«Дзе бітва? у якім баку?» — хлапцы пытаюць
І зброю рвуць, жанчыны рукі узнімаюць.
Усе у перамогу вераць, са слязамі
Крычаць: «З Напалеонам Бог, а Напалеон з намі!»
О ты, вясна! так памятная ў нашым краю,
Вядомая вясна вайны! Вясна ўраджаю!
Якой жа ты была чароўнай і кіпучай,
Травою, збожжам, кветкамі, людзьмі бліскучай,
Багатаю здарэннямі, надзеяў поўнай!
Цябе я помню марай соннаю цудоўнай!
Народжаны ў няволі, скуты з год дзіцячых,
Адну вясну ў жыцці я гэтакую бачыў.
Двор Сапліцаў быў каля самае дарогі,
Якой вялі свае палкі да перамогі
Князь Юзаф і Вестфаліі кароль Геронім.
Занята ўжо Літва ад Гродна аж па Слонім,
І вось кароль даў войску тры дні адпачынку.
Ды польскія салдаты нават на хвілінку
Спыніцца не хацелі, ўголас наракалі,
Што з войскам царскім іх схапіцца не пускалі
Непадалёк раскінуў князь свой штаб асноўны,
А ў Сапліцове войска з сорак тысяч поўных,
I са штабамі сталі генерал Дамброўскі,
Князевіч, Малахоўскі, Гедрайць і Грабоўскі.
Было не рана, як прыйшлі, дык дзе папала,
У замку, у двары, кватэрай войска стала.
Расстаўлены ўжо варты, выданы загады,
Дык кожны, маршам стомлены, прылегчы рады
Ўначы заціхла ў замку, на двары, на полі,
І толькі цені патрулёў снуюць паволі.
Часамі ўзблісне вогнішча там-сям у змроку
І пільнай варты поклічы чуваць здалёку.
Спаў гаспадар і камандзіры, і салдаты.
І толькі Войскі сном салодкім не абняты,
Бо Войскі думае бяседу заўтра справіць,
Якой жадае дом Сапліцы ўвек праславіць,
Бяседу, вартую гасцей даўно чаканых
І сэрцу мілых, так здалёку пазбіраных,
Якая вінна і сямейным святам стацца,
Бо заўтра аж тры пары будуць заручацца.
А генерал Дамброўскі праявіў жаданне
Абед мець польскі.
Хоць і час ужо не ранні,
Ды з Войскім жвава аж пяць кухараў кухмарыць
З двароў суседніх. Вось у кухні гаспадарыць
Сягоння ён, і ён адказны за ўсе стравы,
На ім каўпак, фартух. Стары рухавы
Трымае бітку, каб гнаць бруд ёй усялякі,
Які так хціва налятае на прысмакі,
Другой рукою акуляры ускладае
I, з-пад палы дастаўшы кнігу, раскладае.
Завецца кніга тая «Кухар дасканалы» [58] Кніга гэта вельмі рэдкая, выдадзеная больш за сто гадоў таму назад Станіславам Чарнецкім.
,
А ў ёй дакладна спісаны ўсе спецыялы
Сталоў у Польшчы. Раз у Рыме граф з Тэнчына
Па ёй гасцей прымаў такім раскошным чынам,
Што гэта нават папу Урбана здзівіла [59] Гэта рымскае пасольства не раз малявалі і апісвалі. Гл. «Кухар дасканалы», прадмова: «Гэта пасольства задзівіла ўвесь заходні свет, давяла да ведама шаноўнейшага Папы рымскага як багацце дому так і роскаш стала… што адзін з рымскіх князёў сказаў: „Сягоння Рым шчаслівы, маючы гэткага пасла“». Чарнецкі сам быў кухмайстрам Асалінскага.
.
Пасля па ёй таксама ў князя Радзівіла
Прымалі ў Несвіжы манарха Станіслава.
Там гэтакі быў баль, якога слава
Ў Літве паўсюль й цяпер жыве ў сялянскай казцы.
Што вычытае Войскі, па яго указцы
У момант кухары умелыя рыхтуюць.
Кіпіць работа, пяцьдзесят нажоў шаткуюць.
А кухцікі уюцца, нібы чэрці ў пекле:
Той дровы носіць, той гаршкі, там штосьці секлі,
Лілі ў катлы і на патэльні; дым клубіцца,
Бо нехта з мехам-паддувалам мітусіцца.
А Войскі, каб у печы полымя не згасла,
Сказаў узліць на дровы топленага масла
(Дазволен гэткі збытак у багатым дому).
Пільнуюць кухцікі агню, забыўшы стому,
Другія на ражнах пякуць кускі дзічыны —
Казляціны, аленіны або ласіны.
Там птушкі скубленай уецца пух лятучы,
Ляжаць курэй, гусей, глушцоў, цяцерак кучы.
Курэй было не многа, бо ад той выправы,
Якую ў час наезду Сак зрабіў крывавы
На птушнікі, з былога Зосі валадарства
Не засталося птушкі нават на лякарства,
І не паспела птаства вырасціць нанова
Багатае курмі калісьці Сапліцова.
І так вялікі мяса маецца дастатак,
Сабранага ў двары і звезенага з ятак,
І з лесу, і з суседства, і адкуль трапляла.
Сказаў бы, малака ад птушак не хапала.
Дзве рэчы ў тым банкеце вінны спалучацца
З загаду панскага: дастатак і мастацтва.
Ўзыходзіў ясны дзень святой Мадонны кветнай
Цудоўнаю бясконца раніцаю летняй,
Дзе неба чыстае над соннаю зямлёю
Вісела сінім морам, поўным супакою.
Зор колькі свеціць, як жамчужыны, няярка,
А збоку адзінокая праходзіць хмарка
I, летучы, ў блакіце крылле акунае,
Якое нам анёла ўраз напамінае
Таго, што, на зямлі малітвай прытрыманы,
Спяшаецца цяпер у свой палац туманны.
Ужо на дне нябёсаў перлы зор здрабнелі
І згаслі. Вось чало нябёс яснее ў белі
І правы бок яго ляжыць на мяккіх ценях,
А левы ружавее ў сонечных праменнях,
І круг, нібы павека, ўзносіцца шырока,
А там бялок віднее дзесьці ў цэнтры вока
І зрэнка-радуга. А вось прамень узбліснуў,
Па небе кругльм дзённае святло праціснуў
І ў белай хмарцы залатой стралой павіснуў.
На гэты стрэл — дня знак — агнёў пук цэлы рвецца,
Крыжуецца на небе, ясным светам льецца,
І вока сонца ўсходзіць. Зразу сонна, быццам
Стараючыся жмурыцца ці прыпыніцца,
Ў сем колераў гарыць, і неба раз за разам
Крывавіцца ў рубін, залоціцца тапазам,
Яснее і крышталам свеціцца празрыстым,
Пасля агнём гарыць, блішчыць брыльянтам чыстым
I ўрэшце ззяе зоркай велічнай бясконца —
Вось так самотнае ішло па небе сонца.
Народ літоўскі сёння зрання мітусіцца,
Сабраўшыся з вакольных сёл каля капліцы,
Як быццам для якога цуду аб’яўлення.
Сабраліся сяляне часткай для малення,
А часткаю таму, што ўсіх цікавасць брала
Пабачыць войска, афіцэраў, генералаў —
Тых слаўных камандзіраў нашых легіёнаў.
Якіх народ любіў і памятаў імёны,
Якіх блуканні, бітвы, страты і ўсе справы
Былі евангеллем літоўскім, кнігай славы.
Снуюць вакол салдаты, ходзяць афіцэры;
Народ ледзь можа даць вачам уласным веры,
Што бачыць землякоў у вопратцы вайсковай,
Узброеных і з польскай выпраўкай і мовай.
Ішла імша. Не змесціць дробная капліца
Усіх, дык большасць звонку грамадой цясніцца,
Глядзяць на дзверы ўсе, адкрыты ўсе галовы,
І волас літвіноў жаўтавы ці сталёвы
Залоціцца, як быццам жыта на палетку.
Галоўкі баб, дзяўчат цвітуць між імі зрэдку,
Прыбраныя ў шматфарбных каснікоў палосы,
Ў жывыя кветкі, паўплятаныя у косы,
І так мігцяць, бы ў збожжы васількі, куколі.
Натоўп шматколерны ўкрывае густа поле,
І на званочак серабрысты, гаманлівы
Галовы гнуцца, як ад ветру колас нівы.
Сялянкі сёння к Багародзіцы алтару
Нясуць снапочкі свежых зёлак на ахвяру.
Усё прыбрана кветкамі, дык зеляніцца
Алтар, абраз, а нават ганак і званіца.
А калі ранні ветрык, дзьмухнуўшы з усходу,
Вянкі сарве і кіне на натоўп народу,
То льюцца вокал пахі ладана і мёду.
Пасля імшы ў касцёле і пасля казання
З’явіўся правадыр народнага сабрання —
Пан Падкаморы, выбраны на пору гэту
Маршалкам дэлегацыі ўсяго павету [60] У Літве з уступленнем французскіх і польскіх войскаў былі арганізаваны па ваяводствах канфедэрацыі і выбраны дэлегаты ў сейм.
.
Быў ён у жупане, скрозь золатам расшытым,
І ў кунтушы з махром ядвабным. Пояс літы
Блішчэў над шабляй з рукаяткай лускаватай,
Пад шыяй ззяў брыльянт на зашчапцы багатай.
Канфедэратка белая, на ёй пук цэлы
Прыгожых рэдкасных чубоў ад чаплі белай.
(А гэткі кутасок чапляюць толькі ў свята,
Бо пёрку кожнаму цана не менш дуката.)
Вось так прыбраны, стаў на ўзгорку ля касцёла,
Салдаты і сяляне сціснуліся ў кола,
А ён прамовіў:
«Аб’явіў нам ксёндз з амбоны,
Што кесар дараваў, па прыкладу Кароны,
Свабоду Княжаству Літоўскаму. Вы чулі,
Што ўлады новую работу разгарнулі,
Агульны сейм збярэцца хутка ўжо ў сталіцы.
Я толькі коратка хацеў бы запыніцца
На справе, што датычыцца сям’і Сапліцаў,
Паноў тутэйшых.