Сонца грэе, вецер вее
З поля на даліну;
Над вадою гне з вярбою
Чырвону каліну;
Самотнае на каліне
Гнёздачка гайдае.
А дзе ж дзеўся салавейка?
Не пытай, не знае.
Гора ўспомні ды кінь думаць...
Мінула... прапала...
Добра ўспомні — сэрца вяне:
Чаму ж ды не стала?
Вось жа гляну ды успомню:
Было, як змяркае,
Зашчабеча на каліне,—
Ніхто не мінае.
Ці багаты, каго доля,
Як маці дзяціну,
Прыбірае, даглядае,—
Не міне каліну.
Ці сіротка, што да свету
Ўстае працаваці,—
Прыпынецца, паслухае,
Як бацька ды маці.
Пытаюцца, размаўляюць —
Сэрцу люба ў грудзях...
I свет божы, як Вялікдзень,
I людзі як людзі!
Ці дзяўчына, што мілога
Штодзень выглядае,
Вяне, сохне сіратою,
Дзецца дзе, не знае.
На шлях пойдзе паўзірацца,
Паплакаць у лозах;
Зашчабеча салавейка,
Сохнуць дробны слёзы.
Паслухае, усміхнецца,
Пойдзе цемным гаем...
Нібы з мілым размаўляла...
А ён, знай, спявае
То дробна, то роўна, як бога благае.
Пакуль выйдзе злодзей на шлях пагуляць
З нажом у хляве,— пойдзе рэха гаем,
Пойдзе ды замоўкне — нашто шчабятаць?
Зацятую душу злодзея не спыніць,
Толькі страціць голас, дабру не наўчыць.
Няхай жа лютуе, пакуль сам загіне,
Пакуль безгалоўе груган пракрычыць.
Засне даліна. На каліне
I салавейка дрэмле-спіць.
Павее вецер па даліне —
Дубровай рэха паляціць;
Гуляе рэха — божа мова...
Устануць людцы працаваць,
Каровы пойдуць па дуброве,
Дзяўчаты выйдуць ваду браць,
I сонца гляне — рай, дый годзе!
Вярба смяецца — свята скрозь!
Заплача злодзей, люты злодзей.
Было так перш — цяпер жа вось:
Сонца грэе, вецер вее
З поля на даліну;
Над вадою гне з вярбою
Чырвону каліну;
Самотнае на каліне
Гнёздачка гайдае.
А дзе дзеўся салавейка?
Не пытай, не знае.
Нядаўна, нядаўна у нас на Ўкраіне
Стары Катлярэўскі вось так шчабятаў;
Замоўк небарака, сіротамі кінуў
I горы і мора, дзе ўперад лятаў;
Дзе ватагу прайдзісвета
Вадзіў за сабою [3] Дзе ватагу прайдзісвета вадзіў за сабою... «Прайдзісвет» — Эней, герой паэмы Катлярэўскага «Энеіда».
,—
Засталося ўсё й сумуе,
Як руіны Троі [4] Троя — горад у Малой Азіі, у XII ст. да н. э. разбураны грэкамі. Прыгоды траянцаў, якія пасля доўгіх вандраванняў на чале з Энеем заснавалі на Апенінскім паўвостраве новую дзяржаву (будучы Рым), адлюстраваныя ў паэме рымскага паэта Вергілія (I ст. да н. э.). Катлярэўскі гераічную паэму Вергілія «пераліцаваў» на ўкраінскую мову, на яе сюжэтнай аснове стварыў твор, які напоўніў гумарыстычна-сатырычнымі замалёўкамі з жыцця і побыту розных сацыяльных пластоў насельніцтва Украіны 2-й пал. XVIII ст.
.
Ўсё сумуе,— толькі слава
Сонцам зазіяла;
Не ўмрэ кабзар, бо навекі
Яго прывітала.
Будзеш, бацька, панаваці,
Пакуль жывуць людзі;
Пакуль сонца з неба ззяе,
Цябе не забудуць!
Прымі ж маё слова, душа кабзарова!
Шчырае, ад сэрца,— прымі, прывітай!
Не кінь сіратою, як кінуў дубровы,
Да мяне спусціся хоць на адно слова
Ды мне пра Ўкраіну маю заспявай.
Няхай усміхнецца сэрца на чужыне,
Хоць раз усміхнецца, гледзячы, як ты
Казацкую славу сваім словам дзіўным
Перанёс у хату беднай сіраты.
Прыляці, арол мой, бо я адзінокі
Сірата на свеце, у чужым краю.
Гляджу я на мора, на прастор шырокі,
Паплыў бы на той бок — чаўна не даюць.
Успомню Энея, бацькаўшчыну ўспомню,
Успомню, заплачу, як дзіцё, няўтомна;
А хвалі на той бок ідуць ды равуць.
А можа, я й цёмны, нічога не бачу,
Злая доля, можа, на тым баку плача,—
Сірату людзі ўсюды асмяюць!
Смяяліся хай бы, ды там мора грае,
Там месяц, там сонца зіяе ясней,
Там з ветрам магіла ў стэпе размаўляе,
Там не адзінокі быў бы ўжо я з ёй.
Прымі ж маё слова, душа кабзарова!
Шчырае, ад сэрца — прымі, прывітай!
Не кінь сіратою, як кінуў дубровы,
Да мяне спусціся хоць на адно слова
Ды мне пра Ўкраіну маю заспявай!
В. А. Жукоўскаму [5] Жукоўскі Васіль Андрэевіч (1783—1852) — вядомы рускі паэт і перакладчык. Прымаў непасрэдны ўдзел у выкупе Шаўчэнкі з прыгону.
на памяць 22 красавіка 1838 года
Кахайцеся, чарнабрыўкі,
Ды не з маскалямі,
Маскалі — чужыя людзі,
Чыняць ліха з вамі.
Жартуючы маскаль любіць,
Жартуючы кіне,
Ў Маскоўшчыну сваю пойдзе,
А дзяўчына гіне...
Каб сама, то йшчэ б нічога,
А то й стара маці,
Што на свет зрадзіла божы,
Мусіць прападаці.
Спяваючы сэрца вяне,
Калі за што знае;
Людзі сэрца не пабачаць,
«Блудніцай» аблаюць.
Кахайцеся ж, чарнабрыўкі,
Ды не з маскалямі,
Маскалі — чужыя людзі,
Здзекваюцца вамі.
Читать дальше