Уладзіслаў Ахроменка, Максім Клімковіч
Янкі, альбо Астатні наезд на Літве
Факты і падзеі, выкладзеныя ў кнізе, цалкам прыдуманыя аўтарамі, чаго не скажаш пра некаторыя рэаліі жыцця Крэсаў Усходніх. Усе выпадковыя супадзенні – недарэчнасці, а недарэчнасці – ненаўмысныя.
кінараман-фарс
© Уладзіслаў Ахроменка, 2007
© Максім Клімковіч, 2007
© Медысонт, 2007
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016
Янка Лабановіч– былы школьны настаўнік, аматар більярднага кія і чаркі, нефармальны лідэр усіх янак, беларускі буржуазны нацыяналіст;
Іван (Янка) Брыль– каваль-асілак, местачковы баксёр, сябра Янкі Лабановіча, беларускі буржуазны нацыяналіст;
Янкель (Янка) Фінберг– скрыпач, сябра Янкі Лабановіча, беларускі буржуазны нацыяналіст;
Аянька (Янка) Кільмандовіч– ліцвінскі татарын, харунжы Гарадзенскага Уланскага палка, сябра Янкі Лабановіча, беларускі буржуазны нацыяналіст;
Ісабэль Карвальес – артыстка бадзяжнай цыркавой трупы, паглынальніца шваек, сяброўка Янкі Лабановіча, беларуская буржуазная нацыяналістка;
Хросны– лідэр беларускай мафіёзнай групоўкі “Тутэйшыя” ў Чыкага, беларускі буржуазны нацыяналіст і дасведчаны гангстэр;
Карла Спагеці – легат італьянскай мафіёзнай групоўкі “Сіцылійская вячэра” ў Крэсах Усходніх Рэчы Паспалітай, вельмі аўтарытэтны крымінальнік;
Эмілія Вастрабрамская – інтэлігентка-адраджэнка;
Віктар Янукевіч– вораг-жандар з аховы канцлагера Бяроза-Картузская, амаральны мудзіла;
Таварыш Пранік– камандзір падпольнай чакісцкай групоўкі тэрарыстаў “Халодная галава”, мудзіла;
Шалёнас Халерас– ліетувас шавіністас, лідэр канкурэнтнай тэрарыстычнай групоўкі “Лабусы”, жмудзілас;
Таварыш Баян — актыўны сябра чакісцкай тэрарыстычнай групоўкі “Халодная галава”, мудзіла;
Кіроўца браніраванага “Пакарда” – ягоны сябра і паплечнік, такі ж мудзіла;
Геносэ Юзік — вусаты дзядзька на ровары;
Таварыш Адзік — другі вусаты дзядзька на ровары;
Дзядзька Сэм — акула Уол-стрыта;
Навум Фабрыкант – бізнесовец;
Моўша і Гірша– вучні Навума Фабрыканта;
Маленькі Сруль (Ісраэль) – пляменнік і вучань Навума Фабрыканта;
Мікола Хапернік– адстаўны генерал Дэфензівы, астраном-аматар, прыхаваны парнаграфіст;
Соф’я Уласеўна Мурашова – руская графіня, удава генерал-губернатара;
Беларусачка– дзяўчынка ў васільковым вяночку;
Манамах – маскальскі папуга;
Стасік і Чэсік – тутэйшыя бабры;
Дупа яе была вабная. Янка Лабановіч зірнуў на яе і зразумеў: гэта лёс.
Бездакорныя клубы дрыготка адгукаліся на кожны рух. Тонкая вертыкальная лінія нябачным люстэркам падзяляла клубы на сіметрычныя паловы-адбіткі. Ядвабная чорная радзімка, што амаль схавалася між імі, замілоўвала позірк і п’яніла розум.
Але самым цудоўным быў колер клубоў – шляхетна-шакаладны, рыхтык, ранішняя кава ў філіжанцы пана пробашча.
Маладзён ніколі раней не сузіраў падобнай прыгажосці. Колькі хвілін ён паміраў у шчасці, а калі пераканаўся, што перад ім не мроя, вымавіў зачаравана і ўрачыста:
– Дупа…
– Як бульба, што ў нас у Яблонаўшчыне пражаць, – пачулася згоднае каля самага вуха. І тут да назіральніка дайшло: на жаль, не толькі ён цешыў вока цудам нетутэйшай прыроды. Яшчэ трое маладзёнаў уважліва ўглядаліся ў бездакорныя формы.
Сябры, як заўжды, былі поруч. Але ж гэтым разам – абсалютна недарэчна.
Аянька Кільмандовіч забыўся на ўлюбёную шаблю, што пагойдвалася на залачонай падвязцы і аберуч учапіўся ў конскую грыву. Янкель Фінберг апусціў скрыпачку і задумліва пачухаў смыком за вухам. А Ванька Брыль нават не заўважыў, як пераламіўся цвік у яго дужых пальцах.
– Як той пробашч казаў, Фата-Маргана, – размілавана прамовіў Янка і змоўк.
Рыпнулі дзверы. У пакой шпарка ўвайшла мнішка-кармелітка і недарэчнай заслонай паўстала паміж цікаўнымі маладзёнамі і шакаладнай дупай:
– Панна магла б і сама надзець майткі, ужо дарослая.
Бялюткія, як калядны снег, майткі слізганулі па шчыгрынавых сцёгнах маленькай мулаткі. Сукенка схавала гладкія калені. Кармелітка падхапіла эмаліраваны гаршчок з надпісам “Szkoła Podstawowa”.
Читать дальше