– Хросны! – даляцела з люку. – Манометр ужо на дванаццаці! Чырвоную рыску перайшоў!
– Ёсць яшчэ час, – кінуў Хросны і пытальна зірнуў на Карла Спагеці.
Сівы сіцыліец засяроджана раскладаў на даху гранаты, падобныя да пукатых пляшак. Беларускі мафіёзі перажагнаўся гранатай па-каталіцку, пацалаваў зброю і кінуў у доўгі паліцэйскі “Плімут”, на якім прыбыла новая порцыя копаў. Легкавік падскочыў і кульнуўся на бок.
– Ave Maria! – узрадаваўся сіцыліец.
– Матка Боска Вастрабрамска! – па сітуацыі азваўся Хросны. – Ды каталік я, каталік, беларус з-пад Гародні.
– Sicilia, Palermo, – назваў сваю Радзіму сіньёр Спагеці.
– Карацей, ты з Заходу, я з Усходу, – падвёў лагічную рысу кулямётчык.
Знянацку з люку пацягнула не толькі порахам, алі і падазрона густым водарам падгарэлай брагі.
– Хлопцы, тэрмінова сыходзьце сутарэннямі! – гаркнуў у люк беларускі мафіёзі і падхапіў Спагеці. – За мной!
А нахабныя копы ўжо забягалі ў стадолу, стралялі наўздагон беларусам і сіцылійцам, якія па адным порстка знікалі ў сутарэннях.
Гіганцкі самагонны апарат злавесна чырванеў перагрэтай меддзю. З ціхай пагрозай сычэла сінім агнём газавая фаерка. Булькацела загусцелая брага. Стрэлка манометра ўжо даўно мінула кантрольную чырвоную рыску і паказвала на масянджовую шыльдачку “General Electric”. Грукнуў люк, і павевам скразняка са сцяны сарвала, вынесла ў высаджанае акно каляндар з Божай Маці Вастрабрамскай. У шкляных вачах копаў адбіўся чорны надпіс “WANTED!”
Жахлівая выбуховая хваля скаланула старыя бойні ад падмуркаў да даху. Шматкі апарата разнесліся па стадоле, нібы шрапнель. З жалобным ценьканнем заваліўся штабель скрыняў. Вогненная хваля бураковага самагону імгненна адрэзала копам шлях да дзвярэй і вокнаў. Жывыя паходні бязладна кідаліся, матлялі рукамі, качаліся на падлозе між ацалелых самагонных апаратаў.
Тым часам Хросны, Спагеці і падлетак-верабей таропка спускаліся гулкімі пажарнымі сходамі, што строгім геаметрычным зігзагам раскрэслівалі глухую сцяну бакавога фасада старых бойняў. – Ну што, мудзіла, скаштаваў? – пачулася з-за расстралянага паліцэйскага “Пакарда”.
Каля прабітай кулямі дзвёркі стаяў блюзнер са скрываўленай бейсбольнай бітай у руках і пераможна паглядаў на мерцвяка ў чорным мундзіры, які пяліў нязрушныя зенкі ў васільковае чыкагскае неба. Прахалодны ветрык з Мічыган-Возера пяшчотна варушыў кароткую фрызуру нябожчыка.
– Сямён, а ты чаму разам з усімі сутарэннямі не сыйшоў? – здзівіўся Хросны.
– Дык гэта… цікава ж! – дурнавата пасміхнуўся блюзнер, – дзядзька Хросны, а нябожчык – рыхтык вы!
– Не плявузгай, сурочыш, – сувора перапыніў беларускі мафіёзі, задуменна пачухаў патыліцу і глянуў на Спагеці. – Ані табе Карла, ані мне ў гэтай паскуднай Амерыцы больш разгарнуцца не дадуць, – Хросны ўважліва разглядаў дакументы забітага копа. – Халера, ты ж шэрыфа – самаго Сміта-Весона коцнуў!
– Si, – сціпла прызнаўся Спагеці, зняў “барсаліну” і перажагнаўся.
Старэчыя вусны варушыліся, бязгучная малітва скончылася кароткім, як стрэл, “Amen”.
– Люксовыя нумары ў “Сінг-Сінгу” і электрычны фатэль для нас, лічы, падрыхтаваныя. Куды падашся цяпер, Карла? На Захад, ці на Ўсход? – Хросны цярпліва дачакаўся, калі капялюш зноў прыкрые сівы голаў.
Спагеці крыва пасміхнуўся, знізаў плячыма, зняў з сябе залаты абразок з выявай святога Януара – апекуна злодзеяў з махлярамі, і шляхетным жэстам спрэзентаваў Хроснаму. Гэта азначала, што ён – Карла Вінцэнта Марыя Спагеці, прафесійны мафіёзі ў семнаццатым пакаленні, з гэтага моманту – названы брат беларускага бутлегера, патомнага майстра па выганцы моцных трункаў.
– А вось я, дзядзька Хросны, у Злучаных Штатах застаюся! – без ваганняў вырашыў блюзнер Сямён і гучна каўтнуў сліну. – Амерыка – краіна незлічоных магчымасцяў. Любая басота-галота мае шанцы стаць міліярдэрам, акулай Уол-стрыта ці хаця б якім-небудзь кангрэсменам. Паглядзіце на Ракфелера…
– Ты, Сямён, на сябе паглядзі! – з дакорам прапанаваў Хросны…
Наступным днём усе чыкагскія газеты выйшлі з кідкімі загалоўкамі: “Гангстэр Карла Спагеці з мафіёзнай групоўкі “Сіцылійская вячэра” застрэліў шэрыфа Джона Сміта-Весона!”, “Чыкагская паліцыя зліквідавала бутлегерскую сетку “Тутэйшыя!”, “Сяржант Нік Джонсан застрэліў гангстэра Піта Пратасеню па мянушцы Бімбер!”, “Яшчэ дзесяць паліцыянтаў згарэлі жыўцом!”
Тым часам адзін з галоўных герояў газетных рэпартажаў ужо сядзеў у шэзлонгу на палубе трансакіянскага лайнера “Нармандыя”, што кіраваўся ў Стары Свет. На яго шыі побач з крыжыкам зіхцеў залаты абразок са Святым Януарам. Праз саломінку Хросны пацягваў зафарбаваны апельсінавым сокам пярвак і раўнадушна сузіраў, як хмарачосы Манхэтэна знікаюць за даляглядам.
Читать дальше