Наперадзе старшы едзе.
«Любы мой Іване!
Каханае маё сэрца!
Дзе ж ты быў падзеўся?»
Ды да яго... за страмёны...
А ён прыглядзеўся
Ды шпорамі каня ў бокі.
«Чаго ж ты ўцякаеш?
Забыў хіба Кацярыну?
Хіба не пазнаеш?
Прыглядзіся, мой галубе,
На мяне глянь, скемі:
Я — Катруся твая люба,
Нашто рвеш ты стрэмя?»
А ён каня паганяе,
Нібы і не бача.
«Пачакай жа, мой галубе!
Зірні — я не плачу.
Не пазнаў мяне, Іване?
Сэрца, прыглядзіся,
Ей жа богу, я — Катруся!»
«Дура, отвяжися!
Возьмите прочь безумную!»
«Божа мой! Івасю!
I ты мяне пакідаеш?
А ты ж прысягаўся!»
«Возьмите прочь! Что ж вы стали?»
«Каго? Мяне ўзяці?
За што ж скажы, мой галубе?
Каму хочаш даці
Сваю Касю, да цябе што
Ў садочак хадзіла,
Сваю Касю, для цябе што
Сына спарадзіла?
Мой бацечка, мой браточак!
Хоць ты не цурайся!
Найміткаю табе стану...
З другою кахайся...
З цэлым светам... я забуду,
Што калісь кахала,
Што ад цябе сына мела,
Пакрыткаю [8] Пакрытка — дзяўчына, якая нарадзіла дзіця без шлюбу. Па народным звычаі ёй, як замужняй жанчыне, пакрывалі галаву хусткай.
стала...
Пакрыткаю... Які сорам!
I за што я гіну?
Кінь мяне, забудзь мяне ты,
Ды не кідай сына.
Не пакінеш?.. Маё сэрца,
Пастой! Прашу вельмі!..
Я вынесу табе сына».
Выпусціла стрэмя
Ды ў хаціну. Бяжыць з хаты,
Нясе яму сына.
Заплаканы, неспавіты
Бедны сіраціна.
«Во яно дзе, на, прыгледзься!
Дзе ж ты? Захаваўся?
Ўцёк!.. няма ўжо!.. Сына, сына
Бацька адцураўся!
Божа ты мой!.. Мая дзетка!
Дзе ж дзецца з табою?
Маскалікі! Галубочкі!
Вазьміце з сабою;
Не цурайцеся, браточкі:
Яно сіраціна;
Забярыце і аддайце
Старшаму за сына.
Забярыце!.. Бо пакіну,
Як бацька пакінуў,—
Бадай яго не кідала
Горкая часіна!..
Грэхам цябе на свет божы
Маці спарадзіла;
Вырастай жа на смех людзям!»
На шлях палажыла.
«Заставайся шукаць бацькі,
А я ўжо шукала...»
Ды ў лес з шляху, як вар’ятка!
I следу не стала.
Дзіцё плача... Маскалям што?
Балазе; мінулі.
Яно й добра; ды на ліха
Леснікі пачулі.
Читать дальше